...інтуіцыю і пісьменнасць

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, Віцебск:
— Мяне як педагога непакоіць той факт, што многія беларусы — як маладыя, так і сталыя — карыстаючыся мовай, пішучы нешта на ёй, прывыклі давярацца выключна сваёй пісьменнасці, ці, як некаторыя кажуць, інтуіцыі. На жаль, гэтая граматнасць, мякка кажучы, часта кульгае… У нас вырасла пакаленне настаўнікаў, абыякавых да слова, якія дапускаюць памылкі ў справаздачах, выступленнях… У многіх дома нават арфаграфічных слоўнікаў няма. Больш за тое: многія нават падкрэсленае камп’ютарным рэдактарам не спяшаюцца выпраўляць. Адкрыю сакрэт: большасць проста не можа ўцяміць, што ад яе патрабуе ПК… А адносна памылак у Інтэрнэце ужо і казаць не трэба.

Слоўнік — закон для мовы, і нікому не дазволена парушаць закладзеныя ў ім нормы напісання, вымаўлення, пунктуацыі. Але нельга лічыць сябе інтэлігентам, адукаваным чалавекам, калі робіш памылкі ва ўласных жа лістах. Больш за тое: некаторыя нібыта нават не заўважылі, што нядаўна адбыліся чарговыя змены ў правапісе беларускай мовы. Хтосьці ж працягвае карыстацца старымі слоўнікамі, ужываючы варыянты напісання аднаго і таго ж слова. Напрыклад, у СМІ яшчэ сустракаецца — і “камп’ютэр”, і “камп’ютар”, і “кампутар”. Прыклады можна прыводзіць бясконца...