...культурны пласт Байнэта

№ 7 (1133) 15.02.2014 - 21.02.2014 г

Юрый МАКСІМЕНКА, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі:
— “Як культурнае жыццё Беларусі, навіны краіны асвятляюцца ў Інтэрнэце? — спытаеце мяне вы. — Наколькі “тоўсты” культурны пласт Байнэта?” Думаю, што ён вельмі “тонкі”. Калі я ўвёў у пошукавую сістэму самага, бадай, папулярнага партала Беларусі запыт “культура Беларусі”, ён высыпаў на мяне масу рэсурсаў. Але сайтаў, на якіх можна знайсці анонсы значных мерапрыемстваў, што маюць адбыцца, і іх постфактум-разбор, не так шмат, як хацелася б. А такіх рэсурсаў, як у газеты “Культура”, дзе разам з храналогіяй культурных падзей магутна прадстаўлена аналітыка, — і ўвогуле бракуе. Можна парыраваць, што, маўляў, маюцца культурныя раздзелы вядучых газет. На жаль, тэма культуры ў іх далёка не заўжды на пажаданым узроўні.

Возьмем стужку таго ж партала за апошнія тыдні. На жаль, як і раней, культурныя падзеі Беларусі з’яўляюцца на ім рэдка і... у меншым аб’ёме, чым хацелася б. А кожны ж мой дзень, як і ў многіх, пачынаецца з таго сайта! Такім чынам, за два тыдні ў раздзеле “Культура” было прадстаўлена 35 пастоў, з іх прысвечаных непасрэдна Беларусі — 23. Я не адносіў да “беларускіх” такія пасты, як “Памёр аўстралійскі акцёр Максіміліян Шэл” або “Абвешчаны пераможцы “Грэмі”...

Адкрыйце любы сайт і самі пераканайцеся ў гэтым. Жывучы ў Беларусі, мы адчуваем дэфіцыт у актуальнай і значнай інфармацыі пра культуру. Нонсэнс!