“Жэсць!” ці спектакль “толькі для аграгарадка”?

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Тэатр за Мінскай кальцавой: ёсць такое слова — план!
Гэта было яшчэ на пачатку тэатральнага сезона. Вырашыў даведацца, якімі прэм’ерамі збіраюцца здзівіць гледача несталічныя драматычныя тэатры. У Інтэрнэце выпадкова трапіў на старонку бабруйскага гарадскога партала, дзе і знайшоў інфармацыю такога кшталту. Сярод заяўленых пастановак Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча значыўся спектакль па п’есе Васіля Ткачова “Без Ягора будзе гора”. У анатацыі паведамлялася пра выканаўцаў галоўных роляў у спектаклі, каротка быў выкладзены сюжэт. А далей я прачытаў фразу, якая прымусіла задумацца і якую цытую далей: “Спектакль прызначаны для паказу ў аграгарадках, санаторыях і сельскай мясцовасці, але, магчыма, яго ўбачаць і бабруйчане”. Дык што ж гэта за такое тэатральнае мастацтва, якое, магчыма, убачыць гарадскі глядач, а магчыма — не ўбачыць?

/i/content/pi/cult/469/9935/4-18.jpgВарыянт першы. Сталы пракат

“Геаграфія выязной дзейнасці Мінскага абласнога драматычнага тэатра — шырокая, — паведаміў яго дырэктар Юрый КРЫВЕНЬКІ. — Гэта Палачаны, Бярэзінскае, Краснае, Вяжуці, Лебедзева, Чысць... Сюды ўваходзіць так званая Нарачанская зона, дзе знаходзіцца мноства санаторыяў, і раён пасёлка Радашковічы, у якім размяшчаюцца дзіцячыя летнікі.

Нам ёсць што прапанаваць сельскаму гледачу. Папулярнасцю карыстаюцца “Камедыя” У.Рудава, “На другi дзень Сёмухі” паводле п’есы “Прымакі” Янкі Купалы. У лідары выязнога пракату мінулага сезона выйшаў спектакль “Банкет” паводле Ніла Саймана. Культарганізатары на месцах звычайна просяць прывозіць спектаклі забаўляльнага кірунку. Калі ж казаць аб працы па квітках, то 90% ад агульнага збору прыпадае на спектаклі дзіцячага рэпертуару. І тут у нас ёсць свае лідары — гэта “Казка пра чырвоную стужачку” і прыгодніцкае прадстаўленне “ Усё будзе хараШОУ”, якое нядаўна адыгралі ў 100-ы раз! (За тры гады пракату дзіцячага спектакля — вялікая лічба).

З санаторыямі і дзіцячымі аздараўленчымі летнікамі мы працуем па безнаяўным разліку. Яшчэ асаблівасць. Абслугоўваннем спектакля занята частка тэхнічнага персаналу: святло, гук, касцюмер, рэквізітар і гэтак далей. Таму на выезд мы стараемся пасылаць спектаклі з найменшай колькасцю акцёраў.

Я выступіў з ініцыятывай аднавіць спектакль “Нязваны госць” па п’есе Святланы Бартохавай, які калісьці з поспехам ішоў на сцэне тэатра. Мэта яго другога “нараджэння” — гэта менавіта пракат па аграгарадках і санаторыях. Спектакль вельмі мабільны, там занята ўсяго два акцёры. Думаю, гэтая гісторыя знойдзе свой водгук як у гарадскога, так і ў сельскага гледача”...

Варыянт другі. Амаль без выездаў, бо…

Распавядае рэжысёр Палескага драматычнага тэатра з Пінска Павел МАРЫНІЧ: “Наш тэатр не выязджае ў сельскую мясцовасць, паколькі ў нас адсутнічае свой аўтатранспарт. Аднак жыхары раёна — частыя госці на нашых спектаклях. У гастрольнай дзейнасці ж летась было два яркія моманты: паездка на Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа” ў Брэст і паспяховыя гастролі ў Баранавічах ды Ляхавічах. Сітуацыя ж з выязной дзейнасцю па раёне можа змяніцца сёлета, паколькі тэатр збіраецца набыць аўтобус.

Я думаю, што ў рэпертуары кожнага тэатра ёсць свае выязныя спектаклі. Так, у нас — тузін вячэрніх пастановак і дзве дзіцячыя. Яны розныя па жанрах: гэта і маладзёжная драма, і камедыя, і класіка — беларуская і руская. Ёсць што паказаць гледачам, але не на ўсіх пляцоўках можна размясціць дэкарацыі. Напрыклад, спектакль “Гаральд і Мод” быў вельмі цёпла прыняты ў Баранавічах. Чым не варыянт для выезду? А яшчэ маладзёжная драма “Я так хачу дадому!”, камедыя “Кветкі правінцыі” — спектакль, які пераносіць гледача ў 1990-я. Яшчэ і казкі... Астатняе — гэта выбар арганізатараў і гледача”.

Варыянт трэці. Гастролі па… ГДР

Дырэктар — мастацкі кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра Юрый Вута — натура творчая, таму свой адказ ён пачаў з жарту ў тэму, які надзвычай папулярны ў іхнім тэатры. “Куды мы ездзім? Мы гастралюем па ГДР!”. Абрэвіятура гамяльчанамі расшыфроўваецца, як Гомель, Добруш і Рэчыца.

“Наш тэатр гарадскога падпарадкавання, таму першачарговая задача, якая стаіць перад намі, — абслугоўванне гарадскога гледача. У плане работы значыцца пункт па абслугоўванні сельскага гледача. Гэта зусім невялікі працэнт, парадку 8 — 10 выездаў за сезон. Натуральна, мы не вывозім пастаноўкі накшталт “Маркітанткі Ганны Фірлінг” па Бертольду Брэхту. Гэтую функцыю выконваюць спектаклі выхаднога дня, такія як “Некамедыя” У.Рудава , “Вячэра з дурнем” Ф.Вэбера і іншыя. З дзіцячага рэпертуару —- “Залатое сэрцайка”, “Кот у ботах” Ш.Перо, “Стойкі алавянны салдацік” Г.-Х.Андэрсана. Звычайна мы прапануем патэнцыйным заказчыкам азнаёміцца з анатацыямі да спектакляў, якія размешчаны на сайце тэатра, каб яны змаглі самастойна зрабіць выбар. Сцэна тэатра — маленькая і вельмі спецыфічная, таму дэкарацыі спектакляў падыходзяць практычна да любой пляцоўкі”.

Варыянт чацвёрты. Пакуль хіба што летнікі…

Галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа Раман Цыркін узгадаў сваю даўнішнюю пастаноўку “Калі б Адам не саграшыў...” — фарс па матывах п’ес “Конскі партрэт” і “Пісаравы імяніны” У.Галубка і Л.Родзевіча. Ён прапаноўваў зрабіць пракат гэтага спектакля па аграгарадках у зімовы перыяд, калі працы ў вёсцы зведзены да мінімуму. Аднак гэтай ідэі не наканавана было спраўдзіцца.

“Мы да гэтага часу не змаглі аднавіць увесь рэпертуар пасля леташняга пажару, які здарыўся ў тэатры. А гэта — касцюмы, дэкарацыі, рэквізіт. У цяперашні час выязная дзейнасць тэатра абмежавана паказам казак у дзіцячых летніках раёна.

Матэматыка і “Жэсць!”

Выезд — справа затратная, бо гэта аднадзённыя сутачныя, памножаныя на колькасць артыстычнага і тэхнічнага персаналу. А заправіць бакі гаручым з улікам кіламетражу “туды — назад”, адлічэнні на амартызацыю аўтатранспарту? Няма свайго аўтобуса і грузавіка — дадавай сюды кошт арэнды. Калі спектакль прадаецца па білетах, то трэба заплаціць свой працэнт пазаштатным распаўсюджвальнікам на месцах. І аўтарскія адлічэнні аўтару п’есы ды пастановачнай групе: рэжысёру, мастаку-пастаноўшчыку і стваральніку арыгінальнай музыкі.

Розніца паміж зборам і выдаткамі трапляе ў “засекі” тэатра. Кожны кіраўнік устанаўлівае сваю планку рэнтабельнасці. Апускацца ніжэй — значыць працаваць сабе на страту. Урэшце, выязная дзейнасць тэатраў — гэта хутчэй сацыяльная палітыка, звязаная з арганізацыяй вольнага часу ў тых месцах, якія ніяк не падыходзяць пад вызначэнне “культурны цэнтр”. Нельга не сказаць і пра асветніцкае ды адукацыйнае значэнне. І самае галоўнае — кожнаму тэатру ў сілу спецыфікі даведзена пэўная колькасць спектакляў, якую неабходна адпрацаваць за год. Ёсць яшчэ фінансавы план, план па гледачах. І гэтыя паказчыкі пакуль ніхто не збіраецца адмяняць.

…Памятаю час, калі ў разліковым лістку акцёра меўся радок кшталту “за складанасць працы пад час выездаў”. Гэта зразумела — час у дарозе , не зусім звыклыя ўмовы размяшчэння ў так званых грымёрных. Потым гэты радок замянілі чымсьці іншым. Стабільным засталіся штодзённыя выязныя. Цяпер гэтая сума складае 30 тысяч рублёў. Ці хапае яе тады, калі выезд уключае два спектаклі — ранішні і вячэрні — або пераезд з кропкі на кропку — пытанне рытарычнае. Таму пра матэрыяльныя выгоды персаналу ад “сельскіх гастролей” казаць не выпадае.

Ды і спектакль губляе некаторыя свае якасці на выездзе. Асаблівасці пляцоўкі часам прымушаюць перакройваць пастаноўку ў працэсе — уваходы, выхады, мізансцэны, адсутнасць неабходнага для стацыянарных умоў зацямнення і выканання ўмоў светлавой партытуры. Усё тое не спрыяе узнаўленню на новай пляцоўцы эфемернай з’явы, якая называецца атмасферай спектакля. І яшчэ. Адзін малады калега, адпрацаваўшы два гады па размеркаванні ў маладзечанскім тэатры, адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць і надалей на дагаворнай аснове. Ён казаў пра тое, што не супраць прыязджаць з Мінска і іграць свае нешматлікія ролі. “Але выпраўляцца на выезды — гэта жэсць!“ А што казаць акцёрам, якія жывуць у горадзе і часцяком вяртаюцца праз іх дадому бліжэй да апоўначы?

А што да рэпертуару, які ставіцца адмыслова для жыхароў аграгарадкоў… Дык ці ёсць у ім месца адказнасці за эстэтычныя крытэрыі, актуальнай гаворцы пра час, раскрыццю акцёраў па-новаму, гульні ў форму?.. Дый ці стануць “запарвацца” адміністратары, маркетолагі, каб з улікам названага дакладна падаваць і прадаваць такія творы на розную аўдыторыю? Відавочна, што не. Таму лік “лайтовых” спектакляў для аграгарадкоў мае ўзрастаць, хоць, на маю думку, падобнай катэгорыі сцэнічных твораў папросту не існуе.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр