Чалавек Сонца

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Прайшло дзесяць гадоў з дня заўчаснай смерці Уладзіміра Кузменкі — цудоўнага піяніста, педагога, таленавітага арганізатара і кіраўніка, уганараванага званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Тэрмін, адпушчаны яму лёсам, аказаўся крыўдна кароткім, але ж колькі паспеў зрабіць гэты музыкант!

/i/content/pi/cult/469/9940/14-1.pngВыхаваў больш за 20 маладых піяністаў, вядомых цяпер у многіх краінах свету. Чатыры гады працаваў на Кубе, перадаючы свой неацэнны вопыт. Пятнаццаць — быў дырэктарам (першым, якога абраў сам педагагічны калектыў) Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Узначальваў мінскае аддзяленне Саюза музычных дзеячаў. Яго любілі ўсе. Яркая творчая асоба, чалавек слова і гонару, ён усё рабіў з заразлівым захапленнем, шчодра, з гумарам і шчаслівай усмешкай, умеючы радавацца жыццю і перадаючы гэтую радасць навакольным. “Чалавек Сонца” — пісала ў лісце да яго адна з яго вучаніц.

Вышэйшай пробы чалавечнасць і бездакорная культура Уладзіміра Міхайлавіча шмат у чым былі ўзрошчаны яго сям’ёй. Бацька быў святаром, настаяцелем Свята-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку, у свой час вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, Варшаўскім універсітэце, Віленскай кансерваторыі і Маскоўскай духоўнай акадэміі, а ў 1939 годзе ўдзельнічаў у хоры Рыгора Шырмы. У тым жа калектыве спявалі маці і цётка Уладзіміра Кузменкі, па матчынай лініі ён увогуле быў сваяком легендарнага Віктара Роўды — знакамітага дзеяча харавога мастацтва Беларусі.

Вучыўся спачатку ў Магілёве, потым — у згаданым каледжы (тады ён называўся Сярэдняй спецыяльнай музычнай школай пры кансерваторыі), куды вярнуўся выкладаць пасля атрымання вышэйшай адукацыі і дзе пазней яго абралі дырэктарам. У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ён займаўся ў класе Рыгора Шаршэўскага — аднаго з вядучых прафесараў, які ўзрасціў суцэльную пляяду піяністаў, і каля трыццаці гадоў, да самай смерці настаўніка, заставаўся адным з яго самых адданых не толькі паслядоўнікаў, але і сяброў. Дый надалей — заўсёды вельмі важным лічыў увекавечванне памяці лепшых выкладчыкаў, што спрыяла пераемнасці традыцый нацыянальнай выканальніцкай школы.

Плённа займаўся метадычнай працай: праводзіў адкрытыя ўрокі і майстар-класы, удзельнічаў у журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, чытаў лекцыі, даклады, выступаў у прэсе. Выпусціў пяць фартэпіянных зборнікаў беларускіх кампазітараў, выдаў навуковую працу “Індывідуальнасць вучня і развіццё навыкаў самастойнасці ў працэсе навучання ігры на фартэпіяна”. Выхаванню адораных дзяцей ён надаваў асаблівую ўвагу, падкрэсліваючы, што творчыя асобы вылучаюцца індывідуальнымі тэмпамі развіцця, таму патрабуюць такога ж нестандартнага навучання, а таксама фарміравання атачэння, якое ўздзейнічала б на іх станаўленне: таленту патрэбны адпаведныя ўмовы. Абвяргаў дагматычныя погляды і аўтарытарныя тэндэнцыі ў музычнай педагогіцы, пратэставаў супраць стандартнасці ў выбары канцэртных праграм: пры складанні апошніх вучні заўсёды былі ягонымі сааўтарамі. А заканчваючы вучобу, заставаліся ў полі яго зроку.

Пры яго дырэктарстве лаўрэатамі найпрэстыжных выканальніцкіх конкурсаў сталі больш як 500 навучэнцаў каледжа, адрадзілася шырокае канцэртнае жыццё Капэлы хлопчыкаў, прыйшоў да росквіту Канцэртны аркестр Уладзіміра Перліна, вядомы сёння па ўсёй Еўропе. У каледжы склаўся калектыў аднадумцаў, з’яднаных агульнымі мэтамі і ідэямі. Менавіта У.Кузменка быў ініцыятарам надзвычай крэатыўных прысвячэнняў першакурснікаў “у прафесіяналы”, вечароў выпускнікоў ды іншых захадаў, накіраваных на захаванне і працяг нашых музычных традыцый, віраванне творчасці як пастаяннага, няспыннага працэса. І ягонае “сонца” ззяе нам і дагэтуль.

Алена ГАРАХАВІК, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт