Вучоба он-лайн, замест кніжкі — відэа?

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Якая яна, музычная адукацыя за акіянам?
Беларускі гітарыст Віталь ТКАЧЭНКА, які працягнуў навучанне ў Амерыцы і цяпер там жыве і працуе, ужо вядомы чытачам (гл. “К” № 5 за 2014 г.). Але калі ранейшая размова з ім была прысвечана таму, што патрабуе тамтэйшая сістэма навучання ад студэнтаў, дык гэтая публікацыя — пра патрабаванні да выкладчыкаў і самі ўмовы іх працы. Цікава, што прыехаўшы больш як на месяц прадстаўляць у Расіі фірму па вырабе музычных інструментаў і сумясціўшы гэта з майстар-класамі на радзіме, Віталь увесь час… працягваў выкладанне — он-лайн.

/i/content/pi/cult/469/9944/13-1.jpg

Пачатак размовы з Віталём Ткачэнкам у № 5.

— У кожнай аўдыторыі ёсць камп’ютар з Інтэрнэтам і экран. Падобная дыстанцыйная форма чытання лекцый не такая ўжо і рэдкасць. Але, зразумела, так званы “клас”, дзе вучні павінны выконваць музыку, вядзе іншы выкладчык.

— Інакш кажучы, словы — он-лайн, музыка — “жыўцом”?

— Не заўсёды. Узгадаю свае ўступныя іспыты. Трэба было даслаць чатыры відэазапісы, зробленыя з адной камеры без мантажу. Субяседаванне — па тэлефоне. А па тэорыі музыкі — за гадзіну я павінен быў выканаць некалькі практыкаванняў і даслаць іх па факсу. Але калі ўсё здадзена паспяхова, дык гэта, лічыце, толькі першы “адборачны” тур. Ты атрымліваеш пасведчанне, што прыняты... часова, усяго на два тыдні. За гэты час трэба з’явіцца асабіста і ўсё тое самае здаць “жыўцом”. Але калі я пачаў іграць тую ж самую сольную праграму, якую дасылаў на відэа, камісія вельмі здзівілася: “Мы гэтыя творы ўжо чулі. Няўжо ў вас няма больш нічога?” Затое па гісторыі музыкі, напісаўшы за тры дні два эсэ на зададзеныя тэмы, атрымаў адзнаку адразу ў атэстат. І застаўся вельмі ўдзячны музыказнаўцы Вользе Савіцкай, якая выкладала гэтую дысцыпліну ў мяне пад час вучобы ў Мінску і дала папраўдзе грунтоўныя, усеабдымныя веды. Увогуле, гісторыя музыкі ў Беларусі выкладаецца куды больш падрабязна, і гэта фарміруе шырокі гістарычны кругагляд. У Амерыцы на тое адводзіцца ўсяго год ці паўтара.

— Цікава было б паглядзець які-небудзь амерыканскі падручнік па гісторыі музыкі...

— А іх папросту няма! Ёсць, вядома, самыя разнастайныя кнігі — ажно да коміксаў, дзе адлюстравана гісторыя сусветнай культуры. Але агульнапрынятых падручнікаў, па якім займаліся б усе навучальныя ўстановы, не існуе. Больш за тое, кожная ўстанова распрацоўвае свае навучальныя праграмы і, адпаведна, дапаможнікі, разнастайны метадычны матэрыял. Найперш — відэа, аўдыя, усё тое, што накіравана не на славеснае апісанне, а на практычны паказ. Стварэнню метадычных распрацовак надаецца вялікая ўвага.

Выкладаць жа мяне запрасілі яшчэ тады, калі я вучыўся на чацвёртым курсе. І спярша я працаваў над складаннем вучэбных матэрыялаў. Гэта папраўдзе вельмі карпатлівы занятак, які патрабуе куды большых намаганняў, чым уласна правядзенне ўрокаў, таму на яго даецца асобны час. Праўда, аплочваецца ён гэтак жа, як і лекцыі. Потым тыя матэрыялы выкладаюцца на сайт, але доступ да іх ёсць толькі ў нашых студэнтаў, і скапіраваць — немагчыма, так што аўтарскае права — абаронена. (У нас навукова-метадычныя працы выкладчыкі робяць у вольны ад аўдыторскіх заняткаў час, не атрымліваючы за гэта грошай. А выдаюць дапаможнікі — здараецца, і за свой кошт. Ці, каб зрабіць іх даступнымі, выкладаюць у Інтэрнэт, адмовіўшыся, фактычна, ад аўтарскіх правоў — Н.Б.). А падручнікаў няма нават у школе — толькі раздрукоўкі ад педагога. Няма ні Дэпартамента адукацыі, ні прынятай у Беларусі сістэмы праверкі навучальных устаноў. Але калі навучальныя ўстановы — прыватныя і за кожнай няма абавязковага геаграфічнага замацавання, дык ніхто не будзе выкідаць грошы на дрэнную. Прэстыжна, вядома, калі навучальная ўстанова атрымлівае акрэдытацыю штата. Каб яе займець, трэба прадаставіць камісіі ўсю інфармацыю пра дзейнасць установы. Але гэта — хіба дадатковая рэклама, больш тая акрэдытацыя не дае нічога.

— Як жа адбываецца, да прыкладу, перапрафіляванне навучальнай установы? Той жа Інстытут музыкі ў Атланце, дзе вы працуеце, са студзеня пашырыў сваю дзейнасць і цяпер называецца Інстытут музыкі і медыя.

— Медыя тут — праца з індустрыяй, тэхналогіяй, абсталяваннем. Сёння ледзь не кожны джазавы музыкант, а менавіта іх рыхтуе наша ўстанова, мае сваю студыю. Дый выступаючы “жыўцом”, ён павінен ведаць, як працаваць з гукам, як расстаўляць абсталяванне, тыя ж мікрафоны, каб дасягнуць не проста збалансаванасці, а свайго адметнага, “фірменнага”, гучання. Ёсць асаблівасці і пры тэлездымках. Распаўсюджана практыка, калі гурты на ўсе выступленні возяць сваіх гукарэжысёраў. Дый увогуле, многія музыканты, выбіраючы паміж інструментам і камп’ютарам, аддаюць перавагу апошняму. У Амерыцы ёсць інстытуты, дзе рыхтуюць выключна гукарэжысёраў. Але там вывучаюць уласна камп’ютарныя праграмы, а не музыку. Таму ў нашым інстытуце вырашылі названае сумясціць — і ў гэтым асаблівасць.

— Не пашанцавала тым, хто ўжо паспеў яе скончыць.

— Чаму ж? На працягу пяці гадоў пасля заканчэння кожны мае права наведваць любыя заняткі, дабіраючы тыя веды, у якіх адчувае патрэбу. Такая ж магчымасць ёсць у выкладчыкаў — прыходзіць да сваіх калег не з праверкай, а проста для пераймання вопыту.

— Але ж калі хто вучыцца не хоча — ні найноўшая метадалогія, ні сучасныя тэхнічныя сродкі не дапамогуць.

— Асноўная маса — сапраўды хоча, бо ўкладае ў навучанне свае ўласныя грошы. Не бацькоўскія, падкрэслю, а свае. У Амерыцы прынята ранняя сацыялізацыя: пасля 18-ці гадоў дзеці не застаюцца на шыі бацькоў, а пачынаюць самастойнае жыццё — у крэдыт. Таму спачатку, што называецца, хаця б крыху становяцца на ногі, а потым, часцей пасля 30-ці, задумваюцца пра адукацыю. Тым, хто добра вучыўся ў школе, прадастаўляюцца зніжкі на 20 — 40 працэнтаў: гэтыя грошы за іх плоціць штат. Самі ж навучальныя ўстановы (нагадаю, яны ж прыватныя) зніжкі даюць вельмі рэдка. Бо іначай — як аплочваць працу выкладчыкаў? Дарэчы, студэнты павінны зрабіць выбар. Калі яны хочуць сумяшчаць вучобу с працай, дык вымушаны абіраць "палавінную" праграму, якая будзе працягвацца ўдвая даўжэй. А калі яны будуць вучыцца па так званай поўнай праграме, дык не атрымаюць дазволу працаваць і ўвесь час павінны прысвячаць заняткам. Іншаземным жа студэнтам увогуле да трэцяга — чацвёртага курсаў працаваць не дазваляецца: іх "праца" — вучоба, што не менш адказна. Так што выкладчыкам не даводзіцца ламаць галаву, як зацікавіць аўдыторыю. Іх задача — стварыць метадычныя дапаможнікі, практыкаванні, усю тую базу, па якой студэнт будзе навучацца. І дапамагчы яму ў гэтым, папярэдзіць магчымыя праблемы ці, калі яны ўжо з’явіліся, вырашыць іх. Задача студэнта — усё гэта засвоіць. І прымяніць на практыцы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"