Ці прасунуць фестывалі айчынную музыку?

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Існуе пэўная колькасць спосабаў прыцягнення грамадскай увагі да музычнай творчасці сучасных выканаўцаў: міжнародныя форумы, музычныя рынкі, шоукейс-фестывалі. На адным з апошніх — Tallin Music Week, найбуйнейшым ва Усходняй Еўропе, — ад нашай краіны ўпершыню выступяць адразу тры калектывы: рок-гурты “Пятля часу”, “Super Besse” і фольк-гурт “Ветах”. Дык ці мае сэнс для айчынных выканаўцаў удзел у падобных форумах? Ці можа гэта быць эфектыўным для прасоўвання айчыннай музычнай культуры ў замежную прастору? Ці могуць невядомыя калектывы з раёнаў і абласцей быць адабраны для ўдзелу?

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, лідар пост-фольк-гурта “Ветах”, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Мы едзем на Tallin Music Week упершыню, таму пра эфектыўнасць можна будзе казаць па вяртанні. Для ўдзельнікаў, зразумела, фестывальныя імпрэзы — гэта найперш магчымасць прэзентаваць сябе і сваю краіну ды адначасова наладзіць новыя сувязі. Таму прадстаўнікі мастацтва і музыкі заўсёды імкнуцца прысутнічаць на міжнародных фэстах і падыходзяць да гэтага з адпаведнай патрыхтоўкай.

Летась мы былі ў Эстоніі на фестывалі “Slaavi valgis”, дзе даведаліся пра Tallin Music Week. Даслалі туды заяўку — і былі запрошаны. Лічу, што для “Ветаху” такі досвед павінен быць вельмі дарэчны. Асабліва калі ўзгадваць каранёвую музыку беларусаў: яе нават у нашай краіне мала ведаюць, не кажучы пра замежжа…

Галоўнае для адбору — якасць матэрыялу. Напрыклад, існуюць напрамкі, той жа блюз або фольк, дзе можна амаль аўтаматычна дасягнуць узроўню, калі займацца гэтым сур’ёзна, бо такая музыка распрацавана стагоддзямі. Мяркую, што гук, заснаваны на пераемнасці мастацкай традыцыі, прываблівае слухача больш. Фольк — гэта ўжо сусветна прызнаная нематэрыяльная культурная спадчына, якая, несумненна, мае мастацкую каштоўнасць. А вось тым, хто займаецца сучаснай музыкай, яшчэ трэба давесці, што іх творчасць нясе мастацкую каштоўнасць, а гэта даволі складана. Адразу чуваць: ці можа тое, што грае артыст, стаць унёскам у культуру, ці не...

 

Аляксандр БАГДАНАЎ, дырэктар гурта “Сярэбранае вяселле”, генеральны дырэктар канцэртнага агенцтва і рэкард-лэйбла, прадзюсар:

— Лічу, што сэнс ва ўдзеле, безумоўна, ёсць. Вядома, шоукейс-фестывалі праводзяцца для таго, каб на іх з’язджалася максімальная колькасць арганізатараў форумаў, канцэртаў, прадзюсараў, выдаўцоў лэйблаў ды іншых. Фэст дае магчымасць ім праслухоўваць малавядомыя групы ў вялікай колькасці і адбіраць для работы тых, хто адпавядае патрабаванням. Карацей, шоукейс-фэст — гэта спецыялізаванае мерапрыемства для прасоўвання малавядомых выканаўцаў.

Запрашэнне да ўдзелу — гэта прыкмета таго, што цябе ўжо заўважылі. Таму што, наколькі мне вядома, на тым жа Tallin Music Week досыць сур’ёзная сістэма адбору. Сёлета на ўдзел у форуме было пададзена звыш пяцідзесяці заявак з Беларусі, а прыняты — толькі тры. Да прыкладу, гурт “Сярэбранае вяселле” адбор не прайшоў.

Па вялікім рахунку, вядомасць вялікай ролі не адыгрывае. Калі калектыў выконвае добрую музыку, арыгінальную, здольную зацікавіць вялікую колькасць слухачоў, — гэта павінна стаць пропускам на любы фестываль. Усе гэтыя форумы адкрыты для ўдзелу: туды можна трапіць, ствараючы якасны матэрыял і маючы настойлівасць, каб шукаць, заяўляць, чакаць ды спрабаваць ізноў...