Дарэчы, пра валёнкі і “чырвонае святло"...

№ 11 (1137) 15.03.2014 - 21.03.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Неаднойчы даводзілася чуць размовы пра тое, што культура павінна зарабляць. Толькі за апошнія гады праводзілася вялікая колькасць нарад, на якіх гучала пытанне: як атрымліваць годны прыбытак ад выкарыстання нашай нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчыны, дзейнасці ўстаноў культуры, у тым ліку размешчаных далёка за межамі Мінскай кальцавой?

/i/content/pi/cult/471/9990/4-2.jpgАле, думаю, тое пытанне павінна гучаць трохі інакш: як не перашкаджаць культуры зарабляць? Чамусьці з-за бюракратычных затрымак найперш на месцах гэтае “не” ў фармулёўцы кудысьці знікае.

Скажам, дзякуючы намаганням энтузіястаў не першы год улетку ладзяцца маштабныя водныя падарожжы “Шляхам Тышкевіча”. Здавалася б, цудоўная задума, якая спрыяе не толькі здароваму ладу жыцця ўдзельнікаў, але і развіццю навакольнай інфраструктуры, папаўненню мясцовых бюджэтаў за кошт турыстаў. Ды вось толькі, па прызнанні аднаго з арганізатараў, з кожным годам ладзіць праект з-за правілаў і патрабаванняў, якія пастаянна змяняюцца, становіцца ўсё цяжэй. Так, нормы абавязкова мусяць існаваць, але ж, нарэшце, уніфікаваныя.

Жаданне рэалізаваць падобныя ідэі — што немалаважна, на гістарычнай аснове! — было ў Рагачоўскім, Полацкім ды Аршанскім раёнах (і гэта толькі тое, што мне вядома). Ды вось нешта справа ніяк не зрушыцца з мёртвай кропкі. А ці ж мала ахвочых павандраваць шляхам “З варагаў у грэкі”? Дык ці не прасцей, як у тых жа Карпатах, рэгістраваць турыстычныя групы, узгадняючы маршрут, а не абцяжарваць арганізатараў нерэальнымі патрабаваннямі на папярэднім этапе?

Так, паўтаруся, калі да арганізатараў тых самых водных падарожжаў прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні па тэхніцы бяспекі — гэта першачарговая неабходнасць. Але калі зводзяць “на нет” ініцыятыву мясцовых краязнаўцаў, якія з радасцю займаліся б правядзеннем экскурсій ды падарожжаў у сваёй мясцовасці, — гэта выклікае толькі роспач. Бо часцей, як давялося пераканацца ў час аўтападарожжаў, менавіта краязнаўцы, якія, зразумела, не абавязкова з’яўляюцца адначасова і работнікамі культуры, ведаюць пра гістарычныя таямніцы значна больш за дыпламаваных экскурсаводаў. Чаму ж не падтрымаць іх, дазволіць афіцыйна зарабляць на сваіх ведах і пры гэтым спраўна выплачваць падаткі?

Цікавая сітуацыя складваецца і з іншымі культурнымі ініцыятывамі. Часам “чырвонае святло” перад работнікамі сферы ўзнікае на мясцовым узроўні і вось з якой нагоды (хаця ў цэлым па краіне такая інтэрактыўная дзейнасць толькі вітаецца). Я кажу пра так званае экалагічнае краязнаўства — вывучэнне і збор лекавых раслін. Так, у Іванаўскім раёне не першы год прываблівае турыстаў Музей зёлак, дзе дзейнічае нават фітабар. А вось у некаторых іншых раёнах краіны і хацелі б актыўна працаваць у такім накірунку, ды толькі раённая міліцыя не дае дабро, матывуючы гэта змаганнем з распаўсюджваннем наркотыкаў… Перасцярога ды прафілактыка — добрая і карысная справа, але ж з гэтага не вынікае забарона, а то, хто ведае, можа, з той жа прычыны неўзабаве забароняць і музейныя вандроўкі па грыбы ва ўпадабаных у свой час Якубам Коласам мясцінах?.. Мяркую, патрэбна шукаць прыдатныя для абодвух бакоў варыянты, якія б пайшлі на карысць, найперш, мясцовай супольнасці.

Апошнім часам пачалі больш актыўна гучаць ідэі пра продаж білетаў ці не на любога ўзроўню масавыя мерапрыемствы, у тым ліку раённыя святы ды фестывалі. А ці ж не эфектыўна скарыстоўваць такія фэсты для продажу прадукцыі як народных майстроў, так і айчыннай прамысловасці наогул? З гэтай нагоды прыгадваецца выпадак, калі ў сёлетнія маразы непадалёк ад велічэзнай чаргі, што сабралася для пакланення святыні — Дарам вешчуноў, — размясціўся аўтапавільён па продажы смілавіцкіх валёнкаў. Па словах відавочцаў, прадукцыя Смілавіцкай фабрыкі разыходзілася "на ўра". Тут, як кажуць, трэба ведаць месца і час. А ў звязку з масавымі мерапрыемствамі (няхай і не заўсёды арганізаванымі работнікамі культуры) гэта бачыцца ці не галоўным законам рынку.

Дарэчы, пра валёнкі. Можа, майстэрства дрыбінскіх шапавалаў вывесці на новы ўзровень: даць магчымасць людзям зарабляць добрыя грошы дзякуючы народным традыцыям ды ўласнаму майстэрству? Прыемна, што на Дрыбіншчыне разумеюць, што ўстанова культуры можа быць не толькі стваральнікам, але і пасярэднікам у захаванні ды папулярызацыі нашай спадчыны...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"