Прэстыж нацыянальнай опернай школы. Оперны спявак -- тэатр -- глядач… У гэтай неабсяжнай прасторы я вылучыла б некалькі аспектаў. Найперш -- беларускі кампазітар і тэатр.
...Аднойчы вярталіся з фестывалю ў Расіі. Ехалі ў цягніку разам з вядомым артыстам Коласаўскага тэатра. І ён кажа:
-- Я прыходжу на оперны спектакль, каб паслухаць музыку. Але заплюшчваю вочы, каб не бачыць, што робіцца на сцэне...
-- Паслухай, ты ходзіш не па адрасе! Каб слухаць музыку, трэба ў філармонію! Тады і вочы заплюшчваць не давядзецца...
-- Але на вас глядзець немагчыма! Вы на сцэне -- непаваротлівыя мяхі...
«Каб дасягнуць поспеху, спявачка павінна мець твар Венеры, розум Мінервы, вытанчанасць Тэрпсіхоры, постаць Юноны і скуру насарога», -- сцвярджала некалі амерыканская актрыса Этэль Барымор. Апошні пункт, напэўна, спрэчны, але тое, што спявачка павінна мець цвёрды характар, -- неабвержаная ісціна. Неаднойчы пераконвалася ў гэтым на працягу свайго творчага жыцця.
Опера як жанр нарадзілася ў асяроддзі інтэлектуалаў. На пачатку і ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Еўропе адбыўся сапраўдны оперны бум. Было вельмі прэстыжна мець уласную оперную трупу. У XVIII стагоддзі толькі ў Мілане працавала 90 (!) оперных тэатраў. Вядома, не ўсе ўзроўню «Ла Скала», існавалі і невялікія трупы, але лічба -- уражвае…
Опера валодае невычэрпнай энергіяй, магіяй, яна вабіць, прыцягвае, у ёй адлюстроўваюцца актуальныя запыты часу і творчасці, духоўныя запатрабаванні грамадства. Ва ўсе гістарычныя перыяды опернае мастацтва выклікала гарачыя спрэчкі. Не выключэнне і сённяшні час, калі нацыянальная опера перажывае даволі складаны перыяд.
Маё глыбокае перакананне: опера -- гэта найперш тэатр. А не канцэрт у касцюмах. У эпоху бурнага развіцця візуальных мастацтваў нельга адмаўляцца ад тых сродкаў і магчымасцей, якія вельмі моцна ўздзейнічаюць на гледача. Таму як рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра я імкнуся, каб удзельнікі опернага спектакля валодалі якасцямі драматычных акцёраў.