“Перагледзеўшы яшчэ ўсе малюнкі я не змог адарвацца ад іх…”
Якімі словамі мы скарыстаемся, каб распавесці іншаземцу пра Беларусь? Так, дастаткова вымавіць у шматмоўнай грамадзе “Скарына”, “Шагал”, “Песняры”, “бульба”, “МАЗ”, як нас адразу ідэнтыфікуюць: “Вы з Беларусі!”. Але, разам з тым, не пералічыць у нас імёнаў асоб, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, ды здабылі славу іншым дзяржавам. Чаму? Так склаліся гістарычныя абставіны. А тыя постаці (нярэдка сусветнага маштабу) — гонар нашай Бацькаўшчыны. Без клопату пра вяртанне іх імёнаў у кантэкст айчыннай гісторыі немагчыма ўявіць і беларускую нацыю ў ХХІ стагоддзі. Па сёння лічацца беларусы Яўген Майсеенка і Георгій Ніскі — рускімі, ураджэнец Віцебска Марк Шагал — грамадзянінам свету, альбо руска-французскім мастаком... Ураджэнцы Беларусі (тагачаснага Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі) Міхаіл Кікоін, Павел Крэмень, Хаім Суцін, Раман Семашкевіч, Леон Бакст, Уладзіслаў Стржэмінскі, Валенцій Ваньковіч, Фердынанд Рушчыц, Сяргей Заранка, Іван Хруцкі, Генрых Вейсенгоф, Іосіф Аляшкевіч, Фадзей Дмахоўскі, Станіслаў Жукоўскі, Януарый Сухадольскі (спіс адных толькі мастакоў — бясконцы) “прыпісаны” гісторыкамі мастацтва на “пастаяннае месца жыхарства” ў іншыя краіны — галоўным чынам, у Расію, Літву, Польшчу, Францыю... “Культура” з першых дзён пісала пра нашых славутых землякоў, чые імёны здабылі славу сусветнаму мастацтву. Літаральна пра кожнага са згаданых вышэй творцаў і пра сотні іншых асоб выходзілі грунтоўныя артыкулы лепшых аўтараў газеты. У гэтым нумары “Культура” працягвае традыцыю, сфарміраваную цягам амаль двух дзесяцігоддзяў, у рубрыцы, прысвечанай вяртанню імёнаў ураджэнцаў Беларусі. Экспазіцыі пра іх жыццё і справы, лічым, мусяць стаць неад’емнай часткай музеяў тых мясцін, адкуль вядуць свае карані нашы славутыя землякі.
Далей