Пра мядовы настрой, еднасць клубнікаў ды фермера і шпацыр з Песняром
Штосьці мала ў рэдакцыйным партфелі інфармацый з нашых раённых музеяў. Няўжо захавальнікі памяці такія сарамлівыя? І раптам навіна з Брагіна. Мясцовы гістарычны музей з карціннай галерэяй, які апрача сваёй асноўнай навукова-даследчай ды экспазіцыйнай дзейнасці займаецца яшчэ і адмысловымі тэатралізацыямі, рыхтуе чарговую, чацвёртую па ліку, дзею. Яна гэтым разам будзе прысвечана 870-годдзю гарадскога пасёлка. Як паведамляе “К” выконваючая абавязкі кіраўніка ўстановы Надзея Мялешка, наведвальнікі музея ўбачаць тэатральную замалёўку пра міфічных істот: дамавіка, лазніка, вядзьмарку… Прычым расповед пра гэты незвычайны народ будзе весціся на падставе фактаў, сабраных музеем у вёсках раёна. Так што характарыстыкі ў міфічных асоб — вельмі адрасныя. (Аказваецца, асабліва падступныя на Брагіншчыне — вядзьмаркі.) У дзеі будуць браць удзел усе пяць музейных супрацоўнікаў. Нават тыя, хто ў дэкрэтным адпачынку. Вось гэта, я разумею, самаахвярнасць!
Далей