Экшн з “прызямленнем”

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Тое, што доктар прапісаў...
Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, які летась распачаў працу шыкоўным майстар-класам мастацкага кіраўніка маскоўскага Цэнтра імя У.Меерхольда Віктара Рыжакова, сёлета працягнуў сваю дзейнасць прэзентацыяй пастановак маладых рэжысёраў. Гаворка пакуль ідзе пра накіды да спектакляў, але “лабараторыя рэжысёрскіх праектаў”, як пазначае сваю працу Цэнтр, ужо дэманструе значны патэнцыял і нават пэўны вынік. Адну з работ рэжысёраў (яна, вядома, мусіць развіцца ў паўнавартасны спектакль) ужо ўпадабаў і запрасіў на сваю сцэну мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў.

/i/content/pi/cult/469/9946/8-1.jpg

 

Сцэна з эскіза Наталлі Леванавай "Genannt Gospodin". / Фота Сяргея Ждановіча

/i/content/pi/cult/469/9946/8-4.jpg

Сцэна з эскіза Дзімтрыя Цішко "Арт". / Фота Сяргея Ждановіча

 

 

Цэнтр як права на самавыяўленне

Тым удалым накідам, што ўжо атрымаў падмосткі, стаў плён рэжысёрскіх высілкаў актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Алены Ганум з Віцебска, якая вучыцца на рэжысёра ў Акадэміі. Алена ўзялася за пастаноўку твора Альгерда Бахарэвіча “Шабаны” і, прызнацца, яе эксіз стаўся моцным пачаткам прагляду.

Увазе публікі былі прапанаваны чатыры “накіды” да спектакляў студэнтаў-старшакурснікаў БДАМ: акрамя названага, другі быў паводле п’есы сучаснага ўкраінскага драматурга Ганны Яблонскай “Лодачнік”, трэці — спроба пастаноўкі славутай п’есы Ясміны Рэза “Арт” і чацвёрты — узор новай нямецкай драмы — твор Філіпа Лёле “Genannt Gospodin”.

Ужо выбар матэрыялу вызначыў імкненне рэжысёраў размаўляць пра сучасныя рэаліі і праблемы. І гэта можна лічыць несумненнай перавагай Цэнтру, які называе ў галоўных сваіх магчымасцях працу з актуальнымі тэкстамі, пошукі новай тэатральнай мовы, права на памылку, самавыяўленне. І нягледзячы на тое, што пакуль гаворка ідзе пра эскізы да спектакляў, казаць пра плён рэжысёрскіх пошукаў нават на гэтых прыкладах, цалкам магчыма.

Эксперымент у працэсе

Вядома, адна з галоўных цяжкасцей, з якой сутыкаюцца рэжысёры, беручыся менавіта за літаратурны, а не ўласна драматургічны твор, яго сцэнічная адаптацыя. Калі казаць пра варыянт пастаноўкі “Шабаноў”, тут пераваротаў Алена Ганум не здзяйсняе (напрыклад, прапанаваўшы радыкальную рэжысёрскую версію), але дае тэксту пісьменніка мякка “прызямліцца” на тэатральную глебу. І ў дадзеным выпадку, яе пошук — гэта пошук судакранання, спалучэння, сужыцця аўтарскага літаратурнага тэксту і псіхалагічнага тэатра.

Перад рэжысёрам “Лодачніка" Аленай Парошынай іншая задача: яна мусіць увасобіць на сцэне твор тагасветны, містычны, незвычайны, які прапануе, з аднаго боку, не толькі стварэнне захапляльнага відовішча, але і насычэнне эмацыйнай прасторы. (Прынамсі, тое, што рэжысёру ўдалося зрабіць з дапамогай гэткіх сціплых магчымасцей, ужо ўражвае.) Пошук Алены — гэта пошук дакладнага балансу паміж экшнам, саспенсам і ўласна драмай. Выклік для пастаноўшчыка: з аднаго боку вельмі складаны, з іншага — надзвычай цікавы.

Дзмітрый Цішко, які ўзяўся за нашумелую п’есу Ясміны Рэза “Арт”, мабыць, паставіў сабе найскладаную задачу. Бо паралелей са знакамітым спектаклем Мікалая Пінігіна, у якім бяруць удзел Ігар Забара, Сяргей Журавель і Віктар Манаеў, не пазбегнуць. Магчымым выйсцем са становішча тут можа стаць стварэнне новага кантэксту для ўспрымання п’есы французскага драматурга. Змяшчэнне акцэнтаў з захапляльных стасункаў трох сяброў менавіта на ўспрыманне сучаснага мастацтва — ход, варты разгляду.

Што да чацвёртай рэжысёрскай работы — Наталлі Леванавай — “Genannt Gospodin”, ужо на дадзены момант яна знаходзіцца на тэрыторыі, па словах крытыка Алены Мальчэўскай, “постдраматычнага тэатра”. І тут хочацца пажадаць аўтару смела трымацца гэтага кірунку, які вызначаецца эмансіпацыяй ад драматычнага тэксту, развіваючы свае бачанне і метад.

Увогуле, назіраць за тым, як нараджаецца новая пастаноўка — справа надзвычай захапляльная, і трэба аддаць належнае кіраўніку Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Таццяне Траяновіч, якая, запрасіўшы тэатральную публіку, крытыкаў і журналістаў на прагляд, прадэманстравала максімальную адкрытасць лабараторыі да абмену думкамі.

“Ён мяне палічыў”

Дзіўна, але абмеркаванне выявіла не толькі зацікаўленасць тэатральнай супольнасці ў падобных праектах (і гэта падкрэслівалася неаднаразова), але і пэўную насцярожанасць да новага. Сапраўдны шквал эмоцый выклікаў сам тэрмін “постдраматычны тэатр”, прамоўлены Аленай Мальчэўскай, у якім акцёр можа выступаць, у тым ліку, выключна “транслятарам тэксту”. Прычым, пастаноўка, якая схілялася да падобнай формы, не выклікала асаблівых нараканняў. А вось сама з’ява, якая пагражае пераўтварэннем акцёра ў “транслятара”, падалася чужароднай і крыўднай.

Адбылося, як у тым мультфільме пра казляня, якое ўмее лічыць: баімся таго, чаго не ведаем. А можа, не трэба так асцерагацца? Магчыма, выкарыстанне новых, ды, галоўнае, разнастайных тэатральных практык пойдзе беларускай, пераважна аднароднай у выбары тэатральнай мовы, сцэне на карысць?

Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры нават толькі для гэтай мэты — тое, што доктар прапісаў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"