І тчэ… юначая рука

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

У адным з пакояў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці грукаюць кросны. Паступова атрымліваецца карунак, закладзены ў нітах. Творчую атмасферу час ад часу парушае голас Валянціны Струнец, дырэктара ўстановы. Жанчына падказвае, што і ў якой паслядоўнасці неабходна рабіць. За кроснамі — яна і чацвёра юнакоў: Андрэй Варанчук, Максім Лямачка, Сяргей Горбік і Сяргей Картавых вучацца ткаць.

/i/content/pi/cult/469/9952/10-8.jpg

— Юнакі з’яўляюцца навучэнцамі І курса Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — А з кастрычніка яны наведваюць гурток па ткацтве “Цудадзейны чаўнок”, які ў нас існуе з 1998-га. Андрэя, Максіма і абодвух Сяргеяў у РЦНТ прывёў іх выкладчык Уладзімір Галавій. Пасля экскурсіі ў раённы цэнтр народнай творчасці ў хлопцаў узнікла ідэя навучыцца ткаць.

Юнакі перакананы, што сапраўдны мужчына павінен не толькі пасадзіць дрэва, пабудаваць хату, выгадаваць сына, але і ўмець яшчэ і добра ткаць.

— Не жаночы гэта занятак — сядзець за кроснамі, — гаворыць Максім Лямачка. — Сучасныя дзяўчаты вельмі далікатныя, каб займацца ткацтвам. Гэта рамяство патрабуе значных фізічных намаганняў, сілы. Пасля непрацяглай працы за станком пачынае балець спіна. Ды і зрок павінен быць добрым...

— Навучыцца ткаць проста, — пераконвае Сяргей Горбік. — Аснаваў, навіў, заправіў у ніты, закінуў у бёрды, прывязаў понажы, нацягнуў ніткі — і пайшла справа.

— Але рамяство асвоілі не цалкам, — кажа Сяргей Картавых. — Мы пачыналі з нуля. Усім сакрэтам ткацтва вучыць Валянціна Мікалаеўна. Заняткі — два разы на тыдзень. Спачатку асвойвалі кросны, цяпер селі за станок, дзе запраўлена тэхналогія ткацтва “кажушком”.

Валянціна Струнец патлумачыла, што на 4 рэмізках (нітах) атрымліваецца гладкая тканіна, якая нагадвае сацін. На вонкавым яе баку не бачна нітаў асновы. Такі від ткацтва быў характэрны толькі для нашага рэгіёна — для Маларыцкіх строяў.

— Цяпер наша мэта, — дзеліцца планамі Андрэй Варанчук, — закончыць ткаць сурвэтку памерам 45 Х 90 сантыметраў.

Юнакі спяшаюцца, бо вырашылі прыняць удзел у абласным аглядзе-конкурсе “Сёння ў нашай хаце свята”. Захапіў іх гэтым творчым спаборніцтвам выкладчык Уладзімір Галавій.

— Імпрэза праводзіцца ў рамках рэспубліканскага конкурса “Беларускі вянок”, — гаворыць Уладзімір Апанасавіч. — Мы паўдзельнічаем у намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…” Згодна з умовамі спаборніцтва, неабходна напісаць даследчую работу па ткацтве (захаванне і развіццё народных традыцый рэгіёна ў галіне дэкаратыўна-прыкладной творчасці). Акрамя таго, нам трэба прадставіць узор вырабленай ўласнымі рукамі рэчы. Мы вырашылі, што гэта будзе сурвэтка…

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара