Лесвіца ў...

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст з Гродна — неабыякавыя гараджане хвалююцца за лёс лесвіцы, пабудаванай больш за 60 гадоў таму.

/i/content/pi/cult/469/9949/4-33.jpg

/i/content/pi/cult/469/9949/4-34.jpg

"Гэтая лесвіца вядзе з цэнтра горада — вуліцы Вялікая Траецкая — на сучасную вуліцу Завяршчызна каля гродзенскага стадыёна “Нёман”. Аб’ект архітэктуры знаходзіцца ў жудасным стане: пліты правальваюцца, прыступкі прасядаюць.

Пра лесвіцу расказаў мясцовы краязнаўца Януш Паруліс: “Калісьці я быў ў Германіі і бачыў падобныя лесвіцы. Па маіх даных, яе пабудавалі немцы пад час Вялікай Айчыннай вайны — каб нямецкія афіцэры, што жылі тут на Лермантава, Цаглянай і Яснай, маглі хадзіць са штаба дадому. Яшчэ гадоў пятнаццаць — дваццаць таму на плітах можна было прачытаць знакі, але я не ведаю той мовы, на якой былі тыя надпісы, і таму не магу сказаць, што гэта за сімвалы”.

Разам з тым, прынамсі, некаторыя мясцовыя жыхары кажуць, што частка лесвіцы была пабудавана вязнямі гродзенскага гета, а камяні для пабудовы — надмагільныя камяні з яўрэйскіх могілак, якія калісьці размяшчаліся на месцы сучаснага стадыёна “Нёман”. Мясцовыя жыхары неаднаразова звярталіся да ўладаў горада, каб быў зроблены рамонт гэтага аб’екта, аднак праца да сённяшняга часу так і не была праведзена. Спецыялісты толькі дабудавалі сучасную частку ў выглядзе драўлянага мосту.

Андрэй МЯЛЕШКА, журналіст

Гродна"

Каментарый з нагоды

Каб разабрацца ў сітуацыі, карэспандэнт “К” звярнуўся да галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Наталлі ПАСЮТА.

На думку спецыяліста, праблема ляжыць больш не ў прававым, а ў эмацыйным полі. Справа ў тым, што лесвіца і сапраўды была пабудавана ў час Вялікай Айчыннай, абнаўлялася за кошт надмагільных камянёў з яўрэйскіх могілак. Па словах Наталлі Пасюта, гэты аб’ект важны для гістарычнага аблічча горада гэтаксама, як, скажам, славутая брукаванка. Аднак лесвіца не ўключана ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. А таму можна ставіць пытанне пра добраўпарадкаванне ды рамонт. Па словах спецыяліста, догляд за аб’ектам ляжыць у кампетэнцыі жыллёва-камунальнай службы.

Ад рэдакцыі

Урэшце, дадамо, мемарыяльны аб'ект, калі ўлічыць, што лесвіца сапраўды была пабудавана вязнямі гродзенскага гета з надмагільных пліт, мог бы аказацца вельмі яскравым і ўражальным сведчаннем пра адну з крывавых старонак гісторыі Другой сусветнай вайны. Асабліва сёлета, калі адзначаем 70-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, такі мемарыял, падаецца, мог бы аказацца не менш пераканаўчым, чым работа Пітэра Айзенмана ў Берліне, якую мы згадвалі ў № 8. Нават зважаючы на адрозныя маштабы памятных мясцін.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"