Ці патрэбны сімбіёз гасцініцы і музея?

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Сярод гасцініц, што рыхтуюцца да Чэмпіянату свету па хакеі-2014, будзе і змешчаная ў былым манастыры бернардзінцаў, што ў сталічным Верхнім горадзе. Адкрыццё чатырохзоркавага комплексу адбудзецца ў красавіку. Акрамя размяшчэння ў гістарычным антуражы, гасцям будзе прапанавана экспазіцыя, звязаная з ладам жыцця бернардзінцаў, пажарнай справай і гісторыяй транспарту. Дык ці спрацоўвае суседства турыстычнага жылля і музея на карысць апошнага?

Леанід КУРОЎСКІ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама:

— Апошнім часам вялікую папулярнасць у жыхароў Беларусі і іншых краін СНД набывае веласіпедны турызм. А пры перамяшчэнні на такім сродку ўзнікае неабходнасць прыпынкаў на адпачынак і сон. Асабліва прываблівае, калі месца начлегу размешчана ў ціхіх, спакойных і прыгожых мясцінах. Напрыклад, у простай сялянскай хаце, дзе аўтэнтыка спалучаецца з камфортам, якога патрабуе сучаснасць.

Пэўную колькасць людзей, асабліва моладзі, якая ладзіць пешыя турыстычныя паходы, зацікаўлівае ідэя адпачынку на прыродзе з адначасовым адукацыйным правядзеннем часу. Пры музеі народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” ёсць такая ўнікальная экспазіцыя, як “Сялянскі падворак”. Там наведвальнікам прапанаваны нумар у вясковай хаце з адпаведным інэр’ерам і традыцыйная кухня вёскі.

Пакуль такі нумар у нас толькі адзін, але рыхтуюцца і іншыя. Мяркую, музей і гасцініца разам робяць станоўчы імідж вёсцы і прыцягваюць з кожным годам усё больш наведвальнікаў. Таму, лічу, для аўтэнтычных устаноў практыка стварэння такога суседства вельмі карысная. Тым больш, спецыялісты ў галіне турызму, у тым ліку і сельскага, заўжды нацэльваюць нас на кірунак развіцця гасцінічнага сектара, распрацоўкі адукацыйнага адпачынку і стварэння максімальна камфортных умоў для гасцей...

Надзея ДУДАРОНАК, дырэктар навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”:

— Вядома ж, многія з гасцей нашага краю зацікаўліваюцца экспазіцыяй музея. На гэта, натуральна, уплывае размяшчэнне гатэля: пабудаваная ў 2004 годзе гасцініца “Заезны двор” знаходзіцца з боку будынка Музея традыцыйнай культуры Браслава і фактычна з’яўляецца паўнавартасным аддзелам апошняга.

Да таго ж, у сценах гасцініцы прадстаўлена фотаэкспазіцыя, якая распавядае пра гісторыю млыноў Браслаўшчыны. Гэтая выстаўка падтрымлівае ідэю самога музея і спрыяе прыцягненню ўвагі да яго ў турыстаў. Таму, паглядзеўшы дадзеную фотаэкспазіцыю, многія пастаяльцы наведваюць Музей традыцыйнай культуры і Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы…

Калі я ў час разнастайных семінараў і форумаў у Мінску або за мяжой распавядаю пра тое, што ў нас пры музеі ёсць гасцініца, — гэта выклікае здзіўленне і зацікаўленасць. Ідэя такога суседства, мяркую, вельмі ўдалая: яна спрыяе павелічэнню турыстычнай цікавасці да гістарычнай памяці нашага раёна, што вельмі ўдала: у нас ёсць, што паглядзець, і ёсць, дзе спыніцца.