Абяцанага чатырнаццаць гадоў чакаюць

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Ці радуюць вока пустыя шыбы і прахалода ў СК?
Гэтым разам пад час пятага па ліку аўтатура наша “Хонда” пракаціла нас па Міншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне. І ў чарговы раз пабачылі шмат цікавага. Пад час вандроўкі дарэчным падалося параўнанне: у лепшым сваім “варыянце” сельскі работнік культуры на сёння — нібыта хутаранін: няма важкай дзяржаўнай падтрымкі, значыць спадзявацца трэба толькі на ўласны хлебаробскі талент. Скажам, замест неўраджайнай пшаніцы вырошчваць гарантаваную па хоць нейкай аддачы бульбу, памяняць “грошанасычаны” трактар на вясёлага каня — і выжыць, і адкласці капейчыну, і не баяцца заўтрашняга дня, і знайсці сябра-спонсара, які адрамантуе табе цвілы ад дажджу дах… Чым не аптымізацыя ў самым здаровым сялянска-гаспадарчым прачытанні? Толькі вось прынцып такой разумнай самадастатковасці спрацоўвае не паўсюль. Таму і скіроўваемся пастаянна на раёны, каб адшукаць сярод пустазелля ядранае зерне станоўчага вопыту, што прарасце нават на занядбаным палетку.

/i/content/pi/cult/469/9950/10-1.jpg

Галоўны захавальнік фондаў рабочай групы па стварэнні музея ў Смалявічах Паліна Хлюпнева правяла нас у фондасховішча.

/i/content/pi/cult/469/9950/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/469/9950/10-3.jpg

Кіраўнік Глівінскага СК Вольга Барсукова.

/i/content/pi/cult/469/9950/10-4.jpg

 

 

Помнік загінулым воінам Вялікай Айчыннай вайны чакае добраўпарадкавання.

/i/content/pi/cult/469/9950/10-5.jpg

Славенскі СК месціцца ў адным будынку з крамай.

Музей смалы: мроі і ява

Смалявічы абяцаюць стаць горадам-спадарожнікам Мінска. Нічога не маем супраць. Такое рашэнне нашых уладаў скіравана найперш на якаснае паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў гэтага мястэчка Мінскага раёна. Планы, што і казаць, амбітныя. Гэта што ж трэба зрабіць, каб смалявіцкая інфраструктура нічым не адрознівалася ад сталічнай? А пакуль Смалявічы звычайны раённы цэнтр, гэткі ж, як Капыль ці Крупкі…

Але цікавіла нас не горадабудаўніцтва. Ведалі, што ў Смалявічах ствараецца музей смалы. Цікавіла, у якой стадыі рэалізацыі знаходзіцца гэты незвычайны і брэндавы для вобласці праект. Пераканаліся, што для мясцовых жыхароў ён зусім неабыякавы. Кожны з мінакоў упэўнена скіроўваў нас да музейнага будынка, што знаходзіцца насупраць банкаўскай установы. Так што часу не гублялі і вельмі хутка пазнаёміліся з Кацярынай Галадок і Палінай Хлюпневай. Першая — дырэктар рабочай групы па стварэнні Смалявіцкага раённага краязнаўчага музея, другая — галоўная захавальніца музейных фондаў. Так, музея ў райцэнтры пакуль няма, а фонды налічваюць ужо амаль шэсць тысяч прадметаў і 31-у музейную калекцыю. Чаму склалася такая сітуацыя?

Разбіраліся ў ёй нядоўга. Як распавялі Галадок і Хлюпнева, рабочая група ўзнікла яшчэ ў 2000 годзе. Абласны музей у Маладзечне дапамог распрацаваць канцэпцыю будучай установы. Канешне, хацелася, каб была яна непадобнай на іншыя. Вось тады “смаляная” ідэя і стала асновай згаданай канцэпцыі…

Паліну Хлюпневу можна слухаць бясконца, яна ведае гісторыю раёна да драбніц і канкурэнтаў у гэтай справе не мае. Вось паслядоўны расклад яе думак. Смалявіччына — лясное царства. Падзелкі з драўніны паказаць у экспазіцыі нескладана. А вось здабычу смалы… Для гэтага патрэбна лясная натура, чытай — музейны філіял у лесе. Можна прыстасаваць пад яго ўрочышча Шыпяны, дзе захаваўся старасвецкі парк Ваньковічаў. Можна паказваць турыстам і тэхналогію лесасплаву. Хто што ведае на сёння пра рамяство і рыштунак плытагона? Але калі няма музея, якая можа быць гаворка пра філіял?..

Цікава, што запраўляў лясной гаспадаркай у Смалявічах Бэрка Суцін. Па словах Паліны Хлюпневай, быў ён адным з дзесяці самых буйных лясных магнатаў царскай Расіі. Сплаўляў лес, прадаваў смалу, драўляныя цвікі для ботаў, каніфоль, меў у Мінску гасцініцу “Гарні”. А вось да высокага мастацтва ставіўся з абыякавасцю. Мастак Хаім Суцін імкнуўся пераўтварыць Бэрку ва ўласнага фундатара. Дарэмна, бо той раз і назаўжды вывеў для сябе жыццёвы прынцып: магнат мастаку-бедаку не сябра. Колькі свету гадоў, столькі і гэтаму прынцыпу… І кожная з гісторый захавальніцы фондаў — цікавейшая за папярэднюю. Але час вяртацца да галоўнага...

Чаму музея ў Смалявічах чакаюць 14 гадоў? Ды таму, што ў любую новую справу неабходна ўкладаць фінансы. Бэрка Суцін пра гэта цудоўна ведаў. А грошы для музейнай справы выдаткоўваюцца проста смешныя. Пазалетась, да прыкладу, — 10 мільёнаў рублёў, летась — ужо пяць, а сёлета — толькі тры. На гэтую суму нават ў экспедыцыю не выправішся. Але выпраўляюцца, за свой кошт і дзякуючы вялікаму энтузіязму. І такая пастаноўка пытання Хаіму Суціну была добра знаёмая. Інакш кажучы, калі ўзнікне ў Смалявічах музей, невядома нікому.

Тым не менш адна зала мае імправізаваную экспазіцыю, куды з экскурсіямі ці не штодня прыходзяць наведвальнікі. І самі музейшчыкі не сядзяць на месцы: шукаюць будучыя экспанаты, выязджаюць з музейнымі ўрокамі па школах. Вось так паступова жыццё пераўтвараецца ў выжыванне. А выжыванне патрабуе кемлівасці і вынаходлівасці.

(Не) лірычнае адступленне Яўгена РАГІНА

Першая палова дня. Недзе па дарозе на Вяляцічы (Барысаўскі раён) падабралі на шашэйцы хлопца, які папрасіў падвезці да бліжэйшага скрыжавання. У такіх выпадках ніколі не адмаўляем: новыя знаёмствы — гэта заўжды новыя эмоцыі. Праўда, станоўчымі іх можна было назваць з вялікай нацяжкай. Разам з хлопцам у аўтамабільным салоне на пятнаццаць хвілін пасяліўся канкрэтны сівушны “водар”. “З брыгаднымі хлопцамі адзначылі выплату зарплаты, таму і спазніўся на аўтобус,” — патлумачыў спадарожнік. А потым яшчэ доўга скардзіўся, які нягоднік у яго цесць і як чакаюць яго, хлопца, дзеці і жонка… Мы сцішыліся, дыхалі перагарам і думалі, які падарунак сустрэнуць зараз і цесць, і дзеці. Калі ўжо навучымся жыццю радавацца без гарэлкі?

Дапаможа аўтасэрвіс

Наступны населены пункт нашага аўтападарожжа — вёску Глівін Барысаўскага раёна — абралі не выпадкова. Як высветлілася ў працэсе складання нашага маршруту, сёння непрыкметная вёсачка, што месціцца ў 5 км на паўднёвы ўсход ад Барысава, у свой час славілася на ўсю ваколіцу. Пяцьсот гадоў таму Глівін належыў шляхцічу Ратомскаму, які збудаваў на поўдні вёскі шыкоўны маёнтак. Пасля, у другой палове ХVІІІ ст., Глівінам валодалі прадстаўнікі славутага роду Агінскіх. У 1800 годзе пры маёнтку былі бровар, карчма, млын і кузня. Меліся тут і смалакурны і шкіпідарны заводы, якія спынілі сваё існаванне толькі ў 1912 годзе.

На жаль, як адзначыла загадчык сельскага клуба Вольга Барсукова, якая ўжо трэці год кіруе ўстановай, са старой велічы ў Глівіне нічога не засталося. Нават яскравыя артэфакты сельскага побыту — калодзежы — і тое цяпер на вагу золата. Сёння ў Глівіне засталося толькі тры студні з пітной вадой. Адна з іх — непадалёк ад клуба. Каб зацікавіць мясцовую супольнасць гэтай праблемай, спадарыня Барсукова вырашыла сёлета правесці адметную акцыю — свята калодзежа. Тым больш, сведкам старажытных падзей у наваколлях Глівіна з’яўляецца і так званы “татарскі калодзеж”, які знаходзіцца ў наваколлях вёскі. Існуе паданне, што вада з калодзежа з’яўляецца гаючай і дапамагае ад хвароб вачэй.

Прахалоднай аказалася не толькі вада ў калодзежы ля СК. Без загартоўкі лепш не знаходзіцца ў памяшканні клуба — калі толькі ты не прыйшоў на дыскатэку, якая, да слова, ладзіцца кожную суботу. Ад ідэі правядзення дыскатэк глівінскі клуб не адмовіўся, бо, па словах Барсуковай, нават нягледзячы на абмежаванні ў часе, на танцы збіраецца багата моладзі, асабліва летам, калі ў вёску наязджае шмат падлеткаў з Барысава.

На дзяцей ды моладзь разлічаны і клубныя фарміраванні. Так, на базе СК дзейнічае дзіцячы вакальны калектыў, а таксама тэатральны гурток і праводзяцца заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Што шкада, калі раней дзеці выконвалі пераважна народныя песні, то цяпер вымушаны пераключыцца на эстрадны рэпертуар. Як аказалася, ініцыятыва ідзе ад саміх дзяцей, якія традыцыйныя спевы лічаць нямоднымі…

У клубе асвойваюць і новыя тэхналогіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Так, калі раней нашы продкі кашы плялі з лазы, то цяпер … з газет. Гэткая самадзейнасць падабаецца як дзецям, так і іх бацькам, якім падобная творчасць малечы нічога не каштуе.

Пацікавіліся ў Вольгі Барсуковай і адносна прапаноў глівінскага СК для больш сталай аўдыторыі. Пакуль для людзей састарэлага ўзросту праводзяцца толькі асобныя мерапрыемствы на даму. Аднак у планах — адкрыццё асобнага гуртка, разлічанага на пенсіянераў.

Дарэчы, пра планы. На гэты год клубу даведзена зарабіць два мільёны. Каб выканаць яго, загадчык клуба мяркуе арганізоўваць платныя канцэрты. У прыватнасці, плануецца запрашаць калектывы з суседніх клубаў.

Аказваецца, прыехалі ў Глівінскі СК мы не абы калі, а напярэдадні рамонту. Літаральна назаўтра пасля нашага візіту ў клубе мусілі пачаць замяняць струхлелую падлогу ў танцавальнай зале. У больш далёкіх планах — замена старых вокнаў на шклопакеты. Калі тое будзе — пытанне адкрытае і набалелае — з-за старых шыбаў у клубе зімна нават увесну. Да таго ж, адчуваецца высокая вільготнасць. Вынік такой сітуацыі не прымусіў сябе чакаць: у памяшканні з’явіўся грыбок. На думку спецыялістаў, якія аглядалі СК, у танцавальнай зале знаходзіцца ўвогуле не рэкамендуецца — шкодна для здароўя.

Спадарыня Барсукова шчыра спадзяецца, што дзякуючы новаму спонсару сітуацыя выправіцца. Так, зусім нядаўна побач з СК адкрыўся аўтасервіс. Яго кіраўнік Анатоль Райкевіч, убачыўшы сітуацыю з клубам, вырашыў паспрыяць установе. Летам ён запланаваў дапамагчы памяняць столь і прыбраць увесь грыбок, а таксама паставіць вентыляцыю. Можа і праўда, сёння дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва з’яўляецца адным з галоўных фактараў захавання культуры.

А мо, спонсар дапаможа і з тэхнікай? Бо цяпер камп’ютар ды прынтар у Вольгі Барсуковай — асабістыя. Як яна распавяла, няма камп’ютарнай тэхнікі і ў бібліятэцы, якой кіруе Алена Хількевіч. Шкада, але пагаварыць з ёй не давялося: паехала на бібліятэчны семінар. Цікава, ці абмяркоўвалася там праблема камп’ютарызацыі сельскіх бібліятэк Барысаўшчыны? А то блог “Сельская бібліятэка” ў раёне існуе, а тэхнікі для актыўнага стасункавання ў новым фармаце не стае хранічна.

(Не) лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Першы дзень нашай чарговай вандроўкі прыпаў на прысталічныя раёны. Здавалася б, блізкасць ад Мінска будзе адчувацца ва ўсім. На жаль, не. Уражанні ад убачанага навокал не супалі з чаканымі. Закінутыя хаціны, малалюдныя вёскі — і ўсё гэта ў якіх 30 кіламетрах ад сталіцы. Нават на Гомельшчыне, тых жа Лельчыцкім ды Жыткавіцкім раёнах, якія балюча закранула радыяцыя, карціна перад вачыма паўстала куды больш аптымістычнай. Можа, не тымі дарогамі ехалі мы на Оршу?

Дзе Нарцызава, а дзе Славені?

У Крупскім раёне паміж вёскамі Горадна і Выдрыца (побач з рэчкай Бобр) пераблыталі фельчарска-акушэрскі пункт з клубам. Але спыніліся недарэмна, бо сярод непраходнага хмызняку заўважылі не надта каб дагледжаны помнік загінулым у час Вялікай Айчыннай…

Рушылі далей з не вельмі ўзнёслым настроем. Меркавалі завітаць у Шынкі — вёску з такой самавітай назвай абмінуць не хацелася. Збочыўшы ў накірунку Шынкоў запыталіся ў мясцовай бабулькі, ці ёсць там якая ўстанова культуры. Як аказалася, ужо з дзясятак гадоў няма там ні шынка, ні клуба.

Едзем далей. У Талачынскім раёне спыняемся адразу за вёскай Майдан — у пасёлку Нарцызава. Мясцовы СК брэндавым ніяк не назавеш... Ды і дзеліць плошчу ён не з бібліятэкай, а з вясковай крамай, пустыя шыбы якой наганяюць не вельмі прыемныя думы. А вось называецца ўстанова гучна — Славенскі СК.

Сустрэла нас Надзея Сцяпанава. Яна ж і прыбіральшчыца, і валанцёр — бясплатна займаецца самадзейнасцю з дзецьмі. Спадарыня патлумачыла такое суседства. Аказваецца, некалькі гадоў таму будынак клуба згарэў у Славенях, а таму пад патрэбы сельскай культуры і вырашылі пераабсталяваць частку крамы ў Нарцызаве. Цяпер там праблемы аналагічныя глівінскім — цвіль ды халадэча, а да таго ж працякае дах. Тым не менш, загадчыца Славенскага СК Святлана Забэла не адчайваецца. Больш за тое, зараз вядуцца спробы па атрыманні ўстановай статуса сельскага дома культуры — разам са статусам з’явіцца і магчымасць узяць у штат мастацкага кіраўніка, патрэба ў якім вялікая. Сёння ў СК дзейнічае пяць фарміраванняў, сярод якіх вакальна-сямейнае трыа, штогадовы ўдзельнік на Славянскім базары ў Віцебску — вакальны калектыў “Славянка”, дзіцячы спеўны і харэаграфічны калектывы ды тэатр мініяцюр.

Нягледзячы на блізкасць “маскоўскай” трасы, турыстаў у Нарцызаве са свечкамі не знойдзеш. А таму ўвесь культурны прадукт арыентаваны выключна на мясцовага спажыўца: у клуба атрымліваецца няблага зарабляць дзякуючы платным канцэртам — у суседніх клубах і дамах культуры. Праўда, паступалі ўжо запрашэнні прыехаць у Латвію на гастролі. Хто ведае, мо неўзабаве дзякуючы інтузіязму Святланы Забэла славенскую “Славянку” будуць ведаць далёка за межамі не толькі вобласці, але і краіны.

Агульнае (не) лірычнае адступленне

Нам спадабалася ўпэўненасць музейшчыкаў са Смалявіч: яны — аптымісткі і проста фантануюць ідэямі. Калі частка іх пры належным фінансаванні ажыццявіцца, турысты імгненна пратопчуць да раённага цэнтра шырокую сцяжыну… Спадабаўся прафесіяналізм Вольгі Барсуковай з Глівіна. Дзяўчына працуе на пасадзе ўсяго трэці год, але здолела прыстасавацца да няпростых умоў сельскай працы. І не проста прыстасаваццца, але і трывалага спонсара знайсці для неадкладнага рамонту клубнай падлогі і столі… Не займаць цярплівасці Святлане Забэла. У прыстасаваным клубе — халадэча, а яна за якасць працы здолела камп’ютар атрымаць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"