Уладзімір Зінкевіч. Мастацтва -- не рынкавая машына
Яго карціны нагадваюць сны з іх мройнай недакладнасцю, фрагментарнай размытасцю, але з жывым ясным бачаннем дэталей, праз якія ўгадваюцца рэальныя падзеі. Вобразы палотнаў шматузроўневыя і эмацыянальна насычаныя. Яны -- вынік парадаксальных разваг і складаных асацыяцый, частка прыадкрытага для гледача ўнутранага свету мастака.
Уладзімір Зінкевіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва БДАМ, больш вядомы ў нашай краіне і за яе межамі сваімі станковымі жывапіснымі работамі. У яго карцінах няма сюжэтаў, якія лёгка расшыфраваць, просталінейных тэм, канкрэтнасці партрэтнага жывапісу. Тут усё -- бясконцае супастаўленне пачуццяў і інтэлекту, вобразаў непадуладнай свядомасці і лагічных высноў. Гэта гульня, якая ніколі не страчвае сэнсу і не абмяжоўваецца адным палатном. Работы мастака нібы сатканы з алагізмаў: глухі жывапісны фон дае ілюзію цвёрдасці і непарушнасці, а накладзеныя на яго карункі вытанчанай жывапіснай тканіны ствараюць уражанне крохкасці. Фігуры, твары, прадметы без прасторы і паветра падкрэсліваюць адчужанасць дзеяння ад рэальнага жыцця. Палотны У.Зінкевіча -- бадай што містыфікацыя існуючага свету, магчымасць адначасова прыадкрыць свой унутраны свет і схаваць яго.
Сам мастак не любіць тлумачыць уласныя творы і лічыць, што дасведчаны крытык і ўдумлівы глядач з лёгкасцю разгадае іх таямніцу.