Барыс Герлаван. Чалавек уяўнай прасторы
Уражальная сцэнічная прастора Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы сёння непадзельна належыць Барысу Герлавану. Ён -- галоўны сцэнограф краіны. І гэта настолькі відавочны факт, што наўрад ці хто-небудзь захоча яго аспрэчыць.
Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, галоўны мастак Купалаўскага тэатра працуе на першых падмостках краіны вось ужо 45 гадоў. Прыдумаў сцэнаграфію амаль што сотні спектакляў. Барыс Федасеевіч -- уладар. Стварае і ўладкоўвае прастору ў межах знаёмага да кожнага кубічнага сантыметра чорнага кабінета. Будуе новы свет адпаведна сваім мастакоўскім уяўленням. Вынаходзіць мікракосм для ўяўных персанажаў, якіх купалаўскія акцёры надзяляюць плоццю і душой.
Сярод яго спектакляў «Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта, «Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Радавыя» А.Дударава, «Бура» У.Шэкспіра, «Мудрамер» М.Матукоўскага, «Трыбунал» А.Макаёнка, «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Чычыкаў» паводле М.Гогаля... Згадваю самыя знакамітыя, бо ўсіх не пералічыш.
У Беларускай акадэміі мастацтваў майстра стварыў сваю сцэнаграфічную школу. Ягоныя вучні заяўляюць пра сябе ярка і таленавіта. Сцэнаграфічны почырк -- адметны. Безумоўна, ад прафесара Герлавана.
Дарэчы, ягоная майстэрня знаходзіцца на самым высокім паверсе Купалаўскага тэатра. Там утульна і цёпла, заўсёды кава, самы смачны ў горадзе чай і самыя салодкія цукеркі. Але так сталася, што на свой тэатр Барыс Федасеевіч паглядае нібыта крышачку зверху. Сярод купалаўцаў карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам. Без ягонай згоды не вырашаецца ніводнае творчае пытанне. Герлавана не тое што пабойваюцца -- яму ніколі не пярэчаць.