Абыдзённы рытуал. Абыдзённыя тканіны і крыжы
Абыдзённы рытуал — выраб тканіны з лёну ад пачатку і да канца (ад прадзення нітак да выткання яе на кроснах) цягам рытуальнага часу — ад усходу да захаду сонца ці ноччу — ад захаду да ўсходу, а таксама выраб і ўсталяванне абыдзённых крыжоў. Рытуал адносіцца да найархаічных звычаяў традыцыйнай культуры беларусаў. Галоўнымі прычынамі, якія выклікалі абыдзённы рытуал, былі эпідэміі, эпізаотыіі, засуха, вайна, і ён быў скіраваны на іх магічнае пераадоленне. Актуалізацыя старажытнага рытуалу адбывалася ў найбольш крызісныя моманты, якія пагражалі існаванню вясковага соцыуму ці пры небяспецы для жыцця членаў адной сям’і/роду.
Храналагічнай межай існавання рытуалу на Беларусі з’яўляецца перыяд Другой сусветнай вайны, калі да яго як сродку пазбаўлення вёскі ад пагрозы знішчэння нямецкімі акупантамі, абярэгу тых, хто ваяваў у дзеючай арміі, масава звярталіся ў беларускіх вёсках. У вёсках і цяпер жывуць жанчыны, якія ў дзяцінстве ўдзельнічалі ў рытуале, і тыя, хто памятае аб ім з расказаў старэйшых жанчын. Сведчанні аб рытуале, якія яшчэ магчыма сабраць, з’яўляюцца вельмі каштоўнымі для вывучэння семантыкі і функцый архаічнага абыдзённага рытуалу, а таксама маюць вартасць дакументаў вуснай гісторыі.
Далей