Як скарыстацца магчымасцямі відэапіяру для рэгіёнаў?

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Часта можна пачуць ад работнікаў устаноў культуры, што, маўляў, нягледзячы на ўнікальныя помнікі ды іншыя славутасці, да нас не едуць турысты. І апошніх можна зразумець: не едуць, бо не ведаюць, што змогуць пабачыць. Адзін з самых дзейсных маркетынгавых ходаў у раскрутцы любога рэгіёна — стварэнне рэкламных ролікаў і фільмаў, якія транслююць на тэлебачанні, выкладваюць на асобных сайтах у Інтэрнэце, тыражуюць на DVD ды раздаюць пад час турыстычных выставак на лічбавых носьбітах. І калі ролікі пра культурныя магчымасці Беларусі можна часам пабачыць нават на замежных каналах, то як справы з відэапіярам канкрэтных раёнаў? Ці ствараюцца прэзентацыйныя фільмы на больш-менш прафесійным узроўні на замову аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі?

Васіль КАТКАВЕЦ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама:

— Папулярызуючы народную спадчыну, вядома ж, мы звяртаемся і да відэафіксацыі народных святаў, унікальных абрадаў і традыцый. Ці не на кожны наш фэст, на тыя ж Юр’е, Масленку, Русалле, Купалле, да нас прыязджаюць здымачныя групы розных тэлеканалаў. Згадаю і стужкі, такія як “Аблюбаваная зямля” з цыкла “Зямля Беларуская”.

Назбіралася ў нас і вельмі шмат матэрыялаў, прысвечаных выканаўцам народнай спеўнай традыцыі, у тым ліку нашым зоркам — тром калектывам “Глыбокія крыніцы” вёскі Закальнае, “Павалякі” вёскі Абчын, “Журавушка” вёскі Ямінск, якія з’яўляюцца аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Больш за тое: зараз ідзе праца над стварэннем DVD, дзе прадставім разнастайныя, у тым ліку замежныя, выступленні калектываў. Плануецца, што ўвойдуць у дыск і песні, запісаныя ў рамках праекта Белтэлерадыёкампаніі “Наперад у мінулае” ў двух варыянтах — аўтэнтычнымі выканаўцамі і артыстамі эстрады.

У нашым раёне на базе Цэнтра культуры дзейнічае відэаклуб. На яго плячах не толькі фіксацыя народных абрадаў ды падзей культурнага жыцця раёна, але і стварэнне штогадовага відэафільма-справаздачы, прэзентацыйных ролікаў. Займаецца ён і звядзеннем матэрыялаў, дасланых журналістамі па выніках візітаў у Любанскі раён.

Усе матэрыялы не толькі назапашваюцца, але і змогуць знайсці гледача. Так, сёлета 3 ліпеня да Дня Незалежнасці на базе Школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва плануем адкрыць “Лаўку крамніка”, дзе акрамя вырабаў народных майстроў будуць прадавацца і відэафільмы...

Феакціст ФЯДОТАЎ, дырэктар полацкага кінатэатра “Радзіма”, ініцыятар і аўтар ідэі Конкурсу аматарскага фільма імя Ю.Тарыча “Я здымаю кіно”:

— Адной з галоўных задач нашага праекта з’яўляецца магчымасць праявіць сябе перад дыпламаваным журы маладым і таленавітым рэжысёрам, аператарам, якім хай сабе і бракуе ў пэўных нюансах вытворчасці фільма прафесіяналізму, але яны маюць арыгінальныя ідэі, спрабуюць з невялікім бюджэтам ствараць цікавыя стужкі.

Адметнасць Конкурсу ў тым, што фільмы-ўдзельнікі будуць дэманстравацца не толькі ў кінатэатры, але і на нашым рэгіянальным тэлеканале “Скіф”, які транслюецца ў некалькіх гарадах краіны. Можна сказаць, у жывым эфіры пройдзе і галасаванне тэлегледачоў. Акрамя таго, стужкі-ўдзельніцы будуць прадстаўлены і шырока асветлены ў Сеціве, дзе іх змогуць пабачыць мільёны людзей...

Ад рэдакцыі.

Па каментарый мы звярнуліся і на “Беларусь 3”. Але пасля цікавай размовы нас папрасілі... не друкаваць запісанае спярша меркаванне: маўляў, калі на тэлеканале цяпер няма аматарскага кіно, то і няма пра што гаварыць. А шкада. Усё ж магчымасці “Беларусь 3”, на нашу думку, дазваляюць папулярызаваць дакументальныя стужкі, зробленыя рэжысёрамі-аматарамі з раёнаў нашай краіны, а разам з тым — унікальныя помнікі архітэктуры і традыцыі, часам не заўважаныя сталічнымі мэтрамі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"