Скажы мне, што ты танчыш...

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Сёння прапануем вашай увазе тры пазіцыі адносна папулярызацыі народнага танца.
Першым меркаваннем падзяліўся наш чытач. Два другія — ад журналістаў нашай рэдакцыі. А якой бачыцца вам, шаноўныя чытачы, будучыня беларускай нацыянальнай харэаграфіі? Чакаем лістоў!

/i/content/pi/cult/468/9913/4-22.jpg

Пад час фестывалю "Мяцеліца". / Фота Міколы Козенкі

Ліст у рэдакцыю

І ўсё ж — моладзь!

У апошнія стагоддзя паўтара адбыліся змены, у выніку чаго на месца культуры традыцыйнай прыйшла сучасная гарадская. Ці азначае гэта, што традыцыйная культурная спадчына будзе цалкам страчана? Гэта турбавала мяне даўно, што, відаць, і абумовіла тыя змены, якія адбыліся ў маім жыцці літаральна цягам апошняга года.

Неспадзявана для маіх сваякоў, сяброў, знаёмых і, пэўна, нават для самога сябе я заняўся народнымі танцамі. Канешне ж, дзесьці ў душы я заўжды хацеў чагосьці падобнага, але да сваіх першых рэпетыцый я быў чалавекам далёкім ад харэаграфіі і слаба ўяўляў сябе ў амплуа танцора. Аднак цягам часу лішні раз пацвердзілася: калі тая або іншая справа сапраўды чалавеку блізкая, то адсутнасць навыкаў ды ўменняў, нейкай папярэдняй падрыхтоўкі не з’яўляецца непераадольнай перашкодай. Напачатку мяне нават апаноўваў адчай, і беларускі народны танец здаваўся мне неспасціжным мастацтвам. Але паступова, крок за крокам, з’яўлялася пачуццё рытму, і штораз усё лягчэй і лягчэй даваліся рухі. У выніку зараз я ўжо магу сказаць, што ўмею танчыць, хаця, безумоўна, яшчэ ёсць што ўдасканальваць і да чаго імкнуцца.

Заняткі традыцыйным танцам дазволілі мне адчуць сябе не проста жыхаром асобнай краіны Еўропы, але і, у пэўнай ступені, — носьбітам мясцовай культуры, што надзвычай важна, бо калі ў чалавека няма пачуцця повязі са сваёй зямлёй, то ён становіцца як сірата, для якога не існуе бацькоўскага дому.

Танцораў народных танцаў нярэдка можна пабачыць на разнастайных мерапрыемствах. Адным з найбольш значных падобных мерапрыемстваў, арганізаваных цягам апошніх некалькіх месяцаў, быў конкурс “Мяцеліца”, які адбыўся ў Мінску 14 снежня. У ім давялося паўдзельнічаць і мне. Лішне казаць, што для мяне гэта быў неацэнны вопыт, бо ў той дзень у сталічны Палац мастацтва прадэманстраваць сваё майстэрства з’ехаліся пары з розных рэгіёнаў Беларусі.

Безліч станоўчых успамінаў пакінуў і Міжнародны фальклорны фестываль “Skamba, skamba kankliai”, які штогод ладзіцца ў Вільнюсе ў другой палове мая. Падобныя фестывалі ёсць і ў Беларусі, але, на жаль, на дадзены момант ім бракуе адэкватнага інфармацыйнага забяспечання, таму пра іх ведае адносна невялікая колькасць людзей. Гэта, напрыклад, датычыцца фестывалю “Берагіня”.

Дык хто ўсе гэтыя людзі, якія захапляюцца традыцыйным мастацтвам у цэлым і танцамі ў прыватнасці? Згодна з маімі назіраннямі, заняткі традыцыйнымі беларускімі танцамі аб’ядноўваюць людзей розных узростаў, светапоглядаў, характараў, прафесій. Сярод танцораў ёсць архітэктары, урачы, настаўнікі, спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій і г. д. Час ад часу на рэпетыцыях можна напаткаць і замежных грамадзян. Так, на маёй памяці была дзяўчына са Швейцарыі і дзяўчына з Кітая.

...Калі мы з гуртом “GUDA” ездзілі на згаданы літоўскі фестываль, я разгаварыўся з танцорамі з Англіі. Яны скардзіліся на тое, што ў іхняй краіне сярод моладзі традыцыйныя танцы не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. І сапраўды: іх танцавальны гурт складаўся пераважна з людзей сталага ўзросту. Таму, канешне ж, іх уразіла такая вялікая колькасць маладых твараў у беларускай дэлегацыі. Гэта было ці не першае, на што яны звярнулі ўвагу пад час нашага знаёмства, і нездарма: найважнейшым фактарам далейшага існавання традыцыі з’яўляецца актыўны ўдзел моладзі, і так паўсюль, у тым ліку ў нас, у Беларусі.

Зміцер ГУД, удзельнік школы традыцыйнага мастацтва гурта “GUDA”

Мінск

 

Лісты з рэдакцыі

 

Чаму застаюся фанатам лаціна?

Колькі гадоў таму жонка ў свой дзень нараджэння прапанавала замест святочнай вячэры адзначыць яго наведаннем школы танцаў. Яна загадзя вылічыла ў Сеціве студыю, якая знаходзіцца адносна блізка ад нашага дома, і высветліла, што першы занятак — бясплатны. Такім чынам, калі не спадабаецца, мы нічога не губляем. Мне тая прапанова прыйшлася даспадобы, бо мы паміж сабой даўно гаварылі, што някепска было б паспрабаваць сябе ў танцах лаціна: сальса, бачата, танга.

Хоць методыка навучання танцам у студыі падалася мне недасканалай і для нас з жонкай, людзей немаладых, не надта зручнай, хадзілі мы туды цягам некалькіх месяцаў па два разы на тыдзень. І яшчэ, каб не забыць урокі, паўтаралі практыкаванні па сальсе і бачата дома. Потым у занятках давялося зрабіць вялікі перапынак, за час якога ўсё, чаму навучыліся ў гэтай студыі, здаецца, забылася. Аднак не: калі мы зноў аднавілі заняткі (праўда, у другой студыі — са спецыялізацыяй на танга), высветлілася, што той досвед не згубіўся...

Нягледзячы на сціплыя дасягненні, я лічу час і немалыя грошы, аддадзеныя на практыкаванні, не змарнаванымі. Па-першае, гэта магчымасць на пэўны час “адключыцца” ад побытавых або іншых праблем (такі спосаб падаецца мне больш эфектыўным і цывілізаваным, чым актыўная рэалізацыя тэзы “In vino veritas”). Па-другое, для мяне гэта магчымасць лепш зразумець культуру, да якой я, колькі сябе памятаю, заўжды ставіўся з цікавасцю і павагай. У маёй свядомасці танга, румба, сальса існуюць разам з “муралямі” Сікейраса і Ароска, архітэктурай Німейера, вершамі Неруды, прозай Маркеса…

Хоць ніхто ўвогуле не абявязаны тлумачыць свае густы, абгрунтоўваць, чаму яму нешта падабаецца ці не, карэспандэнцыя Зміцера Гуда справакавала ў мяне пытанне да самога сябе: чаму частку свайго вольнага часу я аддаю танга, а не, скажам, падэспані ці “Крыжачку”? Пытанне гэтае з таго ж шэрагу, што і “Чаму я карыстаюся дзвюма мовамі, а не адной толькі беларускай?”. Адказваю: так мне зручней, бо я жыву ў рэальным гарадскім асяроддзі. А быць спрактыкаваным хоць у нейкім “міжнародным” танцы — зручна.

Я не збіраюся выступаць на фестывалях традыцыйнага мастацтва — мне проста хочацца ўмець прыгожа рухацца пад музыку, упэўнена пачуваць сябе на звычайнай танцавальнай пляцоўцы, дзе гучыць звычайная танцавальная музыка. Беларуская ж народная музыка гучыць на танцпляцоўках рэдка…

Застаючыся фанатам лаціна, я, аднак, хацеў бы, каб традыцыйнае мастацтва маёй краіны набыло такі ж сусветны розгалас, як музычная і танцавальная культура Лацінскай Амерыкі. Але каб такое адбылося, да мадэрнізацыі беларускай народнай харэаграфіі мусіць спрычыніцца асоба ўзроўню Уладзіміра Мулявіна. Здолеў жа геніяльны Пясняр надаць новае гучанне старой беларускай песні! Дык чаму гэта немагчыма ў беларускіх танцах?..

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Скажы мне, што ты танчыш...

Танчыць — гэта не проста натуральны стан чалавека, раўназначны формуле “Рух ёсць жыццё”. Танчыць — значыць любіць, кахаць, адчуваць, лунаць. Дык што мы танчым? І што танцуюць іншыя?..

Іспанія. Узлесак непадалёк ад уваспетай у мастацтве Севільі. Маладзёжная кампанія з шашлыкамі і гітарай. Пад’елі і — танчаць. Пад гукі фламенка. Ну проста мізансцэна з оперы Ж.Бізэ “Кармэн”! Але перад намі не падрыхтаваныя артысты, а простыя людзі — яны так адпачываюць. Да старэйшых далучаюцца зусім маленькія, пераймаючы складаныя, здавалася б, рухі.

Узгадаю і дыскатэку ў маладзёжным летніку побач з Клайпедай. Нашы дзяўчаты вярнуліся адтуль імгненна: “Фі, там літоўскія танцы! Ды ў нас яшчэ ў карагод запрашалі”. Дарэчы, палякі — далучыліся, і ўсім было весела. Ці не ў гэтых “далучэннях” — сакрэт міжнароднага прызнання многіх народных танцаў?

Ніхто не аспрэчвае прыцягальнасці таго ж танга, не кажучы пра вальс. Але ж беларускія танцы — не менш цікавыя і адметныя! У шляхецкіх “ліцвінскіх” (апошнім тэрмінам сёння вызначаюць усю тую культуру нашага і суседніх народаў, што ідзе ад часоў Вялікага Княства Літоўскага) — своеасаблівая, выкладзеная на пластычнай мове “энцыклапедыя добрых манер”: пастава, пастаноўка галавы і рук, сама “мелодыя” руху. У народных скоках — шмат такіх, дзе трэба рухацца па крузе, увесь час змяняючы партнёраў. Па былых часах, гэта быў ледзь не адзіны спосаб пазнаёміцца “бліжэй” і праз дотык-позірк-усмешку знайсці менавіта сваю палову. Чым не “правобраз” сацыяльных сетак ды іншых спосабаў “размовы на адлегласці”? Такі танец — папраўдзе яднае! Тым больш, што рухі ў многіх народных скоках зусім не складаныя, прыдатныя для людзей усіх узростаў. Дыскатэка ж у яе цяперашнім выглядзе — наадварот, часта раз’ядноўвае. І не толькі моладзь з бацькамі. Бо там кожны танчыць — быццам сам па сабе (у лепшым выпадку — у шчыльным сяброўскім коле).

Але каб “танчыць сваё” стала для нас такім жа натуральным працэсам, як гэта можна назіраць у еўрапейскіх суседзяў, трэба гэтаму “свайму” для пачатку хаця б навучыцца. Ужо на ўзроўні дзіцячага садка! Для гэтага, на мой погляд, наўрад ці трэба чакаць “харэаграфічнага Мулявіна”. Тым больш, што ён, па сутнасці, ёсць (зірніце на тых жа “Харошак” на чале з Валянцінай Гаявой). Так што не хапае хіба першага кроку. Бо той, хто яго зрабіў, пра гэта не шкадуе. І моладзі, якая прагне далучыцца да “Лявоніхі”, становіцца ўсё больш. Іншая справа — дзе яе можна патанчыць, акрамя спецыялізаваных мерапрыемстваў? У тым і праблема: нацыянальнае для нас пакуль — не побыт, не звыклая рэчаіснасць, а ўсё тая ж птушка-мара. Хаця, здавалася б, усё павінна быць наадварот.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"