Парывіста. Пейзажна

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Экспазіцыйны дзённік мастака ў дзвюх залах
Пагадзіцеся, назваць дзвюхзальную экспазіцыю “Дзённік назіранняў” можа далёка не кожны мастак. Менавіта назіранняў, а не ўражанняў, як мне хацелася б удакладніць. Тым больш, што Васіль Пяшкун (а гаворка — пра яго выстаўку ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава), пры ўсёй духоўнай вернасці “перадзвіжнікам”, застаецца надзвычай эмацыйным рэалістам, бо піша не зрокавую, а пачуццёвую рэальнасць. Тым не менш, пленэрнасць твораў больш чым відавочная: імгненнасць уражанняў, парывістая хуткасць мазка, якую так і хочацца назваць пульсуючай… І ўсё гэта пры такой мастакоўскай сталасці, якая ўвачавідкі кантрастуе з маладосцю самога творцы.

/i/content/pi/cult/471/9998/8-1.jpg

В.Пяшкун. "Курачкі".

Але адкуль у сарака трох твораў гэтай экспазіцыі столькі агульнага? І гэта пры тэматычнай (папраўдзе дзённікавай) разнастайнасці назіранняў. Вось назвы толькі некаторых карцін, якія ствараюць атмасферу пазачасавасці мастацтва: “Адлюстраванне”, “Суздаль зімой”, “Вечарэе”, “Старая царква”, “Празрыстая раніца”, “Перад навальніцай”, “Сухая трава”, “Сакавік у вёсцы”, “На Нямізе”… Апошні твор вымушае падумаць нечакана пра тое, што і гарадскія пабудовы Васіль Пяшкун часам піша… пейзажна. Гэтак жа парывіста, перадаючы першаснае агульнае ўражанне. Але ўглядаюся ў іх — і не магу знайсці месца першапачатковага позірку мастака. Здаўна ведаю: знойдзеш яго — і гэта нібыта ключ да адкрыцця ўсіх астатніх таямніц таго або іншага твора. Толькі пасля многіх спроб здагадаўся: піша Васіль Пяшкун свае карціны, у асноўным, з вышыні птушынага палёту. Сказаў яму аб гэтым, і ён з лагоднай усмешкай пагадзіўся.

Вядома ж, захацелася нешта ўдакладніць яшчэ. “Што для вас рэалізм?” — пытаюся. — “Канкрэтнасць у перадачы стану прыроды з дапамогай рэалістычнага бачання… Але ўсё гэта павінна быць маім асабістым уражаннем…”

А вось адказ на пытанне аб каларыце: “Не прытрымліваюся аднаго — для кожнага твора шукаю асабісты… Іншым разам змяняю кардынальна”.

Прыгадваючы дзённікавасць назвы экспазіцыі, ізноў цікаўлюся: “Лічыце сябе мастаком, які назірае?” — “Не заўсёды. Іншым разам засяроджваешся ў самім сабе так, што нібыта і назіраць часу не застаецца… Асабліва калі з эцюднікам выязджаеш на новыя мясціны”.

“Ці бывае жаданне адмовіцца ад таго, што ўжо знойдзена, напрацавана?” — “Стараюся пісаць разнастайна класічныя і дэкаратыўныя пейзажы. Часам карыстаюся і калажом… А ўвогуле, рэалізм дае мноства самых розных магчымасцей”.

“У вас шмат выставак па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Прынята лічыць, што запатрабаванасць мяжуе з так званай камерцыйнасцю…” — “Я так не думаю. Да кожнай выстаўкі падыходжу па-свойму, маючы на ўвазе асаблівасці залаў. Мне падабаецца назіраць за рэакцыяй наведвальнікаў. А што да камерцыйнасці... Заўжды захоўваю “неразменны фонд” — гэта тыя работы, якія ні продажу, ні дарэнню не падлягаюць, бо вельмі дарагія мне яшчэ і тым, што напісаны на адным дыханні, на адных эмоцыях, — невытлумачальна для самога…”

А геаграфія персанальных выставак Васіля Пешкуна папраўдзе ўражвае: мінскія галерэі “Мастацтва”, “Універсітэт культуры”, Бабруйскі мастацкі музей Георгія Паплаўскага, Гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў, Гродзенская галерэя Тызенгаўза, а таксама выставачныя залы Віцебска, Будапешта, Масквы… Ягоныя творы атрымалі пастаянную “прапіску” ў Нацыянальным музеі Беларусі, у Музеі сучаснага рускага мастацтва, у Джэрсі-Сіці (ЗША), у прыватных калекцыях замежных краін... Дасягнута шмат, але галоўнае — яшчэ наперадзе, бо экспазіцыйны дзённік мастака таленавіта ўзбагачаецца...

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск