“Маленькі татаў герой”: пра адзін надпіс на дзіцячай маечцы

№ 9 (1135) 01.03.2014 - 07.03.2014 г

Сяргей ТРАФІЛАЎ, галоўны рэдактар газеты “Культура”
З чаго пачынаецца любоў бацькоў да сваіх дзяцей? І — дзяцей да бацькоў? Усё проста і зразумела, але — вельмі асабіста для кожнага з нас. Апроч повязей крэўных ды кроўных, апроч дабра і пяшчоты, клопату ды невыказнай словамі любові, ёсць такія моманты, якія мы запамінаем і пасля прыгадваем: вось тады, у гэты самы момант, малыш падарыў усмешку ад свайго чарговага подзвігу маленькага чалавека і нагоду моцна-моцна прыціснуць немаўля да сябе…

/i/content/pi/cult/469/9934/4-1.JPGТэму для гэтай калонкі мне падказаў самы звыклы для маладога бацькі працэс апранання немаўляці. Калі з сынам сумеснымі намаганнямі (я — бо не надта назапасіў на той час спрыту, ён — бо спрыту ў ягоным ўзросце стае нават з лішкам) нацягвалі маечку, а песні-перакананні-цацкі ніяк не дзейнічалі, я і кажу:

— Які ж ты вёрткі, маленькі татаў герой! — і адразу ж лаўлю сябе на думцы, што чытаю “падказку” на самой маечцы. Так, “Маленькі татаў герой”, але — па англійску.

Наступным разам пра тое ж задумаўся, калі звыкла скарыстаў у падобнай сітуацыі пасаж аб “праменьчыку сонца” (надпіс “Ты маё сонечнае святло”). А былі ж яшчэ “Дзевяць месяцаў унутры”, “Мама + Тата = Я”, “Я люблю маму”, “Я люблю тату”, варыянт для бабуль і дзядуль — “Суперунучак”… Карацей, самыя простыя цёплыя словы, з якімі, на жаль, мадэльеры нашых буйных прадпрыемстваў, што арыентуюцца і на дзіцячае адзенне, відаць, не знаёмы. Бо слоў на “бодзіках”, “сліпіках” ды іншых прадметах дзіцячага гардэробу, зробленых у Беларусі, наогул практычна няма. А тыя, што ёсць, — як правіла, не нашы: англійскія, польскія, італьянскія… Ды і яны часцей тэхнічныя альбо скарыстаны ў якасці элементаў узораў.

Хіба ў аднаго айчыннага ўласна дзіцячага брэнда бачыў неяк серыю з адзеннем для малечаў і надпісамі кшталту “Сапраўдная бландзінка”. Ды ўсё ж я не пра такія жарты ад дарослых і для дарослых зараз.

Добра, а што ж ёсць на нашых адзежах для малечаў? Калі не гатовыя стракатыя малюнкі з тканіны-сыравіны, дык прынты з жывёльным светам, прычым — і з нашых шырот: коні, каровы, сабакі, каты, намаляваныя нярэдка надта ж “згалівуджана”, хаця і прывабна. А часам сустракаліся і абстрактныя выявы братоў нашых меншых, якія аказаліся нават для дарослага, падкаванага сяк-так у contemporary art, незразумелыя. Пашанцавала ж больш за ўсіх з нашай фаўны буслу, паколькі ён — інтэрнацыянальны сімвал “прыбаўлення ў сямействе”. Астатнія — кіты, васьміногі, кракадзілы, ільвы, тыгры, рыбы… А вось пра якога кемлівага зубра, відаць, нават ніхто і не задумваўся.

Тым больш пра… трактары на “бодзіках”! А ў адной з мінскіх сеткавых дзіцячых крам дакладна бачыў (праўда, з брытанскім дызайнам, пашывам у Бангладэш і ў пакунку з трох прадметаў, па кошце якіх удалося б узяць усяго паўтары адзінкі аналагічнага тавару айчыннага вырабу). І мне падаецца, што калі б узніклі прапановы для афармлення такога ж вырабу скарыстаць стылізаваныя трактары-белазы-мазы, то засталіся б яны ў сіце дызайнерскага адбору...

Не магу сабе ўявіць і дзіцячую маечку беларускага прадпрыемства з лагатыпам папулярнага айчыннага гурта, лепш нават легендарнага (я вось неяк набыў такую для сына — навыраст — са знакам “Ролінг Стоўнс”). Але не атрымаецца тое, бо, па-першае, сваіх артыстаў мы не атаясамліваем з культавымі персонамі. Па-другое, культура перадачы такой сямейнай інфармацыі аб упадабаннях у нас практычна не склалася (ну ці ж можна выбраць папсу трэцяга гатунку або блатны шансон, калі бацькі адкрылі для цябе якасныя рэчы “Песняроў”, “Сузор’я”, “Уліса”, “Крамы”?..). Па-трэцяе, ніхто не рызыкне масава запусціць такі тавар на рынак. Карацей, пра сітуацыю з тымі самымі трактарамі, якіх не пабаяліся брытанцы, і нагадваць не стану...

І ўсё ж вернемся да слоў. Іх нярэдка бывае складана адшукаць у пэўнай сітуацыі, але вельмі проста ды зусім не сорамна скарыстоўваць пэўныя формулы, няхай сабе і падказаныя дзіцячай маечкай. І я вельмі хачу прачытаць такія словы па-беларуску, вельмі хачу, каб яны аказаліся зразумелымі ды эмацыйна зараджанымі на добрае. Вось прамоўце “Сыночак Васілёчак”, “Андрэйка-верабейка”, “Я ваш сонечны праменьчык!” і нават “Хто б вы думалі?” (памятаеце знакамітую песню, што брала ўдзел ад Беларусі ў дзіцячым “Еўрабачанні”?) — пачуеце прыемныя вам, а тым больш дзіцяці, гукі.

Падобнага кшталту надпісы — таксама праява сямейных каштоўнасцей, сэнсава і сутнасна значных слоў. Бо такая вось маечка з надпісам пра “маленькага татавага героя” становіцца натуральным крокам да моцнай сям’і. Бо твой герой — твой (!), родны, тым, кім ты ганарышся з першых дзён ягонага жыцця.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах