Аляксандр ЛАЎРЫНЕНКА: “А дзе працяг “Белых Рос”?

№ 4 (822) 26.01.2008 - 01.02.2008 г

Тое, што кіно на вялікім экране запатрабавана, пацвярджаецца вынікамі нашай працы, у першую чаргу — эканамічнымі паказчыкамі.

 /i/content/pi/cult/146/994/Laurynenka1.jpg

Абласная кінавідэасетка выканала ўсе даведзеныя прагнозныя заданні, тэмп росту платных паслуг склаў 119,7% пры плане 108%. Забяспечваецца станоўчая дынаміка павелічэння долі ўласных прыбыткаў у суадносінах да бюджэтнага фінансавання. Па выніках года ўсе прадпрыемствы забяспечылі выхад на бясстратную працу.
Яшчэ адным прыярытэтам была і застаецца праца па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы сеткі.
Так, новае аблічча набыў кінатэатр “Беларусь” у г. Рэчыцы. Згодна з планам, у кастрычніку 2007 г. у ім уведзена ў дзеянне гукавая сістэма “долбі-стэрэа”. У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для кінавідэаабслугоўвання сельскага насельніцтва набыта 16 відэапраекцыйных сістэм. Дзякуючы аблвыканкаму і, у прыватнасці, абласному ўпраўленню культуры мы атрымалі ў карыстанне сучасны светладыёдны экран, які істотна пашырыць нашы магчымасці па відэаабслугоўванні розных мерапрыемстваў. Усяго на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў 2007 г. накіравана больш за 1,3 млрд. рублёў, што амаль у 2, 4 раза больш, чым у 2006 г. Хаця мы разумеем: гэтых сродкаў яўна недастаткова, бо ў цэлым матэрыяльная база кінавідэапаказу пакідае жадаць лепшага.
Не забываем мы і пра ідэалогію. Гэтая функцыя рэалізуецца праз рэпертуарную палітыку і правядзенне кінамерапрыемстваў.
Безумоўна, галоўнай падзеяй мінулага года для кінапракатчыкаў Гомельшчыны стаў прыход на гомельскую зямлю кінафестывалю “Лістапад”. У рамках фестывалю праведзена больш за 200 мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 11 тысяч гледачоў. Дзякуючы “Лістападу” нам удалося па-добраму ўскалыхнуць кінематаграфічнае жыццё вобласці.
Адзін прыезд Віктара Сухарукава выклікаў такі ажыятаж, што размовы пра гэта ішлі яшчэ вельмі доўга. Тым самым пацвердзілася правільнасць прынятага рэспубліканскім аргкамітэтам прынцыповага рашэння аб пашырэнні межаў фестывалю да маштабаў усёй краіны.
У 1,7 раза павялічаны аб’ём сродкаў, якія выдзяляюцца на закупку фільмаў, чым забяспечана выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы.

 /i/content/pi/cult/146/994/Laurynenka2.jpg

Кадр з фільма “Маёр Ветраў”.

Асаблівая ўвага надаецца працы з беларускай фільмапрадукцыяй. З задавальненнем сустрэлі доўгачаканае рашэнне кіраўніцтва “Беларусьфільма” па пераходзе на ўмовы пастаўкі фільмаў з растэрміноўкай плацяжу. Радуе, што ў краіне з’яўляецца ўсё больш фільмаў прыкладнога прызначэння. Мастацкія фільмы робяцца больш цікавымі, хаця, канешне, да патэнцыялу камерцыйных блокбастэраў яшчэ далёка. У сувязі з гэтым хацеў бы звярнуць увагу на спіс самых касавых фільмаў 2007 года на Гомельшчыне. Падкрэслю: калі “Іронія лёсу” — дык “Працяг”, калі “Таксі” — дык “4”, “Піраты Карыбскага мора” — “3”, “Гары Потэр” — “5” і г. д. Працуюць, як цяпер кажуць, “раскручаныя брэнды”. І калі б сёння хтосьці ўзяўся зрабіць, напрыклад, працяг “Белых Рос”, упэўнены, што па камерцыйным патэнцыяле такі фільм мог бы годна канкурыраваць з многімі расійскімі прапіаранымі блокбастэрамі, ён быў бы цікавым гледачу. Бо, па вялікім рахунку, глядач ідзе ў кіно глядзець не беларускі, расійскі або амерыканскі фільм, а фільм, які яму цікавы.
Увогуле, праграма імпартазамяшчэння для кінагаліны зусім не менш актуальная, чым для прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Бо, каб паспяхова канкурыраваць з пашырэннем сетак кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання, Інтэрнета, не кажучы ўжо пра “пірацкую прадукцыю”, мы, па сутнасці, ператвараемся ў “кінанаркаманаў”. Як арганізм нарказалежнага патрабуе дозу, так і нашы кінатэатры (а дакладней — гледачы) патрабуюць усё больш новых, цікавых і — абавязкова — свежых фільмаў. Вось і вымушаны мы прымаць жорсткія ўмовы расійскіх кінакамерсантаў-манапалістаў, каб атрымаць, ды найхутчэй, кіно, якое можа зацікавіць гледачоў. Пры гэтым, часцей упершыню гледзячы фільм, калі заключана дамова. Вось і атрымліваецца: фільм — ні розуму, ні сэрцу, а зборы дае, прагноз выконваецца. І альтэрнатывы гэтаму пакуль няма.
У справаздачным годзе значна болей увагі нашай працы надавалі Міністэрства культуры і Дэпартамент па кінематаграфіі, для якога 2007 год стаў першым паўнавартасным годам працы. І не толькі таму, што праца “Гомелькінавідэапракату” рабілася прадметам абмеркавання на пасяджэнні калегіі Міністэрства. Галоўным вынікам стаў сур’ёзны крок у напрамку абнаўлення нарматыўна-прававой базы нашай кінагаліны.
Таксама хацеў бы падкрэсліць, што ў нас ў галіне на ўсіх узроўнях склалася вельмі канструктыўнае ўзаемадзеянне з органамі і ўстановамі культуры, у прыватнасці, па правядзенні грамадска-палітычных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Ну, а калі недзе і існуе невялікая канкурэнцыя па якіх-небудзь асобных відах паслуг, дык, мяркую, яна ідзе толькі на карысць.
Канешне, не ўсё ідэальна ў нашай дзейнасці, ёсць нямала недахопаў і праблем.
Але мы ведаем іх і па меры магчымасці спрабуем іх выправіць.
Напрыканцы выступлення хацеў бы выказаць шэраг прапаноў:
1. Наспела неабходнасць правесці сур’ёзнае сацыялагічнае даследаванне на тэму “Роля кіно ў сучасным грамадстве”. Вынікі гэтага даследавання маглі б быць карыснымі не толькі кінапракатчыкам, але і вытворцам фільмаў, а таксама работнікам ідэалагічнай вертыкалі.
2. Дэпартаменту варта больш актыўна працягваць практыку правядзення семінараў кінаработнікаў для абмену вопытам. Такі семінар мог бы прайсці на базе вобласці-пераможцы спаборніцтва, над арганізацыяй якога таксама, верагодна, варта было б падумаць.
3. Удасканальванню рэкламнай дзейнасці магло б садзейнічаць рашэнне аб павелічэнні вызначанага гранічнага нарматыву сродкаў на гэтыя мэты — з 7,5% да ўзроўню, вызначанага для тэатральна-відовішчных арганізацый (22,5%).
4. Разумеючы ўсю важнасць забеспячэння кантролю за эканамічнай эфектыўнасцю нашай дзейнасці, хацелася б, каб дакументаабарот па гэтай тэме быў з улікам спецыфікі галіны меншы. Практычна 7 дакументаў з 10, якія паступаюць да нас на выкананне, ідуць па пытаннях эканомікі.
Даходзіць часам да абсурду. Так, Гомельскае гарадское прадпрыемства “Кінатаўр”, якое ў 2007 годзе зарабіла амаль мільярд рублёў і на 92% пакрыла свае затраты за кошт уласных прыбыткаў, “дзякуючы” маніторынгу неплацежаздольнасці, які праводзіць Міністэрства эканомікі, аказваецца амаль банкрутам. Нельга мераць усіх адным аршынам і ўжываць розныя методыкі без уліку галіновай спецыфікі.

Аляксандр ЛАЎРЫНЕНКА,
генеральны дырэктар КУП “Гомелькінавідэапракат”