МАЙ ДАНЦЫГ. МЫСЛІЦЬ КОЛЕРАМ
Пасля заканчэння Маскоўскага мастацкага інстытута імя Васіля Сурыкава малады жывапісец Май Данцыг выставіў у Мінску вялізную — тры на чатыры метры — карціну з выявай гронкі бэзу. Не куста, не букета — менавіта гронкі. Карціна ўражвала неверагодным буяннем фарбаў, яскравай вясновай прыгажосцю. Гэта здзіўляла і зачароўвала. Яркія, экспрэсіўныя, буйныя (мастак заўжды меў схільнасць да вялікіх памераў), амаль манументальныя кампазіцыі, перспектывы мінскіх плошчаў, рэпартажы з новабудоўляў, імпазантныя партрэты і сёння выклікаюць цікавасць даследчыкаў і гледачоў.