Ісціны беларускага Фаўста

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

“Рамантык і рэаліст”: яго Апафеоз і Апакаліпсіс
Творчасць народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, прафесара Арлена Кашкурэвіча — гэта настойлівы пошук адказу на вечнае біблейскае пытанне чалавецтва: “Што ёсць ісціна?”. Эсхаталагічны роздум аб лёсах свету і чалавека — асноўны ў светапогляднай сістэме мастака, што б той ні ствараў: станковыя графічныя цыклы ці мастацкае афармленне кніг, экслібрысы ці асобныя аркушы.

/i/content/pi/cult/469/9948/9-1.jpg

/i/content/pi/cult/469/9948/9-2.jpg

А.Кашкурэвіч. "Апакаліпсіс 1". і "Апакаліпсіс 2". 2013 г.

/i/content/pi/cult/469/9948/9-3.jpg
А.Кашкурэвіч. З серыі "Concerto grosso".

Ва ўмовах сусветнай нестабільнасці, маральнага крызісу і сацыяльных катаклізмаў ён з усёй вастрынёй ставіў перад людзьмі пытанні дабра і зла, любові і нянавісці, святла і цемры, вайны і міру. І ў гэтым плане Арлен Кашкурэвіч займае асаблівае месца не толькі ў беларускай культуры. У свой час, яшчэ на пачатку 1970-х, яго вострадраматычная сюіта афортаў “Партызаны” выклікала сапраўдны фурор не толькі ў нас, але і ў тых замежных краінах, дзе была паказана. На сённяшняй рэтраспектыўнай выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі экспануюцца толькі тры аркушы з гэтага цыкла, але яны і зараз выклікаюць вялікае душэўнае хваляванне, асабліва напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

“Партызаны” Кашкурэвіча — у той жа час сімвалічны сігнал маладому пакаленню, якому, на жаль, уласціва забываць сваю гісторыю. І таму да партызан нельга ставіцца як проста да сюжэтнай ілюстрацыі пэўнага канкрэтнага эпізода ваеннага жыцця. Пра музыку, бывае, кажуць: філасофскія роздумы. Вось і тут: філасофскія роздумы — то гнеўныя, то элегічныя, то паэтычныя, то нават лірычнага складу. Яны абуджаюцца дачыненнем да сённяшняга свету. Яны — як боль, які ўбачаны за даўнасцю гадоў, горкі ды высокі боль, і памяць пра тое, што перажыў наш народ...

...Кашкурэвіч мог бы сказаць пра сябе словамі Маякоўскага: “За всех расплачусь, за всех расплачусь”. Праз сваю творчасць мастак змог унесці высокую маральную плату свайго таленту ў скрыжалі беларускага мастацтва і, вобразна кажучы, праліць не адну слязу па Радзіме — нашай Беларусі, якая за многія стагоддзі зведала столькі ўсялякіх пакут. Ці не пра тое сведчаць і іншыя аркушы мастака, прадстаўленыя ў экспазіцыі: “Генацыд”, “Напалм”, творы з серыі “Блакада”? А колькі яшчэ работ майстра прымушаюць думаць пра спрадвечнае, пра тое, што носім заўсёды ў душы: цыкл “Прысвячэнне Васілю Быкаву”, дзівоснае афармленне ўнікальнай кнігі ХХ стагоддзя “Я з вогненнай вёскі…” А.Адамовіча, Я.Брыля і У.Калесніка, ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў, ілюстрацыі да “Тутэйшых” Янкі Купалы, да “Ладдзі Роспачы” У.Караткевіча і да “Песні пра зубра” М.Гусоўскага...

А побач — бліскучая “Купаліяна”. І самая ранняя работа гэтага цыкла — маленькія ілюстрацыі да купалаўскіх “Трох паэм” з дзівоснай супервокладкай. З імі я ўпершыню пазнаёміўся ў сярэдзіне 1960-х. Менавіта тады сустрэўся і з самім аўтарам, пра якога потым шмат разоў пісаў у сваіх нарысах. Бо Кашкурэвіч для мяне да канца яго жыцця стаў прыкладам рэдкага ўнікальнага мастака і чалавека з чыстым сумленнем, які мог пра сябе сказаць так: “Творчасць для мяне — не сузіранне, а барацьба: праз пакуты — да радасці, як казаў Бетховен…” І далей: “...Шляхі развіцця мастацтва прадугадаць немагчыма — яно развіваецца само па сабе, па сваіх унутраных законах, незалежна ад нашых патрабаванняў і жаданняў. Думаю, што кожны творца павінен несці сваю дадзеную прыродай ці Богам місію і працаваць сумленна. Асабіста мне важна разабрацца ў самім сабе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце. Мяне цікавіць стан уласнай душы. Але часта так атрымліваецца, што малюеш нешта вельмі асабістае, а за гэтым паўстаюць вечныя тэмы…”

Так, “вечныя тэмы” Кашкурэвіча — бадай, у кожнай серыі яго твораў, асабліва — звязаных з вечнымі пошукамі ісціны, нават у тых аркушах, якія праз таленавіта схаваныя “таемныя” метафары расказваюць пра, здавалася б, самыя простыя “рэчы”: пра “мілае гарадское жыццё” (які дзіўны аркуш “Стары музыкант і яго сабака”!), пра майстроў-шкловыдзімальшчыкаў і музыкантаў “Concerto grosso”, пра начны Мінск ды дажджлівы лістапад і г.д. А сімвалічны афортны трыпціх “Вузлы” — хіба ён не пра нас?

А пра ілюстрацыі да гётэўскага “Фаўста” я і не кажу. Хаця якія ж гэта ілюстрацыі? Гэта штосьці большае! Аўра гэтых аркушаў (на выстаўцы — толькі частка іх), асаблівасці пластычнай структуры, трансфармацыя іх успрыняцця ў гістарычным часе — усе гэтыя моманты не толькі па-новаму выяўляюць знаёмы літаратурны арыгінал, але, галоўнае, існуюць нібыта ў сённяшняй прасторы быцця з яго вечнымі праблемамі. І яго Фаўст, сучасны Фаўст, адказвае на гэтыя нашы няпростыя пытанні: што ёсць ісціна? Што ёсць свабода і рабства? Што ёсць жывая навука і схаластычная ідэалогія?.. Варыяцыі на тэму “Фаўста” — “Апафеоз вайны”, “Прасвятленне”, “Сад Марты”, “Фаўст на плошчы” (на жаль, не прадстаўлены “Мефістофель” (некалькі кампазіцый), “Вальпургіева ноч”, “Эйфарыён”, “Хор вядзьмарак” ды шмат іншых з “Фаўстыяны”) — хіба гэта не жахлівыя прыкметы часу? Часу бязвер’я ды сатанінскіх разборак, разбэшчанасці душ і духоўнага жабрацтва?..

Ад “Партызан” мастак прыйшоў да графічнага асэнсавання “Новага Запавету” і “Найвышэйшай песні Саламонавай” ды цыкла літаграфій на біблейскія тэмы. “Выпрабаванне Хрыста ў пустыні”, “Анёл і пастухі”, “Вяртанне блуднага сына” — гэта не толькі знаёмыя кожнаму сюжэты, гэта — аўтарскае асэнсаванне “стану ўласнай душы”, спроба разабрацца ў самім сабе, адлюстраваць сябе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце.

Дык дзе ж тая ісціна, якую ўсё жыццё шукаў Арлен Міхайлавіч? Няўжо ў тых кампазіцыях пад назвай “Апакаліпсіс 1” і “Апакаліпсіс 2”, якія ён зрабіў тушшу і гуашшу незадоўга да сваёй смерці? І зноў узгадваю ёмістыя і дакладныя словы яго сябра Уладзіміра Караткевіча: “Арлен Кашкурэвіч — мастак гісторыі і сучаснасці. Рамантык і рэаліст: рамантык — бо беларус, рэаліст — бо чалавек зямлі. А можа, і наадварот. Так альбо інакш, але ўсе мы ў наш хрышчоны бомбамі нялёгкі час, мабыць, звяр’яцелі б, каб не былі і тымі, і другімі”.

Сказана даўно, але як па-сучаснаму, ёміста, дакладна гэтыя словы гучаць і сёння! А асабіста для мяне выдатны мастак і высокадухоўны чалавек Арлен Кашкурэвіч заўсёды застанецца вечна маладым беларускім Фаўстам...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"