Для радасці

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Адным з кiрункаў дзейнасцi ўстаноў культуры Мазыршчыны з’яўляецца адраджэнне беларускай культуры: народных звычаяў, абрадаў, традыцый, рамёстваў. Яркiм доказам таму можна лiчыць дзейнасць ансамбля народнай музыкi “Радунiца”. Гэта першы на Гомельшчыне калектыў, які пачаў працаваць у змешаным жанры. Ён створаны з невялiчкай групы аматараў беларускага фальклора раённага Дома культуры ў сакавiку 1989 года. Яго арганiзатарам стаў дырэктар раённага дома культуры Мiкалай Туравец — чалавек з творчай душой i cэрцам, поўным любовi да песеннага, музычнага i танцавальнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/469/9954/10-10.jpg

Артысты-аматары не толькі канцэртуюць, але і займаюцца пошукава-збiральнiцкай, краязнаўчай работай. Пад час фальклорных экспедыцый на Мазыршчыне сабрана больш за 300 розных песень, жартаў, прымавак, якія ажылі на сцэне. У складзе аматарскага калектыву амаль пятнаццаць чалавек, якiх злучае любоў да фальклорнай спадчыны Мазырскага Палесся. Узрост — ад 16 да 65 гадоў. I кожны з iх — вiртуоз, унiверсал: добра спявае, танцуе, грае на iнструменце.

Сёння у рэпертуары — больш за 60 песень i 20-цi розных танцаў. З 1992 года ансамбль носiць званне “народны”. Ён з’яўляўся пераможцам і лаўрэатам рэгiянальнага фестывалю танца “Пярэзвы” (Бабруйск), рэспублiканскiх фэстаў “Звiняць цымбалы i гармонiк” (Паставы), “Аўцюкi” (Калiнкавiцкi раён), “Беларусь — мая песня” (Мінск), выступаў на міжнародных конкурсах у Бранску, Трубчэўску…

З поспехам пабывала “Радуніца” ў Германiі, Малдове, Прыбалтыцы, Украіне… Гомельскае абласное тэлебачанне стварыла пра ансамбль вiдэафiльм. Выпушчаны аўдыёальбом i кампакт-дыск.