Як паказваць інсіт?

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Ці заўжды да месца кантэксты ў экспазіцыі, або "Правільная выстаўка" — практычна немагчымая?
Выстаўка работ Алены Кіш “На шчасце” ў Галерэі Міхаіла Савіцкага выклікала абмеркаванні і ў Інтэрнэце. У сацыяльных сетках былі выказаны думкі і наконт далейшай працы па папулярызацыі спадчыны мастачкі, заўвагі ў дачыненні да пабудовы экспазіцыі. Гутарка, якая разгарнулася паміж куратарам выстаўкі, галерыстам і культуролагам Таццянай БЕМБЕЛЬ, філосафам, культуролагам Вольгай ШПАРАГА, сацыёлагам Ірынай САЛАМАЦІНАЙ, старшынёй агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА “Тут Бай Медыя”, заснавальнікам УП “Надзейныя праграмы” Юрыем ЗІСЕРАМ, дае падставы паглядзець на “з’яву” Алены Кіш і яе творчасць у розных кантэкстах. Урэшце, жывая прафесійная палеміка — заўжды на карысць, таму са згоды яе ўдзельнікаў публікуем фрагменты.

Olga Shparaga: “На мой погляд, выстаўка зроблена без дакладнай канцэптуалізацыі, так што мы бачым неверагодныя работы на фоне фільма пра “перамогі камунізму”. З выстаўкі ніяк не вылічыш той кантэкст, у якім працавала Кіш: галечы, страху і знявагі. Так што ейныя работы, хутчэй за ўсё, былі ўцёкамі ад рэальнасці інакш ні іх формы, ні колеравай гамы ды сюжэта не патлумачыш, як мне падаецца. Хоць адказы на гэтыя пытанні можа даць толькі даследаванне, якое альбо не праведзена, альбо не агучана. Пры неабходнай кантэкстуалізацыі работы маглі б шмат распавесці пра паўсядзённае жыццё 1930 — 1940-х у беларускай глыбінцы. Рабіць такім чынам выстаўкі — няправільна!”

Irina Solomatina: “Падобныя выстаўкі магчымыя, паколькі ёсць калекцыянеры, якія хочуць паказваць свае калекцыі. А правільная/няправільная выстаўка ім усё роўна”.

Tatiana Bembel: “Задачай было не даць згніць у вільгаці работам, адрэстаўраваць дзве з іх (наперадзе трэцяя), забяспечыць фізічную захаванасць  даступнымі ў дадзены момант сродкамі, у тым ліку фінансавымі, якія трэба было знайсці. Зараз, калі работы перад вамі, кантэкстуалізуйце на здароўе”.

Irina Solomatina: Таццяна, пагаджуся з тым, што ўсю гэтую спадчыну належыць захоўваць, рэстаўрацыя ж дарагая З аднаго боку, я рада, што ёсць калекцыянер, які прасоўвае неабходнасць захавання работ Кіш, з іншага не магу не пагадзіцца з Вольгай адносна не зусім удалай формы выстаўкі”.

Tatiana Bembel:  Прапануйце ўдалую, на ваш погляд, форму далучайцеся да  рабочай групы. Казаць лёгка Мы маем намер і далей апекавацца спадчынай Алены Кіш. Найперш у фізічным плане, таму што сітуацыя наогул катастрафічная. І яшчэ. Прызнацца, я з асцярожнасцю  стаўлюся  да ўжывання слова “правільна ва ўсім, што датычыцца мастацтва...”

Olga Shparaga“Мяркую,  да рабочай групы належыць/варта далучыць, у першую чаргу, тых, хто займаецца гэтым перыядам гісторыі і вуснай гісторыяй (ёсць такі праект у Інтэрнэце)”.

Irina Solomatina: Я таксама супраць выкарыстання словазлучэння “правільная выстаўка”. Тут можна было зрабіць акцэнт не толькі на тое, што ёсць калекцыя і што Кіш упісана ўжо ў энцыклапедыю, а паглядзець на яе гісторыю з розных бакоў. Буду рада ўцягнуцца ў на ступнае планаванне выставак Кіш”.

Tatiana Bembel: “На  самой справе, ёсць даволі шмат адасобленых тэкстаў ды іншых вынікаў працы людзей, якія, не ведаючы адно пра аднаго, альбо пісалі пра Кіш, альбо даследавалі яе іншым чынам. Сабраць усё гэта асобная праца, і яна у планах нашай ініцыятыўнай групы, якая вымушана адначасова думаць яшчэ і пра сродкі, што забяспечваюць гэты праект.

Irina Solomatina: У свой час хацела пісаць работу пра Кіш, але з-за абмежаванасці доступу да “адасобленых тэкстаў пра яе не атрымалася. Мяне яе гісторыя кранае!”

 

Tatiana Bembel: “Наконт кантэксту: магчыма, у сувязі з мастацкай прафдэфармацыяй у мяне звычка вызначаць  як прыгажуню жанчыну, чыя знешнасць вытрымае “аголеную галаву” і адсутнасць макіяжу. Тое ж самае з арт-з’явамі.Неферціці яна і без кантэксту Неферціці. Хоць — хто ж супраць пагаманіць пра ўсю гэтую “кучаравую бутафорыю” навокал? Мяне гісторыя Кіш кранае не больш, чым гісторыя соцень іншых няшчасных жанчын. Мяне кранаюць яе работы. Яны вытрымліваюць тое ж самае “агаленне”,  могуць  абысціся і без “макіяжу” тлумачэнняў. Пад апошнім я маю на ўвазе, што яе творы вытрымліваюць прадстаўленне і без імені, і без полу; кожны не самы бяздарны мастак скажа: гэта крута, бо зроблена вельмі моцнай хваткай. Мае назву таленту. А паўсядзённасць у падобных выпадках цікавая толькі настолькі, наколькі мастаку N удалося з яе выскачыць”.

Irina Solomatina: “Дык гэта ж самае цікавае: вывучаць сацыяльныя ўмовы, пры якіх з’явілася магчымасць для рэалізацыі у 1920-я гады! і з’яўлення фігуры Кіш”.

Tatiana Bembel: “Кожнаму сваё Мне цікавая ейная мова і тое, што яна намагаецца ёй сказаць. Паверце, мастакі глядзяць на Кіш інакш, чым сацыёлагі. Удакладню яшчэ адзін нюанс па прыярытэтах: арт-феномен можа дазволіць сабе быць разгледжаным і без кантэксту,а кантэкст без арт-феномена — нават калі гэта пустэча, дзірка ў сэнсавай прасторы на тым месцы, дзе можа быць арт-феномен, нічога не можа”.

Yury Zisser: “Работы Кіш выдатныя самі па сабе і ў "ідэалагічных мыліцах" не маюць патрэбы. Таленавітыя творы мастацтва і адрозніваюцца ад неталенавітых тым, што маюць самастойную каштоўнасць (прыгажосць) па-за часам ды кантэкстам і не патрэбуюць дадатковых інтэрпрэтацый ды аздоб. Я з цяжкасцю ўяўляю сабе выстаўку палотнаў Рэмбранта, ператвораную ў сюжэт пра нараджэнне капіталізму ў Галандыі, Венеру Мілоскую як праяўленне  антычнай дэмакратыі альбо творы Пірасмані ў кантэксце імперскага прыгнёту. А ў музыцы не люблю, калі Баха выконваюць у камзолах і накрухмаленых каўнярах. Гэта розныя мерапрыемствы з рознымі мэтамі, і мне падаецца правільным, што мастацкая выстаўка не ператварылася ў інсталяцыю. Тым больш, што выстаўка першая”.

Olga Shparaga: Кожная выстаўка ў любой кропцы свету мае інфармацыйнае суправаджэнне: гады, у якія былі створаны работы, інфармацыя пра аўтара і г.д. Было яно і ў выстаўкі Алены Кіш яшчэ і ў выглядзе фільма. Мая заўвага датычылася, што паказанае ў стужцы не адпавядала “рэальнасці”, у якой стварала работы Алена. Параўнанне ж яе твораў з работамі Русо немагчымае без разумення кантэкстаў, у якіх працавалі абое мастакі. А пра тое, ці ёсць у твора самастойнае значэнне па-за гісторыяй і культурай, шмат тэарэтычных  спрэчак (з удзелам саміх мастакоў), таму не ўсе гледачы, у тым ліку і я, падзяляю ваш, Юрый, пункт погляду”.

 

Yury Zisser: “Вольга, дзякуй за адказ! Для першай выстаўкі арганізатары, як я разумею, узялі той адзіны фільм, які быў зроблены без выезду на месца. На мой погляд, Алена Кіш, безумоўна, заслугоўвае больш глыбокай стужкі. Проста вы ў першым посце напісалі “выстаўка зроблена без ўсялякай дакладнай кантэкстуалізацыі”. Калі вашы пытанні толькі да фільма, я згодзен з вамі. Як цалкам згодзен і ў тым, што без разумення кантэксту мастака зразумець нельга. Пытанне ў тым, якім чынам адлюстраваць кантэкст эпохі ў выстаўцы, каб не ператварыць яе ў інсталяцыю, дзе кантэкст засланяе тэкст”.

Tatiana Bembel: “Вось бачыце, спадарыні, уласна, усё падрыхтавана для нават патэнцыйна гарачага “круглага стала вакол постаці  Алены Кіш. Мая прапанова  застаецца  ў сіле. Пакажыце “правільны ў вашым разуменні вынік так, каб гэта было відавочна і іншым. Што да фільма пра Алену Кіш, было б цікава пачуць ваш дыялог на закранутыя тэмы ўжывую. Адважуся меркаваць, што гэта была б яскравая ілюстрацыя вось чаго: выбар таго, што даследчык называе кантэкстам той або іншай арт-з’явы, яшчэ больш суб’ектыўная і аўтарская рэч, чым сама з’ява. Менавіта таму мы, арганізатары выстаўкі, прынцыпова адмовіліся ад экспанатаў з шэрагу “Алена Кіш у творчасці беларускіх мастакоў”. Тое, што вы хацелі б бачыць на выстаўцы, таго ж плана: “Алена Кіш у творчасці беларускіх гуманітарыяў”. Ёсць фарматы прэзентацыі, калі не трэба навязваць інтэрпрэтацыі побач з арыгіналамі. У спецыяльна адведзеных месцах/праектах/фарматах  — калі ласка. Але толькі гэта, як правільна адзначыў Юрый Анатольевіч, зусім з іншым пасылам гісторыя”.

Irina Solomatina“Публічныя абмеркаванні канструктыўныя, калі абмеркаванне тэмы адбываецца па пунктах і з мэтай знайсці адпаведнае рашэнне ці кампраміс. У тым або іншым выпадку ўсе матываваны, аргументуюць свае выказванні, выслухоўваюць іншых і гатовы прыняць адрознае (іншае) меркаванне, як тое, якое мае права быць, г. зн., маецца на ўвазе гнуткасць, рэфлексія і адкрытасць да пазіцыі іншага”. Бо могуць быць разнастайныя прадметныя галіны, здольныя перакрыжоўвацца (або не перакрыжоўвацца). Ды ўвогуле, ці можна сёння разглядаць  адну толькі галіну як аснову іншай, ці трэба прымірыцца з наяўнасцю шматлікасці паралельных дыскурсаў? Калі “з’яву Кіш” разглядаць як аб’ект даследавання, што немагчыма  адкрыць  адным ключом, але шматлікімі (ключамі/метадамі) ў разнастайных  паслядоўнасцях, — тое магчыма. Менавіта таму і патрэбна ведаць/асэнсоўваць напісанае пра яе раней”.

Olga Shparaga: Тое, што работы Кіш падабаюцца “самі па сабе” (хоць у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра спецыяліста ў яе творчасці), акурат звязана з тым, што яна на ўзроўні спосабу свайго візуальнага выказвання праз беларускі кантэкст убудавана ў сусветны: асацыяцыі з мастакамі, якія працуюць у такой манеры, узнікаюць аўтаматычна, і гэта дапамагае ўступіць у дыялог з ейнымі работамі. Але гэта, на мой погляд, толькі ўзмацняе задачу ўказаць на тыя канкрэтныя ўмовы, у якіх гэтая мастачка працавала, каб зразумець, што (і як), магчыма, выходзіць нават за іх межы (гаворка  ідзе пра сталінізм  30-х)! Таксама важна распавесці, як сёння адбываецца работа па аднаўленні яе твораў. Такія звесткі магчымыя, ці нават павінны быць, у апісанні выстаўкі. Ні пра які кантэкст “гума- нітарных ведаў гаворкі не ідзе: гэта тэма для канферэнцыі не для выстаўкі. Маё меркаванне абумоўлена яшчэ і тым, што ў нашым культурным кантэксце бракуе ведаў нашай лакальнай паўсядзённасці, і выстаўкі немінуча вырашаюць адразу некалькі задач. Або не вырашаюць, хоць і могуць гэта рабіць”.

Tatiana Bembel:  “Вольга,  выходзіць “за межы кожны сапраўдны мастак  гэта па ўмаўчанні. Ці сталінізм 30-х, ці пераследаванні інквізіцыі, ці 100-гадовая вайна, ці Першая сусветная усё адно, калі разглядаць сітуацыю тыпалагічна. Мы глядзім з боку мастака: не ад чаго ён сышоў, а куды. А сыходзяць заўжды ў адно і тое ж месца. Вось законы гэтага месца тое цікава. Але яно па-за часам. Гэта можна паказаць і на прыкладзе Гоі, і Рэмбранта, і Фрыды Кало (гэта на ўсялякі выпадак, каб Іра зноў не стала камплексаваць на тэму “чаму нас зноў не згадалі?”). Наконт убудаванасці ў сусветны кантэкст: мы дзеля гэтага прывезлі энцыклапедыю. Там 500 імёнаў: акрамя Русо і Пірасмані — 498. Самаўпэўненая самапальнасць беларускіх мастацтвазнаўчых экзэрсісаў — гэта таксама ў пэўным сэнсе наіўнае мастацтва. Лепш аніяк, чым так. А вось падрыхтаваць глебу для больш сур’ёзнай працы — гэта годная справа. Што мы і робім. Згадка ж Русо і Пірасмані… Мы (рабочая група) зараз павінны не столькі разважаць, колькі хутчэй дзейнічаць”.

Olga Shparaga: “Не, не адно і тое ж. Калі б гэта было так, аніякіх даследаванняў эпохі, ды яшчэ ў лакальным кантэксце, рабіць не трэба было б. І куды мастакоў адрозніваецца, таму Кіш не падобная да Савіцкага, напрыклад, яны выходзяць  у розныя сімвалічныя кантэксты. Па-за часам існуе толькі Бог, а людзі існуюць заўжды ў часе, але вось час гэты можа разумецца вельмі па-рознаму. Але гэта тэарэтычныя спрэчкі, я вельмі рада, што ў цэлым нашы інтэнцыі супадаюць. Я буду падключацца па меры патрэбы і сіл. Поспехаў вам!”

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"