“Прастора” вандроўніка

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Тры гады таму, працуючы над новай сцэнічнай версіяй оперы “Аіда” Дж.Вердзі, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі звярнуўся да творчай спадчыны Яўгена Чамадурава, які першым у СССР стварыў такую "егіпецкую" сцэнаграфію да гэтага спектакля. А яна ўвайшла ў класіку сусветнага дэкаратарскага мастацтва (упершыню опера зрабіла аглушальны фурор у 1955-м у Бухарэсце). І вось зараз, адзначаючы 100 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата Сталінскай прэміі Яўгена Чамадурава, тэатр ізноў нядаўна паказаў згаданы спектакль па “матывах” той самай сцэнаграфіі.

/i/content/pi/cult/468/9917/9-1.jpg

Эскіз дэкарацый да балета "Альпійская балада" Я.Глебава.

/i/content/pi/cult/468/9917/9-2.jpg

Эскіз дэкарацый да оперы "Барыс Гадуноў" М.Мусаргскага.

/i/content/pi/cult/468/9917/9-3.jpg

Эскіз дэкарацый да оперы "Аіда" Дж.Вердзі.

А 28 студзеня — у дзень нараджэння славутага творцы, — які не дажыў да гэтага юбілею восем гадоў, у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстаўка ягоных работ пад назвай “Я.Чамадураў. Творчая рыса — шматграннасць”. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі ўласна эскізы да спектакляў, але і афішы, праграмы, касцюмы з фондаў музея, са збору сям’і маэстра і Вялікага тэатра, дзе Яўген Рыгоравіч, пачынаючы з 1959-га, прапрацаваў галоўным мастаком цягам 17 гадоў і дзе стварыў лепшыя свае работы, у тым ліку — паводле беларускай класікі.

Так, Яўген Чамадураў — выдатны мастак, спектаклі якога ішлі з аншлагамі ў Беларусі і Расіі, у Сярэдняй Азіі і на Каўказе, ва Украіне і ў Прыбалтыцы, у Аргенціне і Фінляндыі, Венгрыі і Румыніі. Яго лепшыя работы засталіся ў гісторыі айчыннай тэатральнай культуры ХХ стагоддзя як яркія, феерычна-відовішчныя, імпазантныя пастаноўкі з вытанчанымі маляўнічымі касцюмамі, якія ў 1940 — 70-х гадах прыводзілі ў захапленне разнамасную і разнамоўную публіку. Не кожнаму мастаку дадзена прайсці такі шлях прыгожа і натхнёна, пазбягаючы інтрыг, цалкам аддаючы душу і талент служэнню Тэатру. Пра гэта і іншае Яўген Рыгоравіч незадоўга да смерці расказаў у сваёй фундаментальнай кнізе “Маё дваццатае стагоддзе”, для якой папрасіў мяне напісаць прадмову і быць літаратурна-мастацкім рэдактарам. І ўсё, што ад мяне залежыла, я зрабіў з задавальненнем. Кніга таксама прадстаўлена ў экспазіцыі.

Жыццё гэтага чалавека — казачная мазаіка, у якой цесна спляліся сустрэчы і развітанні з выдатнымі сучаснікамі, тэатральныя дні і ночы, доўгія вандроўкі па краінах ды кантынентах, пачынаючы ад Беларусі, Урала і Сібіры і заканчваючы Паўднёвай Амерыкай, Афрыкай, Еўропай, зачараванне славай і вечная незадаволенасць сабой, бясконцы пошук ісціны ў мастацтве і пераацэнка жыццёвых каштоўнасцей, сумненні і перамогі, шчасце і расчараванні... А што да спектакляў… Дастаткова сказаць, што опера “Барыс Гадуноў”, аформленая Чамадуравым, на працягу дзесяці гадоў прызнавалася лепшай пастаноўкай знакамітага тэатра “Калон” у Буэнас-Айрэсе, прытым што ні адзін спектакль раней там не ішоў больш за два сезоны!

…Пасля заканчэння ленінградскай Акадэміі мастацтваў Яўген Рыгоравіч працаваў у Душанбэ, потым быў мастаком-пастаноўшчыкам Вялікага тэатра СССР, галоўным мастаком маскоўскага Тэатра імя У.Маякоўскага ў Мікалая Ахлопкава. Па просьбе тагачаснага міністра культуры БССР Рыгора Кісялёва пераехаў у Мінск і ўзначаліў сцэнаграфію Вялікага тэатра оперы і балета БССР. З “Пікавай дамы” мастак пачаў сваю творчую кар’еру ў Беларусі. Праз некалькі гадоў на спектаклі “Князь Ігар” я і пазнаёміўся з Чамадуравым, хаця нашы цесныя творчыя і чалавечыя стасункі ўзніклі пазней. У мастакоўскім актыве маэстра — оперы і балеты Ю.Семянякі, Я.Глебава, Г.Вагнера, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, А.Барадзіна, С.Пракоф’ева, В.Мурадэлі, Ж.Бізэ, Л.Мінкуса, на музыку А.Лядава, Э.Грыга, Ф.Шапэна... Усяго — каля 200 оперных, балетных і драматычных спектакляў.

Дэкарацыя — гэта не ўмоўны фон, лічыў Чамадураў. Гэта свайго роду ўдзельнік дзеі, і сцэнографу неабходна зразумець глыбінную сутнасць дзеі. Мастак пранікаў у задуму, прысутнічаў пры чытцы і аналізе п’есы або лібрэта, наведваў рэпетыцыі, у думках ставячы сябе на месца акцёраў і перажываючы разам з імі драматычныя ды іншыя калізіі дзейства. Кожны спектакль рабіў так, быццам бы ён у яго апошні. “Далей ад шаблонаў — бліжэй да мастацтва” — было дэвізам Чамадурава. Дзеля гэтага імкнуўся не пускаць у тэатр аніякай “выявы ўвогуле”, дамагаўся канкрэтнасці, жыццёвай пераканаўчасці дэкарацый і адначасова відовішчнасці. Як у той жа “Аідзе”, дзе пластычная завершанасць вобразаў дасягалася шляхам сінтэзу аб’ёмнай скульптуры з жывапісна-аб’ёмнымі дэкарацыямі. Як у “Барысе Гадунове”, дзе прастора трагедыі Аляксандра Пушкіна стала “прасторай” Яўгена Чамадурава...

Аднойчы вялікі рускі жывапісец і сцэнограф Георгій Якулаў сказаў: “Усе стагоддзі ляжаць у сённяшнім дні”. Мне здаецца, гэтыя словы можна смела паставіць эпіграфам да мастацтва Яўгена Чамадурава — “рэнесанснага” чалавека і зачараванага вандроўніка Мельпамены...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"