Тэатр пачынаецца з... майстэрні
Седзячы ў глядацкім крэсле і атрымліваючы асалоду ад відовішчнага спектакля альбо танцавальнага нумара, мы рэдка задумваемся аб тым, якіх намаганняў каштавала яго стварэнне. Работнікі УП “Тэатральныя майстэрні” глядзяць на сцэну зусім іншымі вачыма. У іх увогуле ёсць дадатковы стымул наведваць культурныя імпрэзы – каб убачыць плён сваіх высілкаў ужо ў дзеянні. І зразумець, што многія гадзіны і дні іх карпатлівай працы не былі марнымі, стаўшы важным узнёскам у паўстанне маштабнага мастацкага твора. Слухаючы аповед дырэктара “Тэатральных майстэрань” Святланы Таньковай пра амаль шасцідесяцігадовую іх гісторыю, разумееш, што з ёю звязана і гісторыя тэатральнага і музычнага жыцця Беларусі паваеннага часу. Толькі пералік творцаў, якія былі “кліентамі” “Майстэрань”, паўтарае спіс амаль усіх знакавых беларускіх артыстаў. Пясняр Уладзімір Мулявін, які прагнуў дасканаласці нават у дробязях, аддаваў перавагу менавіта “Майстэрням”, ніколі не сквапячыся на словы шчырай падзякі іх работнікам. Тут былі выраблены і ўсе касцюмы для фільма “Анастасія Слуцкая”.
– Толькі для нашых оперы і балета мы “апранулі” каля двухсот спектакляў! – распавядае начальнік цэха “Майстэрань” Ларыса МЕЛЬНІК, якая працуе тут вось ужо 43 гады. – А –уявіце сабе – для такіх опер, як “Барыс Гадуноў” альбо “Хаваншчына”, трэба пашыць пад 500 касцюмаў!
Далей