Уладзімір Шэлестаў. Непадобны да самога сябе
Адзін з найбольш папулярных акцёраў Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага Уладзімір Шэлестаў працуе на знакамітых падмостках ужо трыццаць трэці год. Сёлета адзначыў шасцідзесяцігоддзе. Цягам паўнавартаснага творчага жыцця перайграў такую колькасць роляў, што сучасны Рускі тэатр без яго наўрад ці можна ўявіць. Амплуа сацыяльнага героя. Удзел Шэлестава ў спектаклі -- гэта, бадай што, факт інтэлектуальнай прысутнасці, высокай мастакоўскай загартоўкі. Тонкія псіхалагічныя нюансы ў характарах персанажаў як трымценне напятай струны. Нечаканыя зместавыя павароты роляў -- плён здатнасці да парадаксальнага мыслення. Акцёру вельмі важна штовечар весці дыялог з глядзельнай залай. Ягоныя героі заўзята абвяргаюць састарэлыя ісціны і абавязкова пацвярджаюць класічныя маральныя пастулаты. Нават выконваючы ролі адмоўных персанажаў, якія актыўна раздражняюць уласнай дробязнасцю і зацятасцю, ён здатны даказваць -- ад процілеглага -- жыццёвую неабходнасць чалавечай дабрыні. Уласна кажучы, акцёрская асаблівасць Шэлестава -- у здольнасці праз ролі ўзняць чалавечую годнасць да ўпэўненай вышыні. Са сцэны ён звычайна звяртаецца да простых людзей, якіх у глядзельнай зале большасць. А значыць, можна разважаць пра універсальны акцёрскі дар, падмацаваны мяккай сумленнасцю і палкай эмацыйнасцю. Гэта пацвярджаецца сыгранымі цягам жыцця ролямі, сярод якіх: Освальд («Здані» Г.Ібсена), Джэк («Усё ў садзе» Э.Олбі), Эліэйзера («Цяжкія людзі, або Жаніх з Іерусаліма» І.Бар-Іосефа), Слава («Улюбёнцы лёсу» А.Паповай), Паўлін, Клешч («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Беркутаў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Напалеон («Ад’ютант-ша Яго Вялікасці» І.Губача). Асаблівая старонка ягонай творчасці -- праца над монаспектаклямі. Надзвычай уражваюць у ягоным выкананні «Рахманая» паводле Ф.Дастаеўскага, «Нобіль -- барвяны ўладар» паводле аповесці «Сівая легенда» У.Караткевіча, «Камедыя пра Барыса Гадунова і Грышку Атрэп’ева» паводле А.Пушкіна.