Таксі ў музей

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Што рабіць, калі маеш усяго некалькі гадзін у незнаёмым горадзе і вялікае жаданне пазнаёміцца з яго музеямі? Вядома, скарыстацца таксі. Асабліва, калі яно — музейнае.

/i/content/pi/cult/469/9945/13-2.jpg

Напрыклад, у Берліне двойчы на год — у “самыя доўгія ночы музеяў” — курсіруюць маршруткі па чатырох асноўных напрамках. Кошт на транспартныя паслугі ўваходзіць у кошт музейнага білета. У Маскве пайшлі яшчэ далей, зрабіўшы “Музейнае таксі” рэгулярным. Ідэя належыць Траццякоўскай галерэі. Дзякуючы маршруту “музейнага” мікрааўтобуса, які курсіруе паміж будынкамі Галерэі ў Лаўрушынскім завулку і на Крымскім Вале, госці і супрацоўнікі Траццякоўкі могуць хутка і камфортна перамясціцца з адной тэрыторыі на іншую. Да слова, праезд па “музейным” маршруце займае каля дзесяці хвілін і каштуе як праезд у грамадскім транспарце.

Першапачаткова ў Траццякоўкі была ідэя глабальнага маршруту “Музейнага таксі”, які б звязаў некалькі музеяў, што знаходзяцца ў цэнтры Масквы. Маршрут ахопліваў бы акрамя двух карпусоў галерэі, Маскоўскі дом фатаграфіі, галерэю Зураба Цэрэтэлі, музеі Талстога і Пушкіна. Перашкодзілі коркі на дарогах.

Падобны праект ёсць і ў Нацыянальным парку турэцкага Гёрамэ — велізарнага музея пад адкрытым небам. А вось Музей княства Ліхтэнштэйн у мэтах акцыі змясціў копіі каралеўскай калекцыі фрэсак у салоне некалькіх аўтамабіляў таксі — нават здымкі такога эксперыменту ўражваюць. Можна толькі ўявіць, што адчувалі кліенты таксі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"