Які лёс чакае “Берагіню”?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Публікацыя ў “К” артыкула этнахарэографа і заснавальніка фестывалю “Берагіня” Міколы Козенкі выклікала немалы рэзананс сярод нашых чытачоў, якія занепакоены далейшым лёсам гэтага ўнікальнага этнапраекта. Сёння мы публікуем іхнія лісты.

З тэкстам Міколы Козенкі можна пазнаёміцца тут.

Не кіч, а сапраўдны фальклор...

Я быў удзельнікам многіх фестываляў у розных дзяржавах. Радавала вока разнастайнасць культур, што прадстаўлялі аўтэнтычны фальклор пэўнага рэгіёна краіны-ўдзельніцы... Але варта было паглядзець на прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі ці нашай краіны, каб мне, прафесійнаму харэографу, стала зразумела, што фальклорам тут і не пахне.

У асноўным гэта былі стылізаваныя ці аўтарскія работы, што абапіраліся (дый тое далёка не заўжды) на народную творчасць. Заходні ж глядач прымаў такія танцы за сапраўдныя ўзоры народнай фантазіі.

Дык вось, “Берагіня” якраз і з’яўляецца тым узорам папулярызацыі непадманнай этнічнай культуры беларусаў, які можа — і павінен! — быць шырока прадстаўлены на міжнародным узроўні. Замест выканаўцаў, якія дэманструюць за мяжой псеўданародную беларускую культуру, у міжнародных фэстах павінны ўдзельнічаць творчыя калектывы, здольныя перадаць жывую аўтэнтычную народную традыцыю. А такімі могуць быць усе лепшыя ўдзельнікі “Берагіні”.

Аўтар гэтага фэсту — вядомы беларускі этнахарэограф Мікола Козенка. Прапанаваная ім фестывальная канцэпцыя на першы погляд простая, але менавіта таму і ўнікальная, бо ўдзельнікі адначасова танцуюць, спяваюць, граюць на розных інструментах, плятуць паясы, дэкламуюць… Ну а конкурс на лепшую танцавальную пару — самая выключная дзея, якую я калі-небудзь бачыў.

Сёння фармулюецца нацыянальная ідэя, што з’яднае беларусаў. У “Берагіні” яна закладзена. Гэта — любоў да Айчыны, патрыятызм, гонар за краіну. Бяда наша ў тым, што такія праекты практычна не падтрымліваюцца дзяржавай. Кепская эстрада захапіла нас цалкам. І жудасна, калі маленькія выканаўцы паслухмяна робяць тое, што іх прымушаюць рабіць дзядзі і цёці. Гэтага на “Берагіні” няма. Тут шануецца не кіч, а — фальклор, што дастаўся нам ад бабуль і дзядуль.

Мікалай ДУДЧАНКА, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь


Масток пакуль існуе...

Пішуць вам бацькі ўдзельнікаў дзіцячага фальклорнага гурта “Крыніца” i ўзорнага ансамбля танца “Верасок” Капаткевіцкага гарадскога дома культуры Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Вось ужо шмат гадоў у г.п. Акцябрскі праходзіць Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Зараз вельмі складаны час, але тое, што ўжо зроблена, павінна жыць. Дык ці адбудзецца сёлета “Берагіня”?

У наш час грамадства праяўляе цікавасць да нацыянальнай гісторыі, фальклору традыцыйных абрадаў, народных танцаў. Ідзе працэс абуджэння гістарычнай памяці, адраджэння народных традыцый.

Далучэнне дзяцей i моладзі да багаццяў традыцыйнай духоўнай культуры аказвае станоўчы ўплыў на фарміраванне нацыянальнай i патрыятычнай свядомасці. Нашы дзеці вывучаюць побытавыя танцы, якія танчылі нашы бабулі, спяваюць песні, займаюцца лозапляценнем, ткацтвам, вышываннем, вучацца рабіць выцінанку, граюць на гармоніку, вывучаюць гісторыю свайго краю: даследуюць легенды, быліны, паданні, казкі, песні сваёй мясцовасці. З цікавасцю вывучаюць i прымаюць удзел у тэатралізаваных святах i абрадах “Тройца”, “Стрэчанне”, “Масленка”, “Вялікдзень”, “Каляды”, “Зажынкі”, “Дажынкі”.

Увесь свой вольны час аддаюць любімай справе. Вось ужо шмат гадоў удзельнікі гуртоў “Крыніца” i “Верасок” прымаюць удзел у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, дзе нашы дзеці дэманструюць сваё майстэрства. Нам, бацькам, вельмі прыемна, што яны далучаюцца да беларускага нацыянальнага мастацтва, знаёмяцца з удзельнікамі з іншых абласцей рэспублікі, пераймаюць ixні вопыт, паказваюць майстэрства.

Сучаснасць — гэта толькі “масток” паміж мінулым i будучыняй. Але ад таго, якім будзе гэты “масток”, залежыць наша жыццё i жыццё нашай Радзімы.

3 павагай — бацькі: П.В. Малчанава, Г.Ф. Коржык, Е.Н. Еўдакімава, В.В. Грыневіч, Н.М. Калініна


На 33 калены — анікога...

На жаль, цяперашняя моладзь многага не ведае ні пра беларускую культуру, ні пра векавыя звычаі і абрады.

Я не кажу ўжо пра побытавыя танцы “на 33 калены”: такія назвы, як “Крыжачок”, “Юрачка”, “Мяцеліца”, “Таўкачыкі”, для сучасных дзяўчат і хлопчыкаў — нібы кітайская грамата. Ды што там казаць: звычайная “Полька-весялуха” іх нагам непадуладная! А ў танцах жа, між іншым, фарміруецца фігура, развіваецца пластыка цела, умацоўваецца пачуццё сяброўскага пляча, калектывізму, адзінства і агульнай адказнасці.

Незвычайна пашчасціла тым, хто прымае ўдзел у штогадовым Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гэтае ўнікальнае свята — адзінае ў краіне, дзе разам з дарослымі танчаць ды спяваюць дзеці і падлеткі. Тут сканцэнтраваны і народны патрыятызм, і багатая скарбніца талентаў, і жанры духоўнай ды матэрыяльнай спадчыны, і пераемнасць пакаленняў... Яшчэ гэтае свята ўнікальнае тым, што тут можна пазнаёміцца ды ацаніць каларыт традыцыйнай культуры іншых краін: Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі... А тое дазваляе ўмацаваць і асабістыя зносіны беларусаў з сябрамі за мяжой, дае магчымасць паглядзець на абшар таварыскіх сувязей, шматгранных творчых кірункаў, аўтэнтычнага шматгалосся.

Асабліва гэта датычыцца дзяцей, бо ім жа захоўваць і перадаваць па генетычным ланцужку любоў да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы. Я шчыра зайздрошчу кожнаму, хто мае дачыненне да такога важнага і каштоўнага мерапрыемства, бо на чачэрскай зямлі ў свой час таксама праходзіў Фестываль народнага танца “Беларуская полька”. У агульным карагодзе кружылі ўсе — ад малога да старога. Як у людзей свяціліся вочы, як гарэла ўнутры, як трапятала сэрца! Таму ўпэўнена кажу: ”Берагіні” — добрага шляху па любай зямельцы ў кожную хату, да кожнага стала, у сэрца і душу кожнага беларуса!..

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Чачэрск