вяртанне імёнаў № 52 / 1178 за 2014-12-27
Як расказаць пра “сваё”…
З аўтабіяграфіі У.Кудрэвіча: “У 1908 г. у Рызе адкрываецца выстаўка прыбалтыйскіх (і не толькі) мастакоў. У экспазіцыі былі прадстаўлены розныя плыні і стылі. Больш за ўсё мяне прывабілі творы Казіміра Малевіча “Дахі”, “Вуліца”, “Раніца”, напісаныя ў духу імпрэсіянізму: празрыстасць святла, яркасць колеру, лёгкасць ды смеласць мазкоў… З таго часу я стаў захапляцца імпрэсіянізмам і наогул французскім мастацтвам, ачышчаным ад цемры і бруду. Мае духоўныя настаўнікі — Поль Сіньяк, Поль Сезан, Альфрэд Сіслей, Агюст Рэнуар, Клод Манэ, потым Альбер Марке. Праз тры гады ў Гомелі я прымкнуў да групы імпрэсіяністаў на чале з Сяргеем Каўроўскім. Потым праз год упершыню трапіў у Маскву, дзе пазнаёміўся з Траццякоўкай і Музеем заходняга мастацтва. З той пары я стаў імпрэсіяністам у пейзажы і працаваў у гэтым кірунку да канца 1920-х гадоў… У сваіх творах імкнуўся адлюстроўваць сваю любімую радзіму Беларусь і перадаваць настрой таго або іншага моманту ў прыродзе. А палотны “Тракт” і “Беларуская вёска” былі станоўча адзначаны ў часопісе “Искусство” (1925 г., № 5)…”
Далей
|
№ 51 / 1177 за 2014-12-20
Як расказаць пра “сваё”…
Убачыць незвычайнае ў звычайным — мабыць, галоўная “фішка” пейзажнай творчасці Раісы Кудрэвіч. Ну вось хоць гэтая ранняя восень з палаючым золатам кляновай лістоты, адбітай у рачной вадзе (“Восень у парку”). Так і бачыш: мастачка імкнулася імгненна схапіць і на вякі захаваць увесь гэты мажор фарбаў. Маленькі кавалачак вялізнага прыгожага свету, кароткі лірычны верш у жывапісе! Сказана ўсяго некалькі “слоў”, але як сказана — з вельмі цёплым пачуццём, з мяккай задушэўнасцю. У палотнах “Зіма ў Астрашыцкім гарадку”, “Вечар у Прылуках”, “Перад навальніцай”, “Адліга” — непасрэднасць і чысціня светаўспрымання, складаны сплаў настрою. І выкананы яны з вялікім жывапісным майстэрствам, з тонкім адчуваннем каларыту. Думаю, што менавіта ў жанры пейзажа Раіса Уладзіміраўна і да сённяшняга дня застаецца ў беларускім жывапісе адной з таленавітых паэтак Любові ды Радасці…
Далей
|
№ 49 / 1176 за 2014-12-13
Як расказаць пра “сваё”…
Сёння мы са смуткам канстатуем, што знікае мастацкая крытыка, разбураецца інстытут прафесійнага рэцэнзавання, днём з агнём не адшукаеш аналітыкаў, здольных даць аб’ектыўную ацэнку з’яў выяўленчай культуры, асабліва — даўно мінулых. Мы не дапытлівыя, нам малацікавыя тыя, хто жыў і тварыў да нас, асабліва тыя, хто не ўпісваецца ў рамкі сённяшніх ацэнак мінулага. Скажам, мастацтва сацрэалізму, якое мы выплюхнулі “разам з дзіцем” — з яго набыткамі, што дасягаліся творцамі, наперакор прынятым у тыя часы стандартам, шаблонам і штампам. Хто сёння, скажам, ведае заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, жывапісца Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча? Адзінкі. Ну, з яго дачкой Раісай Уладзіміраўнай справы значна лепшыя: яе імя ўпісана ў скрыжалі беларускага жывапісу. І некалькі гадоў таму на доме па вуліцы Кісялёва, дзе яна жыла, была ўсталявана мемарыяльная дошка. Усё правільна, усё справядліва. Шкада, канешне ж, што ганаровае званне народнага мастака Беларусі Раіса Кудрэвіч атрымала за год да смерці, ва ўзросце 80 гадоў: яна яго заслужыла значна раней… Ну, хаця б так…
Далей
|
№ 48 / 1174 за 2014-11-29
“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”
...З надзвычайнай энергіяй мастак прыступае да стварэння жывапіснага варыянта карціны "У партызанскім штабе Бацькі Міная". Але гэта далёка не паўтор графічнай кампазіцыі. На палатне ўсё іншае: больш кампактная, цэласная кампазіцыя, іншая расстаноўка фігур ды прадметаў інтэр’ера, больш псіхалагічна вырашаны вобразы байцоў. Зразумела, жывапіс патрабаваў адзінай колеравай гамы, якая ўжо толькі сваім суровым каларытам уводзіла б гледача ў атмасферу партызанскага быцця. Ён пабудаваны на спалучэнні блакітных і карычнева-шараватых тонаў, чорных і чырвоных адценняў. А кантраснасць ды нейкая дэкаратыўнасць дасягаюцца за кошт удалых танальных суадносін, якія ў межах адной колеравай гамы надаюць карціне яскравае гучанне сапраўднай песні-навелы пра гераічныя незабыўныя будні народных мсціўцаў…
Далей
|
№ 47 / 1173 за 2014-11-22
“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”
…Мастак у аўтабіяграфіі піша: “…У катэгорыю мабілізаваных першай чаргі не трапіў у сувязі з сапсаваным станам кісці правай рукі, а тагачасная цяжкая хвароба жонкі Ганны Сяргееўны не дала магчымасць своечасова эвакуіравацца, і такім чынам мы засталіся на тэрыторыі, акупаванай немцамі. Пытанне “Што рабіць?” не стаяла: канешне ж, змагацца з лютым ворагам!.. Працавалі я і мая жонка на карысць Чырвонай арміі, на карысць партызанскіх атрадаў, якія змагаліся ў нашым краі... Мы ўвайшлі ў склад Руднянскай падпольнай патрыятычнай арганізацыі, якой кіраваў Уладзімір Марын і якая спачатку налічвала 32 чалавекі. Яна дзейнічала ад партызанскага палка будучага Героя Савецкага Саюза Грышына ды разведаддзела 4-й Ударнай арміі і была цесна звязана з партызанамі Міная Піліпавіча Шмырова. Коратка кажучы, наша кватэра была канспіратыўна-явачнай руднянскіх падпольшчыкаў…”
Далей
|
№ 45 / 1171 за 2014-11-08
“Мяне двойчы вывозілі на расстрэл…”
Гэтыя словы належаць Аляксандру Пятровічу Мазалёву, таленавітаму беларускаму жывапісцу, графіку і педагогу, які ў час Вялікай Айчыннай прайшоў цяжкі шлях мужнага падпольшчыка ды вязня фашысцкіх канцлагераў, а скончыў сваю вайну гвардыі радавым Чырвонай арміі. І, нягледзячы на цяжкае раненне ў галаву, — да канца свайго нядоўгага жыцця працягваў рабіць улюбёную справу: маляваць Радзіму ды выхоўваць маладое пакаленне мастакоў…
Далей
|
№ 44 / 1170 за 2014-11-01
Бясконца добрае сэрца
…Чэпік, аднак, сцэнографам так і не стаў. Галоўным на ўсе гады засталося станковае мастацтва: лірычны пейзаж, карціна, кветкавы нацюрморт, акварэль, замалёўкі алоўкам, фламастарам, пяром. “Ні дня без пэндзля” — гэта пра Чэпіка. Для ягоных твораў не хочацца скарыстоўваць тэрміны з мастацтвазнаўчага слоўніка накшталт “паэтычная метафара” або “дэкаратывізм”. Хіба ўсё ў мастацтве патрабуе дакладных фармулёвак? Проста, трэба глядзець на гэтыя палотны, здзіўляцца, дыхаць свежым, пяшчотным світанкам, з асалодай любавацца люстэркамі азёр Міншчыны ды Лепельшчыны, адмысловымі абрысамі аблокаў, дымчата-шэрымі даляглядамі, рытмамі старажытнага і вечна маладога Мінска. І тады нікога з нас не трэба будзе заклікаць да абароны навакольнага асяроддзя. Такія творы, як “Час цвіцення траў”, “Сон”, “Горад увечары”, “Восеньскі прыпар”, “Жніво”, “Адцвіла грэчка”, “Азёрны край”, “Лепельскі край”, “Буслы”, і сёння могуць упрыгожыць любую выстаўку, любы музей.
Далей
|
№ 40 / 1166 за 2014-10-04
Летуценнік без кампрамісаў
…Вось што ўспамінаў жывапісец Яўген Красоўскі, які, па сутнасці, з канца 1920-х і да апошніх дзён жыцця Тарасікава быў самым блізкім яго сябрам: “У 1929-м да нас на трэці курс Віцебскага мастацкага тэхнікума зайшоў даволі сціпла апрануты, сярэдняга росту малады чалавек з вялікай папкай. З выгляду сур’ёзны, ён, па ўсім відаць, не дапускаў лішніх жартаў у дачыненні да сябе. Адрэкамендаваўся Міколам Тарасікавым, дадаўшы: “Прыняты студэнтам на ваш курс”. Вядома, наш новы таварыш усіх заінтрыгаваў: як-ніяк, прыняты на трэці курс у сярэдзіне года, дый наогул, якая ў яго падрыхтоўка?.. Таму мы і папрасілі яго паказаць свае творы, на што ён лёгка згадзіўся і тут жа расклаў іх на падлозе аўдыторыі для агляду. На сваё здзіўленне, мы ўбачылі работы зусім сталага мастака. У ягонай папцы аказалася шмат накідаў, малюнкаў, эскізы кампазіцый, выкананыя ў рознай манеры, на рознай каляровай паперы, з выкарыстаннем акварэлі, алею, тушы, тэмперы, вугалю і алоўка. Творы Тарасікава захаплялі і здзіўлялі сваёй незвычайнай трактоўкай, непадобнасцю да таго, што рабілі мы. Кожны з іх, нават невялікі накід, прыцягваў увагу вобразным рашэннем задум, выклікаў гарачыя студэнцкія спрэчкі: якім павінна быць савецкае мастацтва і ці патрэбна пралетарыяту камернае мастацтва жывапісу наогул? Ці не лепш развіваць мастацтва, што мае дачыненне да прамысловасці — тэкстылю ці керамікі, — словам, прыкладнога, утылітарнага характару мастацтва?.. Тады на выстаўках яшчэ сустракаліся творы, якія мелі адбітак псеўдарэвалюцыйных тэорый і маніфестаў “пралетарскага мастацтва”. На стракатым фоне эрудыцыя Міколы была бясспрэчная, і мы з задавальненнем слухалі яго адказы на нашы пытанні па тых або іншых праблемах тагачаснага мастацтва. Такая гутарка спрыяла засваенню студэнтамі цвёрдых акадэмічных ведаў, без якіх вучоба не мела сэнсу. Вось такой была наша першая сустрэча з Мікалаем Тарасікавым у Віцебску ў 1929 годзе…”
Далей
|
№ 39 / 1165 за 2014-09-27
Летуценнік без кампрамісаў
На жаль, я не быў знаёмы з гэтым цудоўным мастаком. Не паспеў. Ён пайшоў з жыцця 11 ліпеня 1965 года, а я прыехаў з Ленінграда ў Мінск напрыканцы жніўня. У першыя ж дні сваёй працы ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР падрабязна азнаёміўся з тагачаснай пастаяннай экспазіцыяй беларускага выяўленчага мастацтва на першым паверсе. І сярод іншых жывапісных твораў па свежасці ды выразнасці каларыту, па яснасці кампазіцыйнага мыслення адзначыў для сябе цудоўны “Партрэт акадэміка М.М. Нікольскага”. Я зацікавіўся аўтарам (а гэта быў Мікалай Тарасікаў), і дырэктар музея Алена Васільеўна Аладава параіла мне звярнуцца да мастацтвазнаўцы Пятра Герасімовіча, таксама супрацоўніка ўстановы (мы працавалі ў адным кабінеце), і да жывапісца Яўгена Красоўскага, якія вельмі блізка сябравалі з мастаком.
Далей
|
·
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 .. 26
Назад
|
Цікавосткі: варта прачытаць! Гісторыя і лёсы: культура Беларусі ад мінулага да сучаснасці
|