Апаратуру трэба пастаянна абнаўляць

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Валянцін БАРАНАЎ, Хойніцкі райвыканкам
Галоўная адметнасць Хойніцкага раёна ў тым, што гэтая зямля пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. І менавіта такая адметнасць паўплывала на далейшае развіццё мясцовай культуры. Яна, як мяркуе кіраўніцтва раёна, павінна падтрымліваць дух людзей, павінна быць гаючай ды ачышчальнай. Так, у краі даўно прызвычаіліся да самаахвярнасці.

/i/content/pi/cult/469/9943/12-2.jpg— Асноўная задача — арганізацыя адпачынку насельніцтва. І гэта далёка не бяздумнае баўленне часу. Скажам, леташні агляд-конкурс “Шукаю таленты” пераўтварыўся не толькі ў яркую доўгатэрміновую канцэртную дзею, але і ў практыка-арыентаваную акцыю па папаўненні базы даных пра здольных дзяцей і моладзь. Урэшце, гэта ж наш кадравы патэнцыял. Лічу, што праект так альбо інакш зачапіў кожнага. На выніковы гала-канцэрт цяжка было патрапіць з-за аншлагу. І мы свайго дамагліся, нашы сталыя аматарскія калектывы маюць магчымасць “абнаўлення крыві”.

Сёлета плануем правесці конкурс самадзейных гуртоў нашых устаноў культуры і ансамбляў з прадпрыемстваў і арганізацый. Раён павінен пастаянна бачыць, як развіваецца і ўдасканальваецца наша аматарскае мастацтва, заснаванае на спрадвечнай творчай традыцыі Хойніччыны. Мерапрыемства гэтае — таксама доўгатэрміновае. А завершыцца яно вялікім зборным канцэртам ў лістападзе, напярэдадні 71-й гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Амфітэатр у гарадскім парку будзе задзейнічаны летам максімальна. Па выхадных тут прэзентуюць сваё майстэрства артысты горада і сяла. Людзі заўжды вітаюць падобныя творчыя справаздачы.

Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі і 70-годдзя Вялікай Перамогі наш краязнаўчы музей працягне ваенна-патрыятычную пошукавую працу з удзелам вучняў і моладзі. Даўно ўвялі ў практыку экскурсіі па нашых знакамітых гісторыка-архітэктурных збудаваннях у вёсках Рудакова ды Барысаўшчына і ў вёску Глінішча, дзе нарадзіўся народны пісьменнік Іван Мележ. Уся гэтая экскурсійная дзейнасць станоўча ўплывае на ўдасканаленне музейнай справы. Дарэчы, сёлета Ноч музея ў будзе праведзена ў Хойніках з абавязковым удзелам струннага калектыву з дзіцячай школы мастацтваў…

Як начальнік аддзела, заўжды настойваю на тым, каб нашы клубы ды бібліятэкі выглядалі прывабна. Такая рэкламная дзейнасць па добраўпарадкаванні тэрыторый будзе працягнута і ў бягучым годзе.

23 сакавіка ўстановы культуры раёна возьмуць самы актыўны ўдзел ў выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Па-першае, частка выбарчых участкаў знаходзіцца менавіта ў нашых установах, а ў складах камісій — шэраг работнікаў культуры. Па-другое, мы па традыцыі ў гэты дзень забяспечым насельніцтва самым якасным канцэртным абслугоўваннем…

Сярод асноўных праблем назваў бы вось якую. Мае калегі, думаю, са мной пагодзяцца ў тым, што музычную ды светлавую апаратуры ў клубных установах варта перыядычна абнаўляць. Ну, не пойдзе моладзь на дыскатэку ці на канцэрт, дзе і гук крытыкі не вытрымлівае, і светлавой рэжысуры няма аніякай. Мы ж, урэшце, не ў пазамінулым стагоддзі жывем. Так, стараемся ў гэтым плане і пазабюджэт выкарыстаць, і спонсараў знайсці. І гэта цудоўна, што адно з нашых камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў летась аказала спонсарскую дапамогу ў 19 мільёнаў рублёў для таго, каб новы сельскі Дом культуры вёскі Веляцін набыў сабе лічбавую музычную апаратуру. Але спонсараў падобных, мякка кажучы, не так і шмат. Таму хацелася б, каб фінансаванне тут было мэтавым, у рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Заўважу, што праграмнага абнаўлення такога абсталявання ў нас не было 5 — 6 гадоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"