Сваё ж не гучыць і ў рынгтонах...

№ 8 (1134) 22.02.2014 - 28.02.2014 г

Беларускі саюз кампазітараў: партрэт з “прыкметамі часу”
80-годдзе Беларускага саюза кампазітараў сталася адной з самых значных падзей нашай нацыянальнай культуры апошняга часу. Афіцыйная ўрачыстасць прыпала на снежань, але канцэртныя прэзентацыі старых і новых твораў, прымеркаваныя да юбілею, ішлі цягам некалькіх месяцаў і, можна сказаць, працягваюцца дагэтуль. Святкаванне ў той ці іншай ступені закранула практычна ўсе творчыя калектывы краіны. Некаторыя рыхтавалі асобныя праграмы, іншыя, уключаючы ў свае выступленні беларускую музыку, пазначалі на афішах: маўляў, “да 80-годдзя”. Якой жа паўсталі на гэтых паказах айчынная класіка і сучаснасць?

Класіка нараканняў не выклікала. Акрамя таго, большая частка яе была прымеркавана да яшчэ адной круглай даты — 100-годдзя з дня нараджэння Анатоля Багатырова. Усе ягоныя творы, што прагучалі, пакінулі ўражанне, быццам былі напісаны сёння, а не ў розныя перыяды савецкіх і першага постсавецкага дзесяцігоддзяў (кампазітар памёр у 2003-м). Бо аўтарскі “багатыроўскі” пачатак пераважваў у іх “прыкметы часу” — тыя рысы, што вызначалі агульны почырк той або іншай эпохі. І ў “Святочнай уверцюры”, напісанай у 1961-м, і ў “лебядзінай песні” аўтара — вакальным цыкле на вершы С.Ясеніна, і ў фартэпіянных прэлюдыях ды іншых опусах — паўсюль на першым плане былі не “модныя трэнды”, якія ў тыя часы вызначаліся ідэалагічным вектарам, а класічныя, не падуладныя часаваму фактару гармонія, дасканаласць, выверанасць кожнай дэталі, памножаныя на такую ж стыльную, строга вытрыманую, а таму “някідкую” індывідуалізаванасць.

У астатнім — творчасць кампазітараў-заснавальнікаў была прадстаўлена абсалютна спантанна, хіба праз асобных выканаўцаў. Вядома, можна парадавацца, што выкананне сучасных твораў (дакладней, твораў “жывых” аўтараў) пераважвала класіку — у адрозненне ад замежнай музыкі, дзе ледзь не спрэс гучыць хіба пазамінулае стагоддзе. Але адразу ж узнікае пытанне: а ці ведаем мы сваю нацыянальную класіку хаця б прыблізна так, як замежную? На жаль, не. А калі шчыра — мы яе зусім не ведаем, хаця, здавалася б, і “праходзім”, пачынаючы з дзіцячай музычнай школы. Праўда, паводле падручнікаў, развіццё нашай нацыянальнай музычнай культуры малюецца як татальна ўзыходзячы графік: маўляў, з кожным дзесяцігоддзем “всё выше, и выше, и выше // стремим мы полёт наших птиц”. Міжволі напрошваецца думка: значыць, тое, што створана раней — ужо апрыёры менш дасканалае? Але ж сёння наспеў час перагледзець былыя стэрэатыпы!

Вядома, адзін юбілей Саюза кампазітараў не зможа адразу расставіць усе кропкі над “і”. А некалькі юбілеяў? Пэўна, змогуць. Але ж мы развучыліся адзначаць круглыя даты — хіба “па разнарадцы”. Ну не прыносіць гэта “круглых сум” грашовага прыбытку! А між тым, традыцыя выкарыстоўваць юбілеі для паступовага спасціжэння нашага мастацтва былых дзесяцігоддзяў і іх новай, з пазіцый цяперашняга часу, ацэнкі магла б садзейнічаць не толькі ўласна асветніцтву, але і, шырэй, фарміраванню добрых густаў, патрыятызму, уменню параўноўваць, аналізаваць.

Пра “абгортку” вы падумалі?

Усе пералічаныя якасці спатрэбяцца і пры знаёмстве з новымі творамі. Палітра апошніх на юбілейных канцэртах была як ніколі размаітай, што цалкам адпавядае сучаснаму становішчу. Музыку сёння пішуць розную — на ўсе густы. І кожны з творцаў, як было відавочна на канцэртах, мае сваіх прыхільнікаў і нават “фанаў”.

Міністэрства культуры (за што яму вялікі дзякуй!) знайшло магчымасць зрабіць некаторыя паказы бясплатнымі — нават не па запрашальніках, а цалкам з вольным уваходам. Такая папраўдзе ўсеагульная даступнасць дапамагла, да ўсяго, вызначыць, хто сёння больш цікавіцца беларускай музычнай культурай. Дык вось, філарманічныя залы на такіх канцэртах запаўняліся пераважна заўсёднікамі іншых акадэмічных імпрэз — студэнтамі і выкладчыкамі профільных навучальных устаноў, а таксама прадстаўнікамі (і асабліва прадстаўніцамі) старэйшага пакалення, якія прызвычаіліся да сур’ёзнай музыкі яшчэ з пасляваеннага дзяцінства, калі оперныя трансляцыі наўпрост ліліся з радыёкропак.

Можа, на будучыню няблага было б прадугледжваць і канцэрты “па інтарэсах”? Пакуль што праграмы, у большасці, фарміраваліся “па выканаўцах”, становячыся сольнікамі тых або іншых творчых/навучальных калектываў. Адпаведна, складаліся з самых розных твораў, часам палярна кантрасных па стылістыцы. У Еўропе ж, наадварот, усё большае распаўсюджванне атрымліваюць праграмы, складзеныя стыльна — ва ўсіх сэнсах слова. Авангардныя — з разлікам на моладзь, традыцыйныя — на старэйшае пакаленне. Зразумела, такі “ўзроставы” падзел даволі ўмоўны, але агульнаму “суладдзю”, “узаемаразуменню” паміж выканаўцамі ды слухачамі служаць і адпаведныя залы — не толькі філарманічныя, але і самыя нечаканыя, галоўнае — каб з неабходнай акустыкай.

Колькі слоў трэба дадаць і пра вядзенне канцэртаў. Заходнія слухачы прывучаны да таго, што філарманічны канцэрт ідзе без адзінага слоўца: у кожнага ёсць раздрукаваная праграма, у строгай адпаведнасці з якой ўсё і адбываецца. У той жа Польшчы сама была сведкай таго, як, зрабіўшы вымушаную змену ў парадку выступленняў, арганізатары перапрашалі за гэта безліч разоў: голас з мікрафона паведаміў пра гэта і перад канцэртам, і ў пачатку другога аддзялення, дзе два творы памяняліся месцамі, і непасрэдна перад кожным з “пазачарговых” выкананняў.

Нашы слухачы, наадварот, спрактыкаваны на так званых лекцыях-канцэртах. Але і ў гэтым трэба ведаць меру. На адным з канцэртаў тытулаваны маэстра, адпусціўшы са сцэны музыказнаўцу, пачаў сам дзяліцца і сваімі эстэтычнымі прыярытэтамі (маўляў, нам не хапае меладычных твораў, што ўзнімалі б настрой), і ўспамінамі пра гісторыю стварэння прысвечанай яму партытуры. Асабіста ў мяне настрой з-за гэтага сапсаваўся. Бо ў парыве “лірычных адступленняў” прамоўца паставіў на першае месца твор другасны, несамастойны — гэткія варыяцыі на тэму Грыга з драматургіяй мульцікаў 1950-х, кадансаваннем Бетховена і аркестроўкай Хачатурана. А выконваючы ў фінале надзвычай яркую партытуру з пазнавальным аўтарскім почыркам, забыўся... аб’явіць аўтара. Ну а “рэвалюцыйная”, на думку маэстра, задума пусціць амаль трохгадзінную сімфанічную мазаіку без антракту і ўвогуле не садзейнічала не тое што папулярызацыі айчынных твораў, але нават іх нармальнаму ўспрыняццю: стаміліся нават самыя спрактыкаваныя прафесіяналы, не кажучы пра аматараў і тых, хто ўвогуле, можа, трапіў на бясплатны канцэрт выпадкова, “за кампанію”, “каб інтэр’ер паглядзець” і г.д. Так што формы падачы яшчэ трэба ўдасканальваць ды ўдасканальваць.

На малюнку і “ўнутры”

Што ж да ўласна музыкі, дык асаблівую ўвагу, безумоўна, прыцягнулі прэм’еры, а таксама прынцыпова іншыя інтэрпрэтацыі ўжо вядомых твораў. У некаторых з іх пра “абгортачку” задумаліся самі кампазітары. Той жа Уладзімір Кур’ян, схільны да інструментальнага тэатра, уявіў скрыпку, віяланчэль і цымбалы ў якасці тройкі-калясніцы з паганятым-ударнікам (“Калясніца Дыяніса”). Сцэнічныя строі і элементы сцэнаграфіі спатрэбіліся яму і ў іранічным “Перапісе насельніцтва” для брас-квінтэта і ўдарных.

Пра нечаканую форму падачы і прыёмы інструментальнага тэатра задумваліся і выканаўцы. Цымбалістка Вераніка Прадзед і ўдарнік Міхаіл Канстанцінаў для выканання сюіты “Судоку” Галіны Гарэлавай паклапаціліся пра японскія кімано. Піяністка, натхнёна, з запалам выконваючы “Графіці” таго ж аўтара, апранула не звыклы “чорны ніз — белы верх”, а стыльную кароткую сукенку з малюнкам фартэпіянных клавішаў. Падобныя “парушэнні” строгага акадэмізму, зробленыя з фантазіяй і густам, толькі ўпрыгожылі такую ж, падкрэслю, крэатыўную музыку...

Шчырым лірычным адкрыццём стала прэм’ера надзвычай кранальных рамансаў Сяргея Картэса на словы Таццяны Мушынскай. “Калыханка Шапэну” Дзмітрыя Лыбіна, якая прэзентавалася раней у адным з канцэртаў Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, загучала інакш, калі адным з салістаў выступіў сам аўтар. Яшчэ большай выканальніцкай экспрэсіяй напоўніўся “Плач Іерэміі” Вячаслава Кузняцова, дасягнуўшы кульмінацыі разбуральнай моцы. А вось у прэм’еры Канцэрта для баяна з аркестрам Аліны Безенсон нечаканае сумяшчэнне саліруючага інструмента з духоўнай тэмай, прыёмамі Д.Шастаковіча і рамантычнымі інтанацыямі падалося крыху супярэчлівым — па меншай меры, не бясспрэчным.

Апошняя акалічнасць вымусіла задумацца і пра тое, што падобныя музычныя паказы, будучы складзенымі больш кампактна па часе, маглі б выклікаць грамадскае абмеркаванне, як гэта практыкуецца на некаторых тэатральных форумах. Пакуль жа такія музычныя “вячоркі-размаўлялкі” на адкрытую, а не толькі прафесійную, аўдыторыю ладзяць хіба студэнты Акадэміі музыкі — пра новыя студэнцкія творы, што дэманструюцца ўжывую ці ў запісе. Цікава, што ініцыятарам падобных “паказаў з працягам” сталі самі аўтары. Не абавязкова, дарэчы, патрабаваць ад іх “падліку галасоў”: каму музыка спадабалася, а каму — не. Самі па сабе сустрэчы кампазітараў з публікай могуць быць карыснымі для абодвух бакоў. І, у рэшце рэшт, садзейнічаць папулярызацыі айчынных творцаў.

З апошнім на сёння ў нас — аніяк. Асабліва ў параўнанні з замежжам. Музыканты, якія выступаюць па ўсім свеце, часта заўважаюць, што ў кожнай з краін ім даводзіцца рабіць папраўкі на нацыянальны рэпертуар: у Францыі — абавязкова выконваць яшчэ і французскую класіку, у Германіі — нямецкую, у Вялікабрытаніі — англійскую. Бо публіка прагне слухаць сваё! І не з-за нейкага “наўмысна пукатага” пачуцця патрыятызму, а проста таму, што гэта — роднае, знаёмае, любімае. У нас пакуль — наадварот. Калі і ёсць у прыхільнікаў класікі “аўтарытэты”, дык гэта — Чайкоўскі і Рахманінаў, якія, здаецца, па колькасці выкананняў на нашых сцэнах пакінулі ззаду не толькі фальклорныя апрацоўкі, але і сусветную класіку, пачынаючы з Баха і Моцарта. А хацелася б, каб ведалі не толькі іх, але і нашых. І не па рынгтонах!..

Курсор ёсць. А курс і ракурс?...

Ды ўсё ж 80-годдзе Беларускага саюза кампазітараў увойдзе ў гісторыю не столькі шырокім паказам новых твораў (падобныя бясплатныя цыклы канцэртаў, шматлікія радыётрансляцыі, якіх сёлета было асабліва багата, шчодра ладзіліся і ў савецкія часы), колькі — старонкай у Інтэрнэце. Так і хочацца грымнуць ва ўвесь голас: упершыню! Сапраўды, літаральна днямі з’явіўся сайт http://belsouzkomp.org. На ім пакуль амаль нічога няма, але галоўнае — ён з’явіўся! Акурат пазаўчора я атрымала sms: высылайце на адрас адміністратара сайта рэзюмэ, спіс твораў, навіны пра канцэрты, афішы, публікацыі. Такія ж паведамленні прыйшлі да іншых музыказнаўцаў і кампазітараў. Як кажуць, агульнымі намаганнямі штосьці дый будзе. Дачакаемся? Хаця, прызнацца, інтэрнэт-партрэт сучаснай беларускай музыкі выклікае пакуль больш пытанняў, чым адказаў. Уласна музыка, няхай праз спасылкі, там пакуль аніяк не прадстаўлена — нават паводле рубрыкацыі. Цікава, а што б хацелі бачыць на сайце творчага саюза карыстальнікі — нашы чытачы?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"