Папсавікоў толькі шкада...

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Прэмій усё больш… А гаворка — пра густаўшчыну?
У Мінску на гэтым тыдні працягнулі ўручэнне музычных узнагарод па выніках мінулага года. Уласна, лепшых беларускіх выканаўцаў пачалі адорваць прызамі яшчэ ў канцы 2013-га: спачатку гэта была прэмія ад музычнага партала, а следам — Нацыянальная музычная прэмія. У пачатку лютага сваіх лаўрэатаў выбрала адна з радыёстанцый, у мінулы ж аўторак “сястрыцам па завушніцах” у выглядзе стылізаваных грамат раздаў сайт “Experty.by”.

/i/content/pi/cult/469/9947/8-3.jpg

Сяргей Пукст.

Асноўная бітва на гэтай цырымоніі разгарнулася паміж калектывамі “Pafnutiy’s Dreams” (бэнд духавіка Паўла Кузюковіча) і “Pukstband” (каманда Сяргея Пукста). Першы выконвае ню-джаз з рэдкімі украпваннямі вакалізу, другі — шматжанравы мікс з тэкстамі лірычнымi і агрэсіўнымі. У выніку вікторыю ў намінацыях “Лепшы дэбютны альбом” і “Лепшы інструментальны альбом” атрымаў “Pafnutiy’s Dreams” з працай “The Sandman”, як і спецпрыз і ад штатнага — сталага журы сайта. “Pukstband” быў адзначаны за “Лепшы рок-альбом”, а спецыяльны прыз яму прысудзіла вялікае журы. І менавіта “Апошні альбом” ансамбля Пукста абвясцілі “Альбомам года” (Гран-пры). Сярод іншых трыумфатараў — гурты “Kriwi”, “BosaeSonca”, “The UNB”, Макс Корж, электроншчык (((О))).

Вы чакаеце аналітычных высноў? Яны ў мяне ёсць. Як гэта ні дзіўна прагучыць з маіх вуснаў, прэміяй, якая дала найбольш поўную карціну таго, што адбывалася ў айчыннай папулярнай, папулярнай джазавай, альтэрнатыўнай і рок-музыцы, я б назваў Нацыянальную музычную. Іншая справа, што размах у яе глабальны, але рэалізацыя праекту кульгае. Прывяду толькі адзін факт: творчасць выканаўцаў, якая мела рэзананс за справаздачны перыяд, можа быць ніяк не адзначана ўзнагародамі НМП — хаця б праз не самыя выдатныя ўзаемаадносіны паміж артыстамі і суарганізатарамі прэміі. Урэшце, пра тое мы пісалі ў № 51 за 2013 г.

Іншыя з названых мной прэмій маюць характар адкрыта лакальны, што б ні сцвярджалі іх заснавальнікі, і хай нават у склад аднаго з журы “экспертнай” узнагароды ўваходзяць замежныя спецыялісты. Вынікі астатніх падводзяць супрацоўнікі і наведвальнікi сайтаў. А выбар ім прапануецца вельмі абмежаваны. Радыйшчыкі робяць упор на альтэрнатыву і поп-альтэрнатыву, інтэрнэтчыкі ўзнагароджваюць выключна беларускамоўных выканаўцаў, эксперты спецыялізуюцца на рэцэнзаванні рэлізаў беларускіх артыстаў з далейшым іх ранжыраваннем. Без хітрыкаў кажучы, у той ці іншай ступені гаворка вядзецца пра… густаўшчыну. І ў нашай тройцы хтосьці аддае перавагу кавуну, а нехта свіному храшчыку. Практычна аднолькава негатыўна і там, і там, і сям ставяцца толькі да сучаснай айчыннай эстрады...

Якія ж мэты пераследуюць прэміі, пра якія тут апавядаецца? Нацыянальная музычная, зноў-такі, глабальныя: развіццё, папулярызацыя, павышэнне прэстыжу цікавых ёй музычных сегментаў. “Канкурэнты” сціплыя ў гэтым сэнсе: яны хочуць таго, каб пра не надта вядомых у краіне артыстаў, якiя, аднак, заслугоўваюць, на думку ацэншчыкаў, гэтай вядомасці, людзі, што цікавяцца роднай музыкай, нарэшце даведаліся. Рэспект, вядома, але не думаю, што за “варотамі” гэтых трох прэмій іх падшэфныя становяцца больш папулярнымі менавіта дзякуючы атрыманым на іх узнагародам. Не, тыя, хто прыдумалі прэміі, могуць заяўляць, што яны спрыяюць “раскрутцы” асобных артыстаў. Ну, калі сярэдняя канцэртная аўдыторыя чалавек у трыста (ой, ці не махануў я ў падліках-прагнозах?) у каго-небудзь з пераможцаў павялічыцца душ на сто, тады так. Гэта рэаліі і натуральныя памеры пэўных музычных ніш. Тым жа лаўрэатам, чые імёны на слыху, прызы дадаюць, быць можа, толькі дзеля маральнага задавальнення.

А працяг ва ўручэнняў будзе! На чарзе прэмія ад партала “Ultra-music”. Вось тут вымалёўваецца сёе-тое цікавае. Так, стылістычныя рамкі вузкія — на чале тая ж альтэрнатыва, але за кошт наяўнасці ў прафесійным журы (музыканты, прадзюсары, журналісты) больш як паўсотні чалавек, можна казаць аб большай аб’ектыўнасці.

І — аптымістычны фінал. Быў час, калі лік пальцаў на адной руцэ перавышаў колькасць беларускіх музычных прэмій. Артысты наракалі, што іх праца на карысць айчыннай культуры застаецца неазначанай статуэткамі/дыпломамі — такія ўжо яны людзі, творцы — падавай ім “рэчавыя доказы” іхніх талентаў. Увогуле ж абурэнне было справядлівым, бо сапраўды ўдарная работа асобных працаўнікоў і калектываў у самых розных галінах жыццядзейнасці неяк і чымсьці публічна заахвочваецца, а тут — не. Цяпер прэмій хапае. І музыкі бурчаць ужо з іншай нагоды: чаму гэтаму далі, а мне — не?! Але гэта ўсё ж лепш, чым нічога. Значыць, ёсць куды і да чаго імкнуцца. Дасканаласць, як вядома, межаў не мае, а шлягер нараджаецца ў канкурэнтнай барацьбе. Заміраю ў меркаваным захапленні ад таго, што ўсіх нас чакае ў музычнай сферы ў найбліжэйшай будучыні.

Папсавікоў толькі шкада...

Арсен КУМАНІН