АЛЯКСАНДР АНІСІМАЎ: ПРОСТА ЗОРКА
Тэатры і аркестры, з якімі супрацоўнічаў і супрацоўнічае Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў, — а яны належаць самым розным краінам Усходняй і Заходняй Еўропы, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі і нават Аўстраліі, — выклікаюць павагу. Мала хто з дзеячаў беларускай музычнай культуры карыстаецца такім поспехам — без перабольшання! — ва ўсім свеце. Мала хто зрабіў такую яркую, бясспрэчную, маштабную міжнародную кар’еру.
У тэатральных кулуарах неаднойчы даводзілася чуць, як Анісімава называлі «лятучым галандцам». Хтосьці вымаўляе гэтыя словы
з захапленнем, хтосьці — з іроніяй, але ўсе аддаюць належнае яго імклівасці, нястомнай празе ўсё новых і новых творчых уражанняў.
Як жа ён выглядае зблізку — легендарны дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, неаднаразовы лаўрэат прэстыжнай тэатральнай прэміі «Залатая маска»?
Чым заклапочаны, з якой нагоды радуецца, пра што думае, якія планы строіць?