Які лёс чакае “Берагіню”?

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Публікацыя ў “К” артыкула этнахарэографа і заснавальніка фестывалю “Берагіня” Міколы Козенкі выклікала рэзананс сярод чытачоў, якія занепакоены далейшым лёсам гэтага этнапраекта. Сёння мы публікуем чарговы ліст.

З тэкстам Міколы Козенкі можна пазнаёміцца тут.

Папярэдняя публікацыя з абмеркаваннем праблемы тут.

"Колькі гадоў мінула з часу, калі ўпершыню адбылася падзея, якая стала святам для многіх пакаленняў Акцябрскай зямлі! З 1999 года яна прымае гасцей “Берагіні”.

З кожным разам павялічваецца колькасць гасцей і ахвотных дакрануцца да вялікага свята фальклорнага мастацтва. Важна, што фестываль выхоўвае моладзь згодна з традыцыямі нашай краіны. Яго карысць — не толькі ў прэзентацыі традыцый: “Берагіня” ўплывае на стасункі між людзьмі розных пакаленняў.

“Берагіня” — дасягненне не толькі аднаго раёна, а і ўсёй рэспублікі. Пашырэнне яе ідэі, канцэпцыі — важны крок у будаўніцтве беларускай будучыні. Інакш кажучы, пашырэнне межаў фестывалю — неабходнасць часу.

На сённяшні час сіламі аматараў фальклору, даследчыкаў і практыкаў народнай культуры, збіральнікаў і ахоўнікаў народнага багацця ў Мінску існуе свой фальклорны рух. Ён ахоплівае школы, ВНУ, цэнтры народнай творчасці, нават вуліцу (у цёплае надвор’е ў розных раёнах Мінска на адкрытым паветры ладзяцца танцы), а таксама стварае падмурак для ажыццяўлення новых адукацыйна-культурных праектаў.

Адзін з такіх праектаў — вечарыны, арганізаваныя клубам “СІТА” і музычнай капэлай “На таку”, якія даюць магчымасць кожнаму даведацца пра народную харэаграфію і пачуць старадаўнія спевы.

Знакавай з’явай з’яўляецца конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца”, які ўпершыню быў праведзены ў Мінску 14 снежня 2013 года. Ён сабраў танцавальныя пары з пяці абласцей краіны, аб’яднаў разам старэйшае пакаленне і моладзь, прадэманстраваў размах танцавальнай культуры беларусаў. Тое, што адбылося, трэба было бачыць!

Вынікі іх чарговы раз падкрэсліваюць неабходнасць захавання, пераймання і папулярызацыі народнай традыцыйнай культуры сярод шырокага кола насельніцтва, асабліва сярод малодшага пакалення.

Моладзь, дый не толькі, як засведчылі “Берагіня” і “Мяцеліца”, імкнецца да гісторыі, гатовая пашыраць веды аб традыцыях. Ідэя “Берагіні”, распрацаваная Міколам Козенкам, сёння дае плён і стварае рэальныя магчымасці для практычнага засваення найбагацейшай культурнай спадчыны Бацькаўшчыны! Я ўпэўнена, што праз духоўнае адраджэнне народа, праз “Берагіню” можна дасягнуць значных поспехаў і ў эканоміцы нашай краіны!..

Кацярына ШЭЙКА,

г.п. Акцябрскі — Мінск"