В.Пяшкун. "Курачкі".
Але адкуль у сарака трох твораў гэтай экспазіцыі столькі агульнага? І гэта пры тэматычнай (папраўдзе дзённікавай) разнастайнасці назіранняў. Вось назвы толькі некаторых карцін, якія ствараюць атмасферу пазачасавасці мастацтва: “Адлюстраванне”, “Суздаль зімой”, “Вечарэе”, “Старая царква”, “Празрыстая раніца”, “Перад навальніцай”, “Сухая трава”, “Сакавік у вёсцы”, “На Нямізе”… Апошні твор вымушае падумаць нечакана пра тое, што і гарадскія пабудовы Васіль Пяшкун часам піша… пейзажна. Гэтак жа парывіста, перадаючы першаснае агульнае ўражанне. Але ўглядаюся ў іх — і не магу знайсці месца першапачатковага позірку мастака. Здаўна ведаю: знойдзеш яго — і гэта нібыта ключ да адкрыцця ўсіх астатніх таямніц таго або іншага твора. Толькі пасля многіх спроб здагадаўся: піша Васіль Пяшкун свае карціны, у асноўным, з вышыні птушынага палёту. Сказаў яму аб гэтым, і ён з лагоднай усмешкай пагадзіўся.
Вядома ж, захацелася нешта ўдакладніць яшчэ. “Што для вас рэалізм?” — пытаюся. — “Канкрэтнасць у перадачы стану прыроды з дапамогай рэалістычнага бачання… Але ўсё гэта павінна быць маім асабістым уражаннем…”
А вось адказ на пытанне аб каларыце: “Не прытрымліваюся аднаго — для кожнага твора шукаю асабісты… Іншым разам змяняю кардынальна”.
Прыгадваючы дзённікавасць назвы экспазіцыі, ізноў цікаўлюся: “Лічыце сябе мастаком, які назірае?” — “Не заўсёды. Іншым разам засяроджваешся ў самім сабе так, што нібыта і назіраць часу не застаецца… Асабліва калі з эцюднікам выязджаеш на новыя мясціны”.
“Ці бывае жаданне адмовіцца ад таго, што ўжо знойдзена, напрацавана?” — “Стараюся пісаць разнастайна класічныя і дэкаратыўныя пейзажы. Часам карыстаюся і калажом… А ўвогуле, рэалізм дае мноства самых розных магчымасцей”.
“У вас шмат выставак па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Прынята лічыць, што запатрабаванасць мяжуе з так званай камерцыйнасцю…” — “Я так не думаю. Да кожнай выстаўкі падыходжу па-свойму, маючы на ўвазе асаблівасці залаў. Мне падабаецца назіраць за рэакцыяй наведвальнікаў. А што да камерцыйнасці... Заўжды захоўваю “неразменны фонд” — гэта тыя работы, якія ні продажу, ні дарэнню не падлягаюць, бо вельмі дарагія мне яшчэ і тым, што напісаны на адным дыханні, на адных эмоцыях, — невытлумачальна для самога…”
А геаграфія персанальных выставак Васіля Пешкуна папраўдзе ўражвае: мінскія галерэі “Мастацтва”, “Універсітэт культуры”, Бабруйскі мастацкі музей Георгія Паплаўскага, Гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў, Гродзенская галерэя Тызенгаўза, а таксама выставачныя залы Віцебска, Будапешта, Масквы… Ягоныя творы атрымалі пастаянную “прапіску” ў Нацыянальным музеі Беларусі, у Музеі сучаснага рускага мастацтва, у Джэрсі-Сіці (ЗША), у прыватных калекцыях замежных краін... Дасягнута шмат, але галоўнае — яшчэ наперадзе, бо экспазіцыйны дзённік мастака таленавіта ўзбагачаецца...
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ
Светлагорск