На прыступках бібліятэкі

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Клуб кветкаводаў “Флора” і супрацоўнікі Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі арганізавалі і правялі незвычайную акцыю — бібліятэчны флэшмоб.

Асноўная ідэя — прадэманстраваць гараджанам, што не перавяліся яшчэ чытачы на Салігорскай зямлі, а любоў да чытання — гэта актыўная жыццёвая пазіцыя думаючага і культурнага чалавека. Дэвізам бібліятэчнага флэшмобу сталі словы : “Я люблю чытаць, і я буду чытаць!” Роўна ў поўдзень “флораўкі” і бібліятэкары сабраліся ў прызначаным месцы. У руцэ кожнага ўдзельніка акцыі былі або шары з надпісам “Я люблю бібліятэку”, або кнігі. Урачыста, услых, зачыталі яны пасланне на світках, прымацаваных да шароў “Ты чытаеш — ты лепшы!”, “Бібліятэка — адкрыты свет ідэй”, “Жыві на светлым баку — выбірай чытанне!”, “Чытай кнігі — будзь асобай!” — гучала з усіх бакоў. А потым удзельнікі выстраіліся ў форме сэрца проста на ганку будынка. Так нечакана і арыгінальна яны прызналіся ў каханні... сваёй бібліятэцы і кнігам.

Гэтая акцыя ў чарговы раз засведчыла, што нават у нашым няпростым жыцці можна знайсці магчымасці, якія дазволяць хоць на кароткія імгненні, скінуўшы шалупіну сур’ёзнасці і застаўшыся самім сабой, зрабіць штосьці нетрывіяльнае, здзівіць людзей, падарыць радасць сабе і навакольным!

Кацярына ВАВІЛАВА, бібліятэкар Салігорскай РЦБ, кіраўнік клуба “Флора”