Алег Залётнеў. Трыццаць тры такты
Кампазітар найперш уяўляецца чалавекам «не ад гэтага свету». Лунае, так бы мовіць, у аблоках, бачыць нябачнае, чуе нячутнае, грае на струнах дажджу.
Кампазітар Алег Залётнеў выдатна рамантуе разеткі, выключальнікі, таршэры і настольныя лямпы. Цягам доўгага знаёмства гэта сталася свайго кшталту рытуалам: «А чаму тут святло не гарыць? -- (пытанне задаецца ледзь не з парога). -- Адвёртка знойдзецца?»
Зрэшты, такую любоў да спраўнага электраабсталявання можна было б патлумачыць узнёсла: лямпачка -- усё ж які-ніякі заменнік сонца. Аднак водаправодныя краны, з якіх капае, кампазітар таксама выяўляе імгненна, пасля чаго просіць ужо не адвёртку, а пласкагубцы. І засмучаецца, калі іх у гаспадарцы няма. І абвяргае тым самым тэзіс наконт лунання ў аблоках.
Ён увогуле шмат што ўмее рабіць рукамі, а ў ягонай працоўнай кніжцы ёсць нават такі запіс, датаваны 1993-м годам: «сталяр 3-га разраду» (час быў цяжкі, трэба было карміць сям’ю).
Пры ўсім гэтым у яго няма хобі. Хобі, лічыць ён, -- адзнака пэўнай неадпаведнасці, нейкага ўнутранага канфлікту, калі чалавек займаецца не тым (або не зусім тым), да чаго закліканы.
Ведаючы Алега Барысавіча яшчэ з ягоных кансерваторскіх часоў, сведчу: з ім можна добра пагаманіць на самыя розныя побытавыя тэмы, атрымаўшы пры гэтым і карысныя парады, і рэальную дапамогу, -- але размова ў рэшце рэшт абавязкова скіруецца (будзе ім скіравана) у музычнае рэчышча. Гэта непазбежна, як надыход раніцы. І натуральна, як спеў шпака.
Не, Алег Залётнеў не «апантаны музыкай» -- ці не ў кожнай апантанасці можна згледзець або знарочыстасць, або адценне вар’яцтва. Ён -- «ад гэтага свету», абсалютна нармальны, нічога з сябе не строіць, а музыкай жыве -- насамрэч.