Оскарас Каршуновас: Цяжка быць богам...
Цягам многіх дзесяцігоддзяў тэатр у Літве ўпэўнена займае асаблівае месца ў нішы духоўнага жыцця. Тут здаўна працуюць творчыя асобы, дзякуючы якім Літву пазнаюць у свеце. Нягледзячы на ўсе гістарычныя буры і цяжкасці пераходных перыядаў, сапраўдных мастакоў у літоўскім тэатры не паменела. Беларускай публіцы гэтыя імёны вядомыя. Толькі за апошні час мінскім гледачам былі прадстаўлены інтэрпрэтацыі «Трох сясцёр» -- Э.Някрошусам, «Маскараду» -- Р.Тумінасам, «Дзядзькі Вані» і «Макбета» -- А.Латэнасам. На ІІ Міжнародным тэатральным фестывалі «Панарама» з вялікім поспехам прайшоў спектакль «Рамэо і Джульета» у пастаноўцы О.Каршуноваса.
Оскарас Каршуновас, сапраўдны маг тэатра (хоць яму толькі 38!), здаецца, больш папулярны сёння ў Літве, чым рок-зоркі. І цалкам адпавядае сентэнцыі свайго настаўніка Й.Вайткуса, які сказаў, што мастакамі становяцца тады, калі «капаюць ямы» сваім настаўнікам. А новае ў тэатры з’яўляецца, калі адмаўляецца тое, што было важным некалі.
Увосень 2004 года тэатр О.Каршуноваса -- на той час ОКТ -- ініцыяваў і правёў буйны міжнародны фестываль «Сірэны», так што пачалі мы з тэмы фестывальнай.