“Маем скарб!”

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

На будучым тыдні ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ладзіцца ўрачыстая, святочная імпрэза з нагоды вялікай падзеі — вяртання архіва слыннага кампазітара, аднаго з вядомых дзеячаў еўрапейскай гісторыі і культуры Міхала Клеафаса Агінскага. Нагадаю, апошнія гады жыцця Міхала Клеафаса прайшлі ў Італіі, а свой архіў Агінскі завяшчаў перадаць на зберажэнне расійскаму ўраду. Што і было зроблена сынам Агінскага Ірэніюшам.

Напярэдадні мерапрыемства ў гонар вяртання дакументаў, якія, безумоўна, з’яўляюцца часткай нацыянальнай спадчыны, мы гутарым аб усім гэтым з дырэктарам Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаідай КУЧАР, якая з хваляваннем паказвае копіі дакументаў М.К. Агінскага, ноты яго дагэтуль невядомых твораў, каляровую выяву пячаткі з родавым гербам Агінскіх.
— Зінаіда Лявонцьеўна, яшчэ гадоў 5 таму, мусіць, ніхто не спадзяваўся, што хутка зрушыцца справа з рэстаўрацыяй сядзібы Агінскага ў Залессі. А сёння зроблена ўжо карэктыроўка праекта рэстаўрацыі, ён прайшоў экспертызу, і рэстаўрацыя ў бліжэйшы час павінна распачацца. І вось — вяртанне архіва. Віншую вас з гэтымі доўгачаканымі падзеямі!
— Прызнацца, нават я — чалавек, які вельмі аптымістычна глядзіць на музейную справу, — не чакала, што ўсё гэта адбудзецца хутка. Але было шмат зроблена для прыцягнення ўвагі да залескай сядзібы, увогуле да спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Вялікую ролю тут сыграла стаўленне да гэтай тэмы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО і яе старшыні Уладзіміра Шчаснага.
 /i/content/pi/cult/147/999/Aginski1.jpg
 Выява пячаткі з гербам Агінскіх і іншыя дакументы.
Сумесна з Нацыянальнай камісіяй у Залессі была праведзена Міжнародная канферэнцыя “Гістарычныя сядзібы. Стан і перспектывы”, вынікам якой сталі карта-схема Залесся, зборнік матэрыялаў канферэнцыі, экспазіцыя “Жыццёвы і творчы шлях М.К. Агінскага” і інш. Да 240-годдзя нашага слыннага земляка ў залескай школе створаны інфармацыйны цэнтр, Маладзечанскім тэатрам пастаўлены спектакль “Фантазія ля-мінор”, выдадзены дыскі “Музыка М.К. Агінскага”, “Музыка дынастыі Агінскіх”, кніга Іва Залускага “Ген Агінскага”.
Прыцягвалі ўвагу да неабходнасці рэстаўрацыі сядзібы ў Залессі і зацікаўленасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, і стаўленне супрацоўнікаў Міністэрства культуры, і, безумоўна, матэрыялы журналістаў. Пачатак аднаўленню рэстаўрацыі паклала ЮНЕСКО, якое выдзеліла на карэктыроўку праекта суму ў 50 мільёнаў беларускіх рублёў. Але большасць сродкаў — яшчэ 250 мільёнаў — дало Міністэрства культуры нашай краіны.
І калі пачаліся гэтыя зрухі, мы актывізавалі работу па вяртанні — няхай і ў копіях — спадчыны Агінскага з архіва старажытных актаў у Маскве. Напачатку на мае звароты не было адказу. Да перамоў далучыліся прыватныя асобы, актыўна працавалі ў гэтым накірунку наша Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКО, бюро ЮНЕСКО ў Маскве. У выніку мы сёння маем сапраўдны скарб! 800 лістоў дакументаў з каляровымі выявамі на электронных носьбітах, астатняе — пакуль у мікрафільмах, а ўсяго — 6 тысяч аркушаў.
На аплату пераводу ўсяго на электронныя носьбіты ў Маскве не хапіла грошай, але, думаю, мы самі зробім гэты перавод за два месяцы. Потым будзе стварацца інтэрнет-сайт.
— Пытанне, якое, пэўна, больш за ўсё цікавіць нашых чытачоў: якія канкрэтна дакументы і творы ў архіве, што вярнуўся да нас з Масквы?
— Паколькі ўсё пералічыць у інтэрв’ю немагчыма, назаву толькі тое, чаго б мы, мусіць, ніколі не атрымалі, каб не вяртанне архіва.
Выяву пячаткі Агінскага ў срэбным пазалочаным каўчэгу я вам ужо паказала — з гэтага нашым мастакам няцяжка будзе зрабіць якасную копію. Выпіскі з дваранскіх кніг Літоўска-Віленскай губерні, якія тычацца роду Агінскіх. Дадатак — генеалагічная табліца роду, зробленая сакратаром М.К. Агінскага. Яшчэ дадатак — здаецца, адбітак на аркушы дзвюх маленькіх ножак. Канешне, усё гэта яшчэ чакае даследчыкаў. Але, магчыма, у шляхецкіх сем’ях было прынята, калі нараджалася дзіця, рабіць такія адбіткі.
 /i/content/pi/cult/147/999/Aginski2.jpg

  Ноты невядомага твора Агінскага. 


Цікавыя дакументы, якія дасталіся Ірэніюшу пасля залескага перыяду жыцця Агінскага, — календары з паметкамі Міхала Клеафаса, карты, ілюстрацыі, 346 візітовак — па іх мы можам даведацца, якія людзі бывалі ў Агінскага. Літаратурныя працы Міхала Клеафаса першай паловы ХІХ стагоддзя — 45 лістоў. Ліставанне М.К. Агінскага. Яго вершы на французскай, польскай і англійскай мовах. Ноты, музычныя п’есы — 129 лістоў. Сярод невядомых музычных твораў — “Марш-экспромт нашага добрага таты для фартэпіяна ў чатыры рукі”, напісаны для дачок Амеліі і Эмы. Раманс “Вы і ты”, мазурка ў чатыры рукі. Ірэніюш сабраў і вялікі рэпертуар розных аўтараў, які ў свой час выконваўся ў Залессі.
Сёння цікавасць у многіх краінах выклікаюць і іншыя члены сям’і Агінскіх. У архіве вельмі многа дакументаў, звязаных з бацькам кампазітара — дыпламатам, сенатарам Андрэем Агінскім.Лісты графа Андрэя Агінскага каралю польскаму Станіславу Аўгусту, зашыфраваныя лісты Станіслава Аўгуста Андрэю Агінскаму, тут жа даецца ключ да шыфру. Ёсць і пісьмы расійскай імператрыцы Елізаветы да цёткі М.К. Агінскага Алены.
— Што вы адчулі, калі нарэшце трымалі ўсё гэтае багацце ў руках?
— Гэта было выключнае адчуванне моманту вяртання. Механізм вяртання культурных каштоўнасцей паміж краінамі не распрацаваны, бывае і такое, што культурная каштоўнасць знойдзена, яе пакажуць, але тую ж копію зрабіць немагчыма.
— Пэўна, архіў Агінскага будзе выкарыстаны не толькі для навуковых даследаванняў?
— Безумоўна! Я недарэмна сказала, што мы маем у сваім распараджэнні скарб. Па гэтых дакументах мы зробім сучасныя якасныя аналагі рэчаў, копіі дакументаў — музей у Залессі атрымае годную экспазіцыю! Паколькі дакументамі, звязанымі з сям’ёй Агінскіх, вельмі цікавяцца і Польшча, і Літва, мы зможам атрымаць у абмен на іх дакументы аб гэтай сям’і, якіх няма ні ў Беларусі, ні ў Маскве.
Недзе праз год згодна з агульнай палітыкай перадачы аб’ектаў культуры ў камунальную ўласнасць ва ўладанне Гродзенскай вобласці пяройдзе і Залессе. Але мы пастараемся перадаць не проста сядзібу, якую трэба адрэстаўраваць, а і ўсё, што неабходна для стварэння экспазіцыі. Калі спатрэбіцца, дапаможам яе стварыць. Мной распрацавана канцэпцыя выкарыстання гэтай сядзібы, канцэпцыя экспазіцыі па кожным пакоі. І я ўпэўнена, што Залессе здольнае стаць мо самай цікавай музейнай сядзібай у Беларусі.

Наталля РУСАК
Фота аўтара