Вердзі правакуе на...

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Рэалізм, рэлятывізм ды іншыя “-ізмы”
У Вялікім тэатры — чарговая прэм’ера: опера Дж.Вердзі “Рыгалета”. Некаторыя нават здзіўляюцца: маўляў, якая прэм’ера, калі гэты спектакль літаральна не сыходзіць з афіш! Так і ёсць. Асабіста я памятаю не адну, а тры ранейшыя беларускія пастаноўкі. Але цяперашняя, увасобленая сумесна з эстонскай творчай камандай, — папраўдзе новая. І цалкам адпавядае прыказцы пра тое, што новае — гэта добра забытае старое.

/i/content/pi/cult/470/9963/8-1.jpg

Сцэна са спектакля "Рыгалета". / Фота прадастаўлена тэатрам

У мінулай пастаноўцы сцэна ўяўляла з сябе трохі скасабочаны калідор “у нікуды”, але з мноствам дзвярэй. У пазамінулай Джыльда і Герцаг раз’язджалі на вялізных станках. А тыя аднойчы зрушылі з месца так раптоўна ды спрытна, што Наталля Кастэнка аднойчы ледзь не павалілася, і Уладзімір Экнадзіёсаў, смеючыся, потым суцяшаў яе за кулісамі: “Падумаеш, “пракаціць” цябе вырашылі!”. У абедзвюх пастаноўках непераўзыдзеным Рыгалета быў светлай памяці Аркадзь Саўчанка. І колькі ні намагаўся Юрый Аляксандраў “перагледзець” паводзіны дадзенага героя, прыпісаўшы яму ледзь не інцэст, гэты спявак ішоў насуперак такому рэжысёрскаму замаху на высакародную, прыцягальную музыку.

У цяперашняй пастаноўцы “ісці насуперак” не даводзіцца нікому. На першы погляд, яна даволі традыцыйная. Сцэнаграфія Ганны Контэк спалучае сімвалізм не з мінімалізмам, а з так званым новым рэалізмам, што працягвае лепшыя рэалістычныя традыцыі, насамрэч вельмі і вельмі далёкія ад быццам бы “рэалістычнай” опернай вампукі. Паваротнае кола тут прызначана не толькі для таго, каб хутка змяняць антураж, — яно становіцца сімвалам шляху, які праходзіць Рыгалета ад дома да працы. Адкрываючы адны дзверы за другімі, мінаючы вузкую крывую вулачку, апранаючы “працоўнае адзенне” блазна, ён на нашых вачах ператвараецца са звычайнага чалавека і клапатлівага бацькі ў бязлітаснага насмешніка. І, карыстаючыся заступніцтвам Герцага, дазваляе сабе жорстка здзекавацца з людзей, нават ахінутых горам. Паваротнае кола, такім чынам, сімвалізуе яшчэ і два бакі аднаго медаля. Менавіта такімі, па-рэлятывісцку неадназначнымі, аказваюцца героі аповеду: усе яны нясуць у сабе і дабро, і зло.

Чорна-бела-чырвоная палітра сцэнічных строяў аздабляецца хіба колерам бардо (як “варыяцыяй” на чырвоны) і адценнямі карычневага (як “пераходнага” паміж чорным і бардовым). А сіне-блакітна-фіялетавае спалучэнне ў Джыльды, пераапранутай мужчынам, канчаткова адасобіць гэтую гераіню ад астатніх. Таму яе фінальныя спевы аднекуль “з нябёс” стануцца куды больш рэалістычнымі, чым звыклы варыянт, калі яна памірае на руках у бацькі.

Няма ў спектаклі ні традыцыйнай раскошы ды ззяння-бляску палацавых апартаментаў, ні раптоўнай цемры пры з’яўленні Мантэроне з яго праклёнамі, ні гарба ў Рыгалета: кульгае ды горбіцца ён, калі “гарбее” на працы. Усе знешнія эфекты, уключаючы праславутую “дзвіжуху” і светлавыя “фокусы”, рэжысёр (ён жа мастак па святле) Неэме Кунінгас адсоўвае на другі план. Харавыя сцэны, здавалася б, увогуле вырашаны статычна, што ў оперы даўно ўжо “не модна”. Але замест мільгацення перад вачыма, якое на пэўным этапе пачынае ўспрымацца таксама як статыка, толькі пярэстая, спектакль ажывае тонкімі псіхалагічнымі рухамі, што адбываюцца ў душы персанажаў. Твор, завучаны публікай ледзь не на памяць, прачытваецца наноў, ён — кранае, вымушае не толькі атрымліваць асалоду ад спеваў ды музыкі, але і перажываць за лёс герояў, пакутаваць разам з імі. І, хаця фінал даўно вядомы, — да апошняга імгнення шукаць ды знаходзіць нявыкарыстаныя героямі магчымасці бяскроўнай развязкі. “Нябачная” быццам бы рэжысура (маўляў, ну што ён там паставіў? Ніхто ж не бегае па сцэне!) дасягае галоўнага: глядзець спектакль — цікава. Ён зроблены не адно для прыхільнікаў музыкі. Гэта — папраўдзе сямейны спектакль, прызначаны для падлеткаў з бацькамі. Яго наведанне можа справакаваць далейшую размову “па душах”, дапамагчы ім зразумець адно аднаго, не паўтарыўшы ўбачаных памылак. А яшчэ гэты спектакль у поўным сэнсе слова — гістарычны. Справа не ў тым, наколькі дакладна ён перадае подых даўніны, а ў тым, якія паралелі выклікае з гісторыяй — з тымі ж сталінскімі рэпрэсіямі, нават з фашызмам. Бо ў паветры лунае пытанне: наколькі вінаватыя тыя, хто “ўсяго толькі выконваў загады”? Спектакль — яшчэ і пра іх гістарычны лёс, хаця дзеянне ў ім і не перанесена ў сучаснасць. Нарэшце, ён глыбока філасофскі, прычым рыхтуе публіку да сімвалісцкіх вобразаў жыцця і смерці паступова, ужо праз выяву чэрапа, што ўпрыгожвае жазло блазна.

Данесці ўсе гэтыя дэталі да ўдумлівай публікі дапамагаюць артысты Уладзімір Пятроў, Сяргей Франкоўскі, Таццяна Гаўрылава, Алег Мельнікаў, Аксана Волкава, Васіль Кавальчук, Наталля Акініна. І гэта толькі першы склад, а ўсяго падрыхтавана іх — тры. Знойдзены нават індывідуальнасці другасных, эпізадычных персанажаў у атачэнні Герцага. Хор гучыць выдатна (хормайстар — Ніна Ламановіч), прыцягваюць увагу выразныя аркестравыя сола. Дырыжор Віктар Пласкіна знаходзіць нечаканыя акцэнты: знакаміты хор “E la corte” (“Цішэй, цішэй”) вымушае задумацца, наколькі Вердзі быў “прадвеснікам” аперэты.

Усе ўдзельнікі спектакля сталі сапраўднымі аднадумцамі, а інтэлігентная манера рэжысёра, уменне абыходзіцца без рэзкіх камандных метадаў скарылі трупу канчаткова. Гэткай “добрай феяй” стала для спевакоў і мастачка. Бо прыдуманая ёй жорсткая, крыху закругленая канструкцыя, падобная на ракавінку, найлепшым чынам спрыяе акустыцы, стварае атмасферу давернасці, а не проста пышна-пыхлівага відовішча. Застаецца спадзявацца, што з цягам часу пастаноўка складзецца канчаткова, з адшліфаванасцю ўсіх дэталей ва ўсіх складах. Такому спектаклю, безумоўна, наканавана доўгае жыццё і прыязнасць публікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"