Вячаслаў ШАРАПАЎ: “Калі выпраменьваеш энергію, дык спажывец знойдзецца”

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

У цэлым для нас сітуацыя з канцэртнай дзейнасцю ў Беларусі складвалася спрыяльна. Асабліва калі знаходзіш агульную мову з кіраўнікамі культуры рэгіёнаў, сярод якіх абсалютная большасць актыўных, прафесійных і старанных людзей, — тады насамрэч удаецца наладзіць свята для гледачоў і для саміх сябе.

 /i/content/pi/cult/146/996/Sharapau1.jpg

— Напачатку — некалькі лічбаў. У 2007 годзе Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” правёў 76 канцэртаў, што на 10 канцэртаў больш запланаванага. Уласныя даходы склалі 246,1 мільёна рублёў (пры плане ў 190 мільёнаў). Аказана платных паслуг на суму 43 мільёны рублёў. Пры гэтым сярэднямесячная зарплата работнікаў замест запланаваных 687,9 тысячы склала 700 тысяч рублёў.
Побач з названымі лічбамі хацелася б падзяліцца развагамі адносна канцэртнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. (Гэта датычыць галіны эстраднага мастацтва.)
Можна шмат казаць пра тое, што час і жыццё стварылі сучасны “фармат”, новы музычны “мейнстрым”, які актыўна прапагандуюць і праматыруюць СМІ. Перспектыўная частка аўдыторыі — моладзь — выхоўваецца менавіта на гэтым “прадукце” і лічыць такую музыку найбольш “прагрэсіўнай”. Паколькі ні адмяніць, ні забараніць гэта сёння немагчыма, застаецца арыентавацца на нейкі сегмент аўдыторыі, які здольны ўспрымаць іншае мастацтва.
На шчасце, такіх людзей становіцца ўсё больш і больш, бо поп-музыка ў сваім эфірным увасабленні не прэтэндуе на тое, каб быць прадметам мастацтва, з’яўляючыся прадметам “шырспажыву”.
Паколькі нам цяжка ўплываць на палітыку радыё і тэлебачання, застаецца шырока выкарыстоўваць магчымасці Інтэрнета. Было вельмі прыемна, знаходзячыся ў Таджыкістане, Малдове, сустракацца з журналістамі, якія рыхтаваліся да інтэрв’ю са мной, абапіраючыся на інфармацыю, што ўтрымліваецца на нашым сайце. Бадай, ніводзін з тэлеканалаў сёння не ў стане канкурыраваць з Інтэрнетам па мабільнасці, даступнасці і эфектыўнасці. Галоўнае — разумна выбудоўваць уласную інфармацыйную палітыку, звяртаючы асаблівую ўвагу на эстэтыку афармлення сайта, што ў поўнай ступені адлюстроўвае творчае крэда любога калектыву.
У цэлым для нас сітуацыя з канцэртнай дзейнасцю ў Беларусі складвалася спрыяльна. Асабліва калі знаходзіш агульную мову з кіраўнікамі культуры рэгіёнаў, сярод якіх абсалютная большасць актыўных, прафесійных і старанных людзей, — тады насамрэч удаецца наладзіць свята для гледачоў і для саміх сябе.
Спадзяюся, што і надалей нам будзе гэта ўдавацца, і наш глядач зможа ўбачыць новыя

 /i/content/pi/cult/146/996/Sharapau2.jpg

“Песняры”

праграмы “Песняроў”.
Вельмі няпроста, асабліва ў летні перыяд, вырашаюцца пытанні з транспартам, што ўскладняе правядзенне канцэртнай дзейнасці ў гэты час. Яшчэ неабходна зразумець, што наша рэспубліка мае пэўны геаграфічны і дэмаграфічны ліміт.
І мы непазбежна, рана ці позна, цалкам вычарпаем свае магчымасці. Акрамя таго, неабходна ўлічваць і спецыфіку падрыхтоўкі новых праграм, для якіх патрабуецца час і стан адноснага спакою.
Казаць пра нашы бязмежныя магчымасці ў гэтай галіне таксама вельмі няпроста. Гэта працаёмкі і паступовы працэс, тут, на мой погляд, неабходна ісці, хутчэй, не ад эканамічнага планавання, а ад карпатлівага “прасочвання” праз наяўныя структуры шоу-бізнесу, дэманструючы свае моцныя бакі (жывы гук, шчыры падыход да справы, вернасць пазіцыям высокай эстэтыкі). Гэта не дасць хуткага плёну, але дазволіць з часам заняць сваю нішу ў складанай сістэме шоу-бізнесу блізкага і далёкага замежжа. Канкрэтыку пакажа бліжэйшы год. Аналізуючы яго вынікі, можна будзе спрагназаваць нашу будучыню на экспартным накірунку.
А ўвогуле, прырода ўладкавала так, што ўсё жывое на зямлі цягнецца да цяпла і святла, і калі наша мастацтва будзе шчыра выпраменьваць цяпло і святло, дык, напэўна, знойдзецца і масавы спажывец гэтай энергіі.

Вячаслаў ШАРАПАЎ,
дырэктар і мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы
“Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”