Кшыштаф ГЕРАЛТОЎСКІ: “Мяне цікавіць не твар — характар"
Убачыць партрэты пана Гералтоўскага — гэта, па меншай меры, патрапіць у галерэю яскравых і запамінальных вобразаў, а па вялікім рахунку — на карнавал, дзе кожнага можна пазнаць, але — і трошкі падмануцца. Наша вока, нібыта святло фотаўспышкі, выхоплівае на партрэце вочы, рукі, постаць і — стварае маляўнічае аблічча Персоны. Станіслаў Лем, Славамір Мрожэк, Кшыштаф Кясьлеўскі — знакавыя фігуры польскай культуры ўзнікаюць перад намі спакваля, нечакана: у гульні колераў, святла і ценю, у сваім экспрэсіўным і адначасова існым абліччы, — і праз хвіліну забыцца на партрэт ужо немагчыма.
Фотапартрэты Гералтоўскага — гэта святложывапіс, тэатр, гісторыя ў людзях, гісторыя Польшчы. А што ж сам аўтар? Падчас візіту ў Мінск пан Гералтоўскі скарыў усіх, “заразіўшы” святочным настроем. Бадзёры, дасціпны, праніклівы, фатограф з ахвотаю дзяліўся з кожным цікаўным гісторыямі партрэтаў і сваімі сакрэтамі. “Насамрэч, я нічога такога не раблю, — паціскаў ён плячыма, — стаўлю святло, запрашаю чалавека — і нешта такое вось атрымліваецца”. Што яшчэ можна дадаць?