Такая вось калізія…

№ 10 (1136) 08.03.2014 - 14.03.2014 г

Як беларусаў навучалі шоу-бізнесу: тое, што даўно адкрыта, “выбранасць” і вялікая неахвота
Адчуванне лёгкага здзіўлення не пакiдала мяне яшчэ дзень-два пасля заканчэння мерапрыемства, якое прайшло ў сталіцы 1 — 2 сакавіка. У тыя выхадныя Малая зала Палаца Рэспублікі прымала ўдзельнікаў і гасцей VI Міжнароднай музычнай канвенцыі “Colisium”. Беларускі бок упершыню стаў партнёрам форуму, што стартаваў у 2007-м у Санкт-Пецярбургу і да гэтага года праводзіўся толькі ў суседняй дзяржаве. У 2014-м ён, апроч Мінска, ужо адбыўся ў горадзе на Няве і яшчэ павінен прайсці ў Кіеве, Алматы і Маскве. Уласна, прэтэнзій па арганізацыі свята прафесіяналаў ад музычнай індустрыі асабіста ў мяне няма: усё было на належным узроўні. А вось атмасфера, у якой яно праходзіла, у чымсьці адпавядала надвор'ю за сценамі будынка: пераходны перыяд...

Cапраўдны андэграўнд

Чаму? Бо праграму прысутным прапанавалі самую шырокую і, разам з тым, шчыльную: абмяркоўваліся пытанні кліпмэйкерства, клубна-канцэртнай дзейнасці, правядзення фестываляў і выступленняў зорак, арганізацыі і продажу мерапрыемстваў, білетных тэхналогій, лічбавага выдавецтва, прасоўвання артыстаў на лакальным і міжнародным рынках, прынцыпы пабудовы тураў, музычных медыя ды многага іншага. Прадстаўнікі Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі шчодра дзяліліся сваім паспяховым шматгадовым досведам і прыадкрывалі таямніцы ўласнай дзейнасці — “сольна”, у дыялогах, з дапамогай відэа.

Але што мяне адразу насцярожыла — дык гэта малая колькасць людзей у зале. У першы дзень — крыху за сотню, у другі — да сотні. Спікераў — тых, хто прымаў удзел у так званых панэлях (“круглых сталах”, экспрэс-прэзентацыях, міні-лекцыях) і вёў іх, — было ледзьве не больш.

Якасны склад публікі таксама не радаваў: беларускiх прамоўтараў, прадзюсараў ды іншых профільных менеджараў найвышэйшага звяна — мінімальна, пачаткоўцаў — столькі ж, з які дзясятак музыкантаў (пазнаў дэлегатаў ад гуртоў “Nizkiz”, “Vox Mira” (экс-“Inomarki”), супрацоўнікаў друкаваных і электронных СМІ, акрамя акрэдытаваных для асвятлення падзеі, — каля нуля, як і адміністратараў клубаў. “Папсавікі” наогул татальна праігнаравалі канвенцыю. Як удала пажартаваў у адным з перапынкаў хтосьці з журналістаў, “...мяркуючы па ўсім, сапраўдны андэграўнд у нашай краіне — гэта поп-музыка”. Ну а можа, усе гэтыя адсутныя не зразумелі, хто і навошта да іх прыехаў, падумаў я — і выправіўся па тлумачэнні да выканаўчага дырэктара “Colisium” Сяргея БАБІЧА.

— Можаце адной фразай акрэсліць мэты сустрэчы?

— Нават трыма словамі: развіццё музычнай індустрыі.

— Чаму вырашылі звярнуць увагу на Мінск?

— Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу ваш горад удала кладзецца на сеткі тураў артыстаў класа “А”, і таму еўрапейскія прамоўтары, у тым ліку расійскія, з задавальненнем уключаюць яго ў расклад канцэртаў. Таму, як мы палічылі, Беларусь неабходна ўбудаваць у структуру нашай канвенцыі. Мы хочам падзяліцца сваім вопытам, больш даведацца пра асаблівасці беларускага шоу-бізнесу. Усё гэта патрэбна для таго, каб і вам, і нам больш лёгка, правільна працавалася ў агульнай для нас сферы. Аб’ядноўваючы намаганні, мы рухаем наперад і музычную індустрыю. І я ведаю, што ў Беларусі шмат таленавітых прамоўтараў, менеджараў — дзеючых і тых, хто толькі набірае абароты.

— Па тым, наколькі запоўнілася зала, не скажаш, што надта шмат...

— Так, мяне гэта крыху бянтэжыць. Але, напэўна, сюды прыйшлі тыя, для каго важны гэты бізнес тут і зараз, хто ўжо цяпер і заўтра хоча рэалізаваць у ім свае амбіцыі, задумкі, хто ўжо рэалізоўвае.

— Нашы музычныя дзеячы праз аднаго сцвярджаюць, што ў Беларусі шоу-бізнесу няма. І ім паказваюць, “разжоўваюць”, як яго арганізаваць, а яны ваш прыезд праігнаравалі...

— Але — не ўсе. Налета прысутных будзе больш, убачыце. Гэта — як пробны шар. А пра беларускі шоу-бізнес я не стаў бы казаць у такім зневажальным тоне. Так, у яго кароткая гісторыя, так, ён, быць можа, развіваецца не самымі хуткімі тэмпамі, але ж — развіваецца! У вас ёсць рынак для яго, ёсць дзелавыя людзі, моцныя партнёры за мяжой, ёсць аўдыторыя, ёсць, у рэшце рэшт, ваша вялікая культура, мастацтва...

Добра, што прыехаў

Быццам бы і супакоіў мяне Сяргей, але дзіўна выглядалі на сцэне гутаркі паміж сабой, напрыклад, мінскіх клубных прамоўтараў, якія, па ідэі, павінны прытрымлівацца адных і тых жа карпаратыўных правілаў, аднак, як аказалася, разумеюць яны іх па-рознаму. Зрэшты, як заўважыў спадар Бабіч, на то і “Colisium”, каб вучыцца. Добра тое, што нашы прамоўтары ды арганізатары канцэртаў сустрэліся, пагутарылі, а то... і пазнаёміліся. Прамовілі ўслых словы, здзівіўшыся сказанаму, карацей.

Здзіўляліся і іх замежныя калегі. Таму, што ў Мінску ўсяго адзін клуб, які адпавядае званню “сапраўдны клуб для жывых канцэртаў”. Таму, што арганізатар леташняга буйнога мінскага фестывалю на адкрытым паветры не мае якіх-небудзь выразных перспектыў па яго далейшым развіцці. Таму, што ў Мінску FM-станцыі, за выключэннем дзвюх, — на адзін фармат. Ажыўленне ў зале выклікала заява віцэ-прэзідэнта па рэгіянальным развіцці “Нашага радыё” Максіма Мазураўскага, што хутка яно пачне ўкараняцца ў мінскі радыёэфір з дапамогай уласных праграм на сталічных станцыях, а ў бліжэйшай перспектыве адкрыццё прадстаўніцтва знакамітага маскоўскага вяшчальніка ў Мінску. Паведаміў Максім і пра тое, што не за гарамі правядзенне ў Беларусі аналага вядомага фестывалю пад адкрытым небам “Паветра”. Урэшце, і на тым радыё, і на фестывалі, натуральна, будзе гучаць наша музыка.

І яшчэ цікавая інфармацыя, агучаная калегамі з суседніх краін. Зоркі першай велічыні ў Беларусі практычна не выступаюць з-за таго, што адзін такі канцэрт патрабуе спонсарскай падтрымкі ў 100 — 150 тысяч у.а. У нашых бізнесменаў такіх грошай на музыку няма, а расійскія прыватнікі ўкладваюцца ў аналагічныя мерапрыемствы, якія праводзяцца на нашай тэрыторыі, вельмі рэдка і з вялікай неахвотай. (Дарэчы, беларускі прадзюсар Алег Ціханаў у рамках сваёй панэлі распавёў пра тое, як варта працаваць са спонсарам: трэба ў яго не прасіць грошай на праект, а прапаноўваць яго купіць... А яшчэ Алег даходліва патлумачыў музыкантам, як правільна пісаць электронныя лісты арганізатарам фестываляў.) Ганарары за канцэрты заходніх выканаўцаў у Беларусі ў сярэднім на 20 — 25 працэнтаў ніжэйшыя, чым ганарары за іх выступленні ў Расіі. А кошт арэнды памяшканняў у нашых краінах супастаўны.

Беларусы, са свайго боку, дапоўнілі: за апошнія сем гадоў у Мінску істотна павялічылася колькасць канцэртаў артыстаў як з далёкага замежжа, так і з суседніх краін. Пры гэтым канкурэнцыя паміж пракатнымі арганізацыямі — цывілізаваная, і фактаў ганарарнай вайны (перакупкі музыкантаў) амаль няма. А вось прыватных канцэртаў ды карпаратываў, якія арганізуюцца ў Беларусі расійскімі кампаніямі, стала менш. Апошняе тут жа абверг наш прамоўтар. Гэта значыць, нестыкоўкі месца мелі. Расійскi бок казаў пра стан спраў у музычнай індустрыі Беларусі са сваёй званіцы, беларуская ж бiла пра сваё. Ісціна, як кажуць, пасярэдзіне. Напэўна, дадзеная канвенцыя была карысная і пры такіх рознагалоссях.

Язык да “Грэмі” давядзе

— Спачатку я хачу выказаць удзячнасць арганізатарам за тое, што яны сабралі нас, каб мы змаглі зразумець, што і як адбываецца ў айчыннай музычнай індустрыі, — адказаў арганізатар фэсту “Вольнае паветра”, дырэктар агенцтва “Лінія гуку” Уладзімір ШАБЛІНСКІ. — Парадаксальна, вядома, але самім нам стварыць нешта падобнае пакуль, мабыць, не пад сілу. Патрэбнасць такіх форумаў у выглядзе абмену думкамі спецыялістаў — відавочная. Як трэба дзейнічаць, куды рухацца, што і каго рухаць, як пазбегнуць памылак, як зарабіць — усё гэта рэчы актуальныя. Мы — і я гэта кажу аб прафесіяналах — настолькі мала інфармаваны пра тое, як працуе сусветная машына шоу-бізнесу, што, гледзячы на некаторых сваіх беларускіх калег, разумееш: збянтэжанасць часам бярэцца ад іх дылетанцтва, ад іх няўмення. Яны зноўку адкрываюць тое, што даўным-даўно адкрыта. А яшчэ часам — нежаданне мець зносіны адно з адным. Ты ж сам усё гэта тут бачыў. І дадзены форум... Як гэта... “Падыміце мне павекі...” Рэкамендацыі і парады дадзены, цяпер трэба зрабіць правільныя высновы і працаваць.

— А беларуская шоу-індустрыя заслугоўвае размовы пра сябе ў такім фармаце?

— Безумоўна. І, павер мне, грошы ў ёй круцяцца вялізныя. Абмяркоўваючы пытанні, асабліва прафесійныя, творчыя, калі хочаш, правільна казаць і пра фінансы, якія ўкладаюцца ў артыстаў, заробленыя на музыцы. А мы ўсё яшчэ сарамліва апускаем вочы долу і паніжаем голас, калі гаворка ідзе пра грошы. Варта казаць пра законы, што не дапамагаюць музычным бізнесменам, а, як мінімум, ускладняюць іх дзейнасць. Пра тое, як прадаваць нашых выканаўцаў у сябе ў краіне і за яе межамі.

— Ты каго б “за бугор” прадаў з задавальненнем?

— Фантастычную “Троіцу” — вось які нацыянальны набытак, мне падаецца, варта было б паказаць свету! Яны і прадаваліся, цяпер жа, па-мойму, неяк менш...

— “Троіца”, “Троіца”, “Троіца”... Акрамя “Троіцы”, “Палаца” ў нас нешта ёсць яшчэ?! Беларускамоўнае, якое можна прадаць масаваму замежнаму гледачу?!..

— Хіба “Альтанка”. Там выдатная вакалістка Дар’я Лаўрэнцьева. Але... Я выкажу, хутчэй за ўсё, спрэчнае меркаванне. Беларускамоўныя музыканты, у сваёй аснове, людзі парадаксальныя: з аднаго боку, яны лічаць, што ім дастаткова існаваць у замкнёнай прасторы, несучы гэткую “выбранасць”. З іншага ж, яны ўпэўнены, што прыналежнасць да беларускасці павінна аўтаматычна адкрываць перад імі ўсе дзверы: лэйблаў, фестываляў, СМІ. Але адной аўтэнтычнасці мала — патрэбен прадукт, патрэбна разуменне таго, на якую аўдыторыю ты працуеш. Зрэшты, гэта датычыцца ўсіх музыкантаў, і не важна, на якой мове яны спяваюць...

На “Colisium” размаўлялі на мове прафесійна-музычнай. Адрозненне заключалася ў тым, што, як выказаўся спадар Шаблінскі, “варагі” глядзеліся пры гэтым як тыя, хто даўно скончыў ВНУ і стаў спецыялістам, а некаторыя іх беларускія калегі выконвалі ролю першакласнікаў, якiя ўпершыню ўзялі ў рукі буквар. І гэта не папрок, а канстатацыя. Малайцы, што ўзялі, у адрозненне ад тых, хто думае, што ўсё ў шоу-бізнесе ведае, а калі так, то і падобныя канвенцыі ім не патрэбны. Многія “як бы веды” прымнажаюць многія відавочныя недахопы, таму ён часам і выглядае ў нас крывенькiм...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"