Якімі незаспакоенымі мы былі…

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Штрыхі з успамінаў колішняга начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама
Пішу пра тое, як я працавала на пасадзе начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Напісала невыпадкова. Усе, хто побач са мной — маладыя, людзі больш сталага веку, — просяць распавесці пра тыя гады, тыя праблемы, якія даводзілася вырашаць для таго, каб культура Віцебшчыны не згубіла нажытыя традыцыі, але і заставалася заўжды маладой. Пішу, а час падціскае: з леташняга лістапада пайшоў мне ўжо восьмы дзясятак. Трэба спяшацца…

/i/content/pi/cult/469/9941/14-3.jpg

Абласны семінар для работнікаў культуры ў Валасовіцкім сельсавеце Лепельскага раёна.

/i/content/pi/cult/469/9941/14-4.jpg

Прэзідыум абласнога савета ветэранаў культуры вобласці.

Адзіная жанчына

Начальнікам упраўлення стала па прапанове першага сакратара абкама партыі С.А. Пілатовіча. Я і не пагаджалася б, але такая прапанова для камуніста — што загад. Таму і на пасаду заступіла. Было гэта ў лістападзе 1963-га (працавала на пасадзе да красавіка 1990 года)… Азіраюся назад і выказваю вялікую ўдзячнасць камсамольскім гадам, што далі мне сілу, волю, жаданне жыць і надзейна рушыць даручаную справу наперад… Ва ўсіх астатніх абласцях рэспублікі на пасадзе начальніка ўпраўлення культуры працавалі мужчыны. Вельмі баялася згубіць аўтарытэт. А ў сельскіх раёнах не хапала кадраў. І гэта было галоўнай праблемай. Таму пры падтрымцы абласнога кіраўніцтва адкрылі ў тыя гады каля сотні музычных школ і школ мастацтваў. З’явіліся яны не толькі ў райцэнтрах, але і ў буйных паселішчах. Музычныя вучылішчы знаходзіліся ў Віцебску і Наваполацку (другое размясцілі ў бараку). Гэта ўжо потым быў пабудаваны шыкоўны інтэрнат для яго.

Сельскія кадры

Але сельскія клубы і дамы культуры адчувалі востры недахоп работнікаў. Музыкант-самавук быў рэдкасцю. Мы пераконвалі кіраўніцтва Міністэрства асветы, што трэба неадкладна адкрыць культасветвучылішча (сёння — каледж культуры і мастацтваў). Першым дырэктарам яго стаў Павел Агнісценка… Дык вось. Паколькі кадраў на сяле не хапала, мы здолелі прыцягнуць да справы інтэлігенцыю. На адным з фотаздымкаў вы можаце ўбачыць удзельнікаў абласнога семінара па гэтай праблеме. Семінар праходзіў у Валасовіцкім сельсавеце Лепельскага раёна. Потым наш вопыт атрымаў ухваленне на сесіі Вярхоўнага Савета БССР, у Міністэрстве культуры СССР. З дакладамі на гэтую тэму я выступала ў Бранску, Ульянаўску, дзе праходзілі нарады саюзнай камісіі па культурнай рабоце пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Міхаіла Ульянава. Больш за сотню актывістаў з ліку інтэлігенцыі атрымалі ўзнагароды Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюза работнікаў культуры. Група ўзнагароджаных была на прыёме ў міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай.

Выраслі палацы

Матэрыяльная база паступова мацавалася. У буйных гарадах выраслі палацы культуры, дыхтоўныя дамы культуры з’явіліся ў Гарадоцкім, Расонскім, Браслаўскім, Шумілінскім, Верхнядзвінскім раёнах. Былі пабудаваны абласная і гарадская бібліятэкі ў Віцебску. Набыў будынак і АНМЦ, якім шмат гадоў кіравала заслужаны работнік культуры рэспублікі Паліна Сакалова.

Пасля рэстаўрацыі быў адкрыты абласны тэатр лялек, дзе мастацкім кіраўніком прызначылі Віктара Клімчука, сёння ён — заслужаны дзеяч мастацтваў. У Віцебску прыняў першых наведвальнікаў Мемарыяльны музей партызанскага камбрыга Міная Шмырова. З‘явіліся музеі ў Бягомлі, Бешанковічах, Чашніках, Наваполацку, Паставах, Браславе, Гарадку, Шуміліне, Ушачах. Была ўзноўлена музейная сядзіба Ільі Рэпіна ў Здраўнёве.

Стартуе “Славянскі базар” і не толькі

Актыўна рэстаўруецца Сафійскі сабор. Дарэчы, першы канцэрт арганнай музыкі адбыўся ў лютым 1983-га пад час правядзення на Віцебшчыне Рэспубліканскага семінара загадчыкаў аддзелаў культуры гарадоў і раёнаў Беларусі. Ушчыльную займаліся і будаўніцтвам Амфітэатра ў абласным цэнтры, дзе правялі два конкурсы польскай песні, а потым — і “Славянскі базар”. Словам, клопатаў у работнікаў культуры было тады (як, зрэшты, і цяпер) вышэй галавы.

Незабыўнымі сталі Тыдні культуры на сяле, пра якія і па сёння згадваюць акцёры-коласаўцы ды мастакі. Была праведзена тады і цэнтралізацыя бібліятэк, і ў гэтым вялікая заслуга майго намесніка Марыны Крупскай. Па сельскіх саветах ладзіліся не толькі абрадавыя святы, але і святы вуліц, вёсак. Менавіта тады зарадзілася ідэя стварэння ў раёнах дамоў рамёстваў. Традыцыйнымі становяцца “Браслаўскія зарніцы” (немалая заслуга ў гэтым належыць загадчыку раённага аддзела культуры Валянціне Вашчанка). Пастаўскія цымбалісты выступілі на Усесаюзным конкурсе ў Ташкенце. А народны ансамбль танца “Лявоніха” Віцебскага ГДК (балетмайстар — Леанід Барадулька) прыняў удзел у Міжнародным фестывалі фальклора ў Канадзе.

“Залаты запас”

Я вельмі ганарылася і даражыла загадчыкамі раённых аддзелаў. Па трыццаць і больш гадоў працавалі Вікторыя Маркевіч, Зоя Жолудзь, Валянціна Барысава, Галіна Урублеўская, Віктар Кібісаў… Гэта дзякуючы ім культура Віцебшчыны набыла непаўторнае аблічча. У вёсцы Празарокі з’явіўся помнік Ігнату Буйніцкаму, у Ляўках — помнік Янку Купалу, на Ушаччыне — комплекс “Прарыў”…

Я цяпер — на пенсіі, займаюся грамадскімі справамі: абрана старшынёй прэзідыума абласнога Савета ветэранаў — работнікаў культуры і ў склад ветэранскай арганізацыі БРСМ вобласці. Часта кантактую з маладымі работнікамі культуры і вельмі хачу, каб яны ведалі гісторыю роднай сферы культуры...

Галіна КЛЁСАВА, заслужаны работнік культуры БССР