"Нашых публіка не бачыць ва ўпор..."

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Няпростае інтэрв'ю з прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні- 2014"
У маі на “Еўрабачанні-2014” у Даніі нашу краіну прадставіць спявак ТЭА (ён жа — Юрый Вашчук) з песняй “Cheesecake”. Беларускі адборачны тур да гэтага конкурсу, як вы памятаеце, скончыўся традыцыйным “разборам палётаў”, калі дуэт “Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя” аспрэчыў вынікі “спаборніцтва”, заявіўшы вусна і эпісталярна, што на самой справе пераможцам з’яўляецца ён. Але страсці бушавалі нядоўга: пераглядаць вынікі адбору не сталі. Маё інтэрв’ю з Юрыем-Тэа, што задумвалася як візітоўка артыста і перарасло ў сур'ёзную гутарку з узніманнем шэрагу праблемных кропак айчыннага шоу-бізнесу, і пачалося з успамінаў пра тую гісторыю...

/i/content/pi/cult/469/9953/6-1.jpg

“Еўрабачанне”: ні года без скандалу…

— За той час, што ты варышся ў шоу-бізнесе, паміж табой ды іншымі артыстамі здараліся скандалы, канфлікты на глебе творчасці альбо “калятворчасцi”?

— Я абсалютна не скандальны чалавек, ніколі не правакаваў канфлікты і непаразуменні імкнуўся вырашаць мірным шляхам. Але сiтуацыю, што ўзнікла пасля фінальнага адборачнага тура да “Еўрабачання”, я не назваў бы скандалам, бо сам у той разборцы не ўдзельнічаў: ініцыятыву выяўляў толькі незадаволены вынікам бок. Але мне шкада, што падобнае стала ў нас нормай...

— Уяві сябе на месцы дуэта “Макс Лорэнс & ДзіДзюЛя”: задумаў бы бучу?

— Не.

— Гэта значыць, як я разумею, для цябе не ўсе сродкі добрыя ў адстойванні свайго пункта гледжання?

— Я, вядома, аспрэчу чыёсьці меркаванне, якое датычыцца маёй творчасці, калі буду абсалютна ўпэўнены, што не “налажаў” у нейкай песні або аранжыроўцы. Але да публічнай сваркі дакладна не дайшло б. Сам я, дарэчы, у чужую творчасць не лезу і нікога не вучу, што і як трэба рабіць.

— А ў цябе ёсць класная тэорыя, чаму практычна кожны адбор на “Еўрабачанне” ў нашай краіне заканчваецца грызнёй?

— Артысты ж — людзі ранімыя, вельмі эмацыйныя. І любую сваю няўдачу яны прымаюць блізка да сэрца, аж да пякучай крыўды. Адсюль і выкід адрэналіну, абвінавачванні ўсіх і ўся. Хтосьці потым супакойваецца, іншы ж і праз гады не можа камусьці нешта дараваць...

— Ага, а некаторыя айчынныя выканаўцы кашулю гатовы парваць на сабе і на саперніках, абы трапіць на “Еўрабачанне”, хіба не так?

— Мне таксама гэтак жа здаецца. У 2008 годзе мы разам з Ганнай Благавай спрабавалі сваю ўдачу ў адборы — не атрымалася, але пасля гэтага свет для нас з ёй не паваліўся. Трэба прасцей успрымаць конкурс. Я не кажу, што на яго варта адпраўляць кандовую самадзейнасць, але ставіцца да “Еўрабачання”, нібы да Алімпіяды, няправільна...

— Ты змяніў бы, каб меў магчымасць, што-небудзь у беларускім “Палажэнні аб правядзенні Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні “Еўрабачанне”?

— Не думаў пра гэта. Але ўсё на водкуп адным гледачам я не аддаваў бы дакладна. Таму што прыхільнікі таго або іншага засвечанага або адносна засвечанага артыста пры любым раскладзе галасавалі б толькі за яго, і шанцы выканаўцы, які мала каму вядомы, нават пры наяўнасці ў яго супервыдатнай песні, аказваюцца мізэрнымі. Я — за галасаванне і гледачоў, і прафесійнага журы.

А ты хто такі?..

— “Папрасую” цябе “чужымі рукамі”. Адзін мацёры музычны журналіст здзіўляецца, што гэта, маўляў, за артыст такі: другі дзясятак гадоў працуе ў аркестры Фінберга і не выпусціў за гэты час ніводнага альбома, не даў ні аднаго сольнага канцэрта? Маўляў, каго мы пасылаем у Данію?!.

— Цікавае выказванне... Што такое ў цяперашні час у нашай краіне ва ўмовах айчыннага шоу-бізнесу альбом? Справаздача перад тусоўкай, што ён у выканаўцы ёсць? У эпоху Інтэрнэту ККД ад яго выдання — мінімальны. Гэта на Захадзе пласцінка ўсё яшчэ з’яўляецца камерцыйным прадуктам, калі пад яе арганізуюцца тур, прома-акцыі. Я мог бы выпусціць тры альбомы — матэрыялу стае. Але рабіць гэта проста так, выкідваць грошы, загадзя ведаючы, што ты іх не адаб’еш… Навошта? Толькі, калі ёсць нагода. Зараз яна ў мяне з’явілася: “Еўрабачанне”. Да таго ж, песня “Cheesecake”, якую я буду там выконваць, нехарактэрная для мяне, у гэтым жанры я яшчэ да нядаўняга часу не працаваў, таму, быць можа, сапраўды мае сэнс запісаць альбом, які складаецца са стылістычна падобных на гэты трэк кампазіцый. Што да сольных канцэртаў, то “мацёры музычны журналіст” проста не ведае, што яны ў мяне былі і ёсць. А наогул, падыход своеасаблівы: калі ў артыста няма пласцінак, няма канцэртаў, то яму няма чаго рабіць на “Еўрабачанні”. А як жа тыя праекты, якія ствараліся ў розных краінах спецыяльна пад конкурс? А як жа тыя спевакі, для каго конкурс стаў дэбютным ці адным з першых выступленняў — і адразу перад мільённай тэлеаўдыторыяй: напрыклад, той жа Рыбак?

О’кей. Алена Ланская параіла канкурсантам, якія не валодаюць унікальным голасам, звярнуць у такім выпадку больш пільную ўвагу на візуальны складнік іх нумара дляЕўрабачання”. Нефанаты Тэа маглі вытлумачыць яе словы, што называецца, у лоб: нейкі не ўнікальны голас у Тэа...

Унікальнасць  голасу не ў яго сіле і не ў колькасці актаў. І спяваць не значыць крычаць. Еўрабачанне не конкурс вакалістаў, калі ты ўсім дэманструеш асаблівасці ніжняга рэгістру або здольнасць ўзяць залімітавую ноту. Усё гэта выдатна, але калі песня нулявая, то і атрымаеш ты адпаведны бал. Глядач галасуе за ўсё ў сукупнасці: голас, песня, імідж, драматургія нумара, асобу артыста.

А што, сапраўды, з візуалізацыяй і ў цэлым з падрыхтоўкай да Еўрабачання”?

Пакуль я не магу назваць таго, хто будзе ставіць нумар. Ідуць перамовы з прадстаўнікамі Расіі, Швецыі, нашымі харэографамі.  Сам “падтачыў аранжыроўку песні, нікога з замежных аранжыроўшчыкаў да гэтага працэсу падключаць не сталі. Займаюся з выкладчыкам англійскай мовы: канкрэтна працуем над вымаўленнем, над песняй, каб яна спявалася, а, значыць, слухалася нармальна. У рамках прома-тура будуць выступленні ў Літве, Латвіі і Галандыі. І на свой канцэрт у маскоўскім “Крокус Сіці Хол запрасіла Дзіна Гарыпава леташняя расійская ўдзельніца Еўрабачання”. Не выключана, што спяю там з ёй дуэтам.

— Добрыя вы людзі, артысты. Возьмеш кожнага паасобку — добры чалавек, а памкняцеся “кагалам” за кулісы, дапусцім, Нацыянальнай музычнай прэміі — серпентарый нейкі...

— Праўда? Ну, не ведаю... Так ужо і змеі?.. Ты пра тых, хто ў твар усміхаецца, а за спінaй гадасці кажа? А ў тваім жыцці такога няма? У мяне роўныя, нармальныя адносіны з калегамі. З кімсьці лепш. Сярод іх ёсць добрыя прыяцелі, ёсць сябры.

— Назавеш?

— Сяброў? Калі ласка: Саша Нэма — даўно з ім маю зносіны; Лёня Шырын — не толькі мой сааўтар, але і вельмі духоўна блізкі чалавек; Слава Нагорны з Лесяй Кодуш — слаўная пара, таксама сто гадоў з імі знаёмы. Аркестр — гэта наогул мая другая сям’я. А вяртаючыся да тваёй фразы пра серпентарый... Мне чамусьці здаецца, што, калі такое і сустракаецца, то больш у дзяўчат, бо ў хлопцаў усё прасцей, а пра гендэрныя канфлікты “артыстка-артыст я ўвогуле не чуў.

А чыіх новых работ заўсёды чакаеш?

Б’янкі. Я з Таняй пазнаёміўся, калі ёй было 14 гадоў. Яна была тады ну такая жывая, проста скакала ад энергіі, якая яе перапаўняла, і творчай, і ўнутранай!..

І выскачыла! (смяёмся. А.К.)

Саша Нэма цікавы. Але, ты ведаеш (нікому не ў крыўду), годных песень стала менш. Прадукту шмат, а выбраць няма з чаго. І тычыцца тое не толькі беларускай музыкі. Шоу-бізнес гэта ж крывая, якая то ўверх, то ўніз. Зараз зацішша ва ўсім свеце: няма артыста, па якім бы ўсе з глузду з’ехалі, няма такіх песень. Яма, карацей.

Пра цябе шырокая публіка даведалася,  па вялікім  рахунку, пасля таго, як ты перамог у 2011-м у намінацыі “Адкрыццё года Нацыянальнай музычнай прэміі. Да яе Тэа ад слухача хаваўся, ці што?

А Тэа паўстаў менавіта ў тым годзе, да таго быў (і ёсць) Юрый Вашчук. Я сябе цалкам камфортна адчуваў пад сваімі сапраўднымі імем і прозвішчам. Так, я пісаў песні сабе ды іншым, аранжыраваў, але з’яўляўся перш за ўсё адным з салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра краіны пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А ў 2011-м рашыўся на тое, каб заявіць пра сябе і па-за калектывам, ну а паколькі тое, што я рабіў для сябе, у корані адрознівалася ад таго, што спяваў у Міхаіла Якаўлевіча, то натуральным было і з’яўленне псеўданіма.

Тэа-Вашчук сёння тройчы лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі —  амаль, як Домрачава на сочынскай Алімпіядзе! Перамога ў якой з намінацый “Адкрыццё...”, “Лепшы аранжыроўшчык (2012), “Лепшы аўтар музыкі” (2013) для цябе найбольш істотная і дарагая?

—   У   намінацыі “Лепшы аранжыроўшчык”. На працу над аранжыроўкамі, быў перыяд, я  марнаваў плойму часу  круглыя суткі. Пастаянна не высыпаўся, прыходзіў на рэпетыцыі  з  чырвонымі вачыма. Але затое як жа было прыемна бачыць артыста, які пускаўся ледзь не ў скокі, пачуўшы мой варыянт!

Ты лепш за мяне ведаеш, як не такая ўжо і маленькая частка беларускай публікі у першую чаргу моладзь ставіцца да нашых выканаўцаў. Самая станоўчая фраза на адрас артыста з вуснаў такіх меламанаў: А хто гэта такі?” Крыўдна?

І так, і не. Не крыўдна таму, што я ведаю,  як слухачы  рэагуюць на мае песні, прызнаючы іх якасць“О, класная  рэч, што за расійскі спявак?”. А вось у пэўнай ступені крыўдна, што нашых музыкантаў частка беларускай публікі ва ўпор не бачыць. Але ж так было заўсёды у Саюзе і пасля яго распаду: лепшая майка імпартная майка, а ўсё, што зроблена ў нас, дрэнна. Я не ведаю, як пераламаць  сітуацыю,  таму што па тэлебачанні і радыё беларускіх артыстаў круцяць шмат альбо не, але круцяць. Хтосьці можа прапанаваць давайце, маўляў, гвалтоўна ўкараняць беларускага артыста ў галовы беларускага слухача масава і паштучна. Але маю сумневы, што нас пасля такога палюбяць больш, — як бы прорва не павялічылася...

—   А   прадзюсар   Уладзімір  Кубышкін  мяркуе,  што сучасная айчынная папулярная  музыка ў   сваёй  аснове гэта тая ж савецкая эстрада сярэдняга  ўзроўню, перанесеная ў XXI стагоддзе. Таму яна і не можа зачапіць чалавека, які слухае Рыанну або гурт “Serebro”...
— Я сфармуляваў бы па-іншаму. Сёння магчымасцей рабіць сучасны, трэндавы прадукт непараўнальна больш, чым у гады Савецкага Саюза. У Мінску я ведаю, па меншай меры, студый пяць, якія могуць запісаць артыста на вельмі прыстойным узроўні. Але што рабіць з элементарнай лянотай, калі  чалавек кіруецца прынцыпам “піпл глытае, і добра”? Таму і гучаць песні з тым гукам, з тым наборам музычных штампаў. Але я хачу яшчэ раз паўтарыць: мы працягваем ва ўсім арыентавацца  на Захад, трапляючы пад дыктат яго моды. Я ўпэўнены, калі б наш музыкант запісаў песню тымі ж сродкамі, як і Бейонсэ, то пачуў бы ён, у лепшым выпадку, “ну, нічога”...

Школа Міхаіла Фінберга

Міхаіл Фінберг не казаў, чаму ён цябе ўзяў да сябе ў аркестр?

— На гэтую тэму мы з ім не размаўлялі!.. А як узяў? Пасля таго, як я яшчэ ў 11-м класе стаў лаўрэатам конкурсу “Зорная ростань”, мне патэлефанавала яго вядучая Алена Спірыдовіч, і сказала, што Міхаіл Якаўлевіч запрашае мяне на праслухоўванне, даўшы нумар яго тэлефона. Я патэлефанаваў — Фінберг зняў трубку, але... не прызнаўся, што гэта ён са мной гаворыць. Пытаецца: “Ведаеш такога Фінберга?” “Вядома, ведаю!” — “Ён хоча цябе праслухаць, прыязджай”. Я жудасна баяўся, ногі дрыжалі: гэта ж той самы Фінберг, які “Адгадай мелодыю”... Узяў з сабой фанаграмы, выканаў некалькі песень, ён выслухаў — і прапанаваў мне папрацаваць у яго нейкі тэрмін, не ўваходзячы ў калектыў, каб зразумець, падыду я яму ці не. І з 2000 года я ў аркестры. І не другі дзясятак гадоў! Год, праведзены ў Фінберга, можна лічыць за чатыры: настолькі там насычанае жыццё, настолькі там высокая школа...

Які ты ў калектыве спяваеш рэпертуар?

— Напрыклад, зараз мы рыхтуем праграмы да фестывалю “Шлягеры на ўсе часы”: гэта песні Райманда Паўлса, Аляксандра Зацэпіна, песні на вершы Яўгена Еўтушэнкі і зборная праграма, якая складаецца з хітоў беларускіх і замежных.

А што табе больш падабаецца выконваць:  хіты, лірыку, грамадзянскую тэматыку, песні пра вайну?..

Для мяне важны музычны складнік твора. Таму я з велізарным задавальненнем спяваю ўсё! Савецкае мінулае нам падарыла шмат такіх песень, чым не можа, на жаль, пахваліцца цяперашні час...

Якое месца займаюць беларускамоўныя кампазіцыі?

— У Міхаіла Якаўлевіча я шмат спяваю на беларускай мове: гэта песні на вершы Багдановіча, Купалы, Коласа, Караткевіча... Дарэчы, першая песня, якую я склаў яшчэ ў школе, была беларускамоўная “Дзе ты, любая?”! У час сольных выступленняў таксама выконваю песні па-беларуску, але ў студыі пакуль іх не запісаў. Перакананы, што кожны наш выканаўца павінен мець у рэпертуары песні на роднай мове. Інакш які ж ён беларус?!. Вось толькі сучасных беларускамоўных песень не так шмат. Справа не ў тым, што не пішуцца — яны, на жаль, не запатрабаваны шырокай публікай.

Тэлепраект “Наперад у мiнулае чаму ты ўзяўся за яго ў такім выпадку?

— Мяне запрасіў  Анатоль  Вечар — вядомы тэлерэжысёр, і я не разважаў ні секунды. Мне як прафесіяналу цікава, як можна асучасніць аўтэнтычную  песню такім чынам, каб пры гэтым не сказіць яе сэнс, не парушыць мастацкую цэласнасць? Вядома, галоўнае для нас — зафіксаваць носьбітаў той даўніны, захаваць фальклор. І — прыцягнуць увагу тэлегледача да спрадвечна народнага, да каранёў. За два гады мы запісалі каля тысячы песень, аранжыравалі больш як сотню!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"