Уладзімір Мішчанчук. Вучыць хадзіць і … лятаць
Сярод шматлікай акцёрскай браціі відавочна існуюць асобы, да якіх прафесія нібы прырастае. Быццам у прынцыпе яны неадлучныя ад тэатра. Гэта выразна выяўляецца ў ледзь перабольшаных рухах і жэстах, якія падкрэсліваюць кожнае слова; ва ўзбуйненай міміцы, што адмыслова афарбоўвае кожную фразу. Здаецца, такія акцёры няздатныя да інтымнай гаворкі твар у твар -- ім абавязкова патрэбны аўдыторыя і адлегласць ад суразмоўцы. Калі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мішчанчук ляціць па калідорах акадэміі, мімаходам вітаючы ўсіх усмешкамі і шырокімі жэстамі, робіцца зразумела, што ролі, якіх ён за сваё жыццё перайграў вялікую колькасць на розных сцэнічных пляцоўках, ягоную прыродную патрэбу ў відачынстве не задаволілі. Дый на сцэне ён неўтаймоўны ў выразных акцёрскіх праявах, усе прапанаваныя ім нюансы ніколі не паспяваеш адсочваць. Затое атрымліваеш асалоду. Заўсёды цікава, калі акцёрства б’е цераз край. Уладзімір Мішчанчук не проста выдатны акцёр, на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў ён -- дэкан тэатральнага факультэта. Пасада адказная і паважная. Міжволі думаеш: што ў ім пераважае -- творца ці адміністратар? Як свабодная і палётная натура спалучаецца з ментарствам і адміністраваннем? Зрэшты, не толькі пра гэта была наша гаворка.